Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 25 лютага 2009 году


Апошнім часам у Менск зь візытамі ўсё часьцей наведваюцца высокапастаўленыя эўрапейскія чыноўнікі. Апазыцыйных палітыкаў пачалі запрашаць у розныя каляўладныя кансультатыўныя рады, а ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў амаль перасталі саджаць у турму паводле крымінальных абвінавачаньняў. Пра гэтыя ды іншыя праявы лібэралізацыі грамадзкага жыцьця ў Беларусі — значная частка нашай свабодаўскай пошты.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслала Аксана Астаповіч з Наваградку. Слухачка піша:

“Няўжо эўрапейцы такія легкадумныя і ня бачаць, што ў сапраўднасьці ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма? Проста Лукашэнку прыціснуў да сьцяны эканамічны крызіс — вось ён і выкручваецца, робіць выгляд, што гатоў на нейкія саступкі. А насамрэч яму патрэбны толькі грошы, каб утрымацца пры ўладзе. Як толькі Захад перастане даваць грошы — тут жа скончыцца ўся так званая “лібэралізацыя”. Апазыцыянэраў перастануць запрашаць у прэзыдэнцкую адміністрацыю, а вароты турмаў зноў шырока адчыняцца для новых палітвязьняў. Няўжо эўрапейскім лідэрам так цяжка было працягваць у дачыненьні да Беларусі ранейшую палітыку?”

Ранейшая палітыка на працягу многіх гадоў не прыносіла заўважнага плёну, спадарыня Астаповіч. Відавочна, таму ў Эўразьвязе і вырашылі апрабаваць новую тактыку. Несправядліва сьцьвярджаць, што яна зусім не прыносіць ніякага плёну. Беларускія палітыкі вызвалены з турмаў, “Народную Волю” і “Нашу Ніву” зноў можна набыць у газэтных шапіках, змаглі зарэгістравацца некаторыя грамадзкія арганізацыі... Вядома, улада вельмі хутка можа згарнуць усё гэта. Але і Эўразьвяз гэтак жа хутка здольны вярнуцца да сваёй ранейшай палітыкі.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў адклікнуўся на нядаўнюю гучную гісторыю, якая здарылася ў вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну, дзе мясцовыя жыхары ўчынілі самасуд над падпальшчыкам-рэцыдывістам. Прэзыдэнт Лукашэнка асабіста паспрыяў таму, каб “мсьціўцаў” да суду вызвалілі з турмы. Кастусь Сырэль з нагоды гэтага выпадку, пра які падрабязна паведамляла “Свабода”, распавядае гісторыю свайго калегі Івана. У яго таксама здарыўся канфлікт з хуліганамі, і таксама справа дайшла да міліцыі. А было так: Івана, мужчыну станоўчага і непітушчага, позна ўвечары спынілі на вуліцы двое нецьвярозых маладзёнаў. Запатрабавалі аддаць грошы, якія Іван толькі што атрымаў з банкамата. Што было далей? Цытую ліст:

“Ваня на выгляд не асілак — хударлявы, росту крыху вышэйшага за сярэдні. Але не баязьлівец — празь дзьве сэкунды адзін з гора-рабаўнікоў ляжаў на тратуары. Другі ня стаў чакаць разьвіцьця падзей і даў лататы.

Іван плюнуў, павярнуўся і пашыбаваў дамоў — трэба было зьбірацца на ранішні аўтобус. Але легчы спаць не давялося, бо ў дзьверы пастукалі. Гэта былі міліцыянты. Яны забралі Івана ў аддзел, дзе склалі на яго пратакол за хуліганства — зьбіцьцё маладога чалавека. Быў і сьведка, які пацьвердзіў гэты факт (вы здагадваецеся, хто). Іванавы апраўданьні не дапамаглі: міліцыянты парэкамэндавалі наступным разам, калі такое здарыцца, грошы аддаць рабаўнікам і зьвярнуцца ў міліцыю.

Такі выпадак у нас ва Ўшачах не адзінкавы. Калі “робін гудам” пашчасьціць з “кліентам”, то, акрамя маральных пакут, ім нічога не пагражае. А калі атрымаюць “па барадзе”, то зьвяртаюцца ў аддзел міліцыі. Міліцыянты затрымліваюць псэўда-бандыта і “хулігана” і даюць штраф.

Іван таксама заплаціў штраф. Дзьве базавыя велічыні. Гэта яму яшчэ пашчасьціла — маладафронтаўцам даюць у дзесяць разоў болей. А наш Ваня хоць маральнае задавальненьне атрымаў. За 70 тысяч… Дарэчы, адбылося гэта на адной з цэнтральных вуліц нашага мястэчка, мэтраў за 300—400 ад цэнтральнага скрыжаваньня, недалёка ад міліцыі. Падобных гісторый я мог бы ўзгадаць не адзін дзясятак. На вуліцах нашых гарадоў гаспадараць крымінальнікі і алкашы. Абароны ад іх з боку міліцыі — ніякай. Я ніколькі не апраўдваю тых людзей, што забілі вясковага падпальшчыка. Яны павінны адказаць перад судом і ў адпаведнасьці з законам. Але няхай нашая ўлада і той самы суд адкажуць: што нам усім рабіць, калі міліцыя бязьдзейнічае? Як бараніцца ад гэтай навалы?”


Гэтак жа разважаюць тысячы і тысячы людзей, якія штодня сутыкаюцца з падобнымі выпадкамі — з гвалтам, прыніжэньнямі, пагрозамі, на якія бескарысна скардзіцца ў міліцыю, бо (шматкроць праверана) — сабе даражэй. Таму ня дзіўна, што рашэньне Аляксандра Лукашэнкі, які заступіўся за пухавіцкіх мужчын, што ўчынілі самасуд, выклікала пераважна станоўчы розгалас у грамадзтве. Хоць насамрэч высновы з гэтай сытуацыі ўлада павінна была б зрабіць ня толькі гэтыя. Бо што ў рэальнасьці адбылося? Крымінальнік-рэцыдывіст гадамі трымае ў страху ўсю вёску, а людзі ня могуць знайсьці на яго ўправу. Любая заява ў міліцыю сканчалася для таго, хто паставіў пад ёй свой подпіс, новым зьбіцьцём, новымі прыніжэньнямі і пагрозамі. Дзе ў такім разе ўсе гэтыя гады быў участковы? Чым займаўся райаддзел міліцыі? Куды глядзелі старшыня сельсавету і ўся мясцовая “вэртыкаль” улады? На затрыманьне студэнта, які расклейвае ўлёткі, яны ў любы час сутак гатовы падняць па трывозе ледзь не батальён АМОНу, а рэцыдывіста-крымінальніка, які прыстаўляе нож да горла пэнсіянэркі, адпускаюць дахаты пасьля прафіляктычнай гутаркі.

Алесь Яцкевіч зь Віцебску спрабуе адказаць на пытаньне, чаму ў грамадзтве спакваля зьнікае традыцыя народнай песьні і танцу, самадзейнай творчасьці. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў часта можна было назіраць наступнае. Сенакос. Выходзяць мужчыны з хлопцамі касіць, жонкі і дзяўчаты разьбіваюць пракосы. Песьні гучаць цэлы дзень — ад ранку да вечара. І народныя, і тыя, што па радыё альбо на вечарынах...

У 60-я моладзь вельмі ахвотна ішла ў масавыя калектывы мастацкай самадзейнасьці. Чаму? Я лічу: узровень магчымасьцяў супадаў з узроўнем патрэбы.

Успамінаю леташнія “Дажынкі”. Канечне, размах вялікі, многа грошай сыпалася. Канечне, шмат артыстаў рознага гатунку. Але людзей, якія б самі сьвяткавалі, якія б сьпявалі і танцавалі без прымусу, ня бачыў. Дзе-нідзе прыпыняцца некалькі чалавек... Але галоўным чынам толькі п’юць і ядуць.

На мой погляд, сёньня тыя народы, якія захавалі свой твар, невыпадкова імкнуцца ў Эўропу. Бо там такім усім ёсьць месца.

А мы навучыліся толькі піць і закусваць. Ды яшчэ паліць. Асабліва моладзь. Ніякая міліцыя, ніякі КДБ нічога ня вырашыць, калі адраджэньне культуры, песьні, мовы ня стане дзяржаўнай палітыкай на самым высокім узроўні. Ці ж стала б горш, калі б чалавек меў патрэбу ня толькі выпіць і закусіць, але і патанчыць, і пасьпяваць, і стварыць штосьці цудоўнае... Няхай хоць бы дзеля сябе, вакол сябе”.


Цяжка параўноўваць сёньняшнюю беларускую вёску з той, што была ў сярэдзіне 50-х гадоў. Няма там ня толькі песьні і танцу — няма дзяцей, няма моладзі, а значыць, і будучыні ў большасьці колішніх вёсак таксама няма.

Але пры ўсёй слушнасьці вашых, спадар Яцкевіч, назіраньняў і высноў абагульняць усё ж ня варта. Нараканьні людзей сталага веку на моладзь — звыклая зьява ў любую эпоху. Думаю, гэтак жа ўшчувалі хлопцаў і дзяўчат, седзячы на прызбах, бабулькі і ў тыя 50-я гады, якія вы цяпер ідэалізуеце. Тое ж і сёньня: моладзь розная.

Адны жлукцяць піва ў пад’ездах, а другія наладжваюць фэсты самадзейнай песьні альбо адраджаюць старадаўнія народныя абрады...

Наш слухач Уладзімер Рачок зь Менску ў сваім лісьце на “Свабоду” робіць некалькі заўваг адносна сёньняшняй беларускай апазыцыі. Ён, у прыватнасьці, піша:

“Лічу, што сапраўднай дзейснай апазыцыі ў нас няма. Дзеля таго каб яна была, патрэбна пэўная пазыцыя, ясная і дакладная праграма. А якраз гэтага і няма. Так што нашых апазыцыянэраў я б называў вальнадумцамі — гэтак лепш гучыць. А самым удалым варыянтам для выхаду з крызісу лічу прапанову маладога палітыка Севярынца, які вылучыў такі лёзунг: “Грамадзтву не патрэбны куміры, з намі Бог!”.

На гэтую тэму, спадар Рачок, ёсьць і іншыя трапныя выслоўі. Напрыклад — такое, народнае: “На Бога спадзявайся, але і сам старайся!”

І яшчэ адзін кароткі ліст. Яго аўтар, Уладзімер Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпецкага раёну, разважае пра тое, як у грамадзтве пераацэньваецца роля некаторых гістарычных асобаў. Слухач піша:

“Па расейскіх тэлеканалах услаўляюць Леніна, Сталіна, Суворава ды іншых. Забылі хіба толькі Мураўёва-вешальніка. Чаму так адбываецца? Бо вядзецца новае адурманьваньне народу, толькі цяпер ужо пад шыльдай “Адзінай Расеі”. А сутнасьць усё тая ж — імпэрская, шавіністычная, як і ў сталіністаў.

Нядаўна гартаў стары часопіс “Новае слова” за 1912 год. Натрапіў на наступны афарызм Генрыка Ібсэна: “Самы небясьпечны вораг для ісьціны і для свабоды — гэта згуртаваная большасьць”. Вось пра што мы павінны сёньня памятаць, і асабліва — моладзь”
.

Дзякуй, спадар Грыневіч, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG