Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму замінае гомельская “Талака”?


Гомельская абласная ўправа юстыцыі вынесла папярэджаньне маладзёвай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі “Талака”, якая існуе ў рэгіёне звыш дзесяці гадоў.

У загадзе начальніка ўправы Віталя Макарэвіча сказана, што пісьмовае папярэджаньне вынесена за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі на сваім сайце і ў абвестках, якія грамадзкая арганізацыя распаўсюджвала ў абласным цэнтры. Праўда, дакладна ня гаворыцца, якая менавіта гэтая сымболіка.

Гаворыць кіраўніца гомельскай “Талакі” Ларыса Шчыракова:

“Яны палічылі малюнак, які насамрэч зьяўляецца скарочанай абрэвіятурай двух словаў на лацініцы “Гомельская “Талака” – “H” і “T”. Скарачэньне гэтых літараў яны палічылі нашай сымболікай і за гэта вынесьлі нам пісьмовае папярэджаньне”.

Як мяркуе спадарыня Шчыракова, парэджаньне хутчэй за ўсё зьвязанае з падвышэньнем актыўнасьці грамадзкай арганізацыі:

“Талака” апошнім часам вельмі актыўна сябе паводзіць. Кожны месяц мы ладзім адну-дзьве культурніцкія сустрэчы з пісьменьнікамі, паэтамі, увогуле з творчымі людзьмі, якія, можна сказаць, знаходзяцца пад афіцыйнай забаронай. Апошні год, напрыклад, да нас прыязджаў часопіс “Аrche” зь ягоным рэдактарам Валеркам Булгакавым. Прыязджала “Наша Ніва”, прыязджаў гісторык і літаратар Уладзімер Арлоў, якога таксама нікуды не пускаюць, і шэраг іншых. Гэта проста ціск, спроба запалохаць нашу арганізацыю ў сувязі зь яе актыўнасьцю”.

Мясцовыя ўлады сёлета наогул занялі даволі жорсткую пазыцыю да любых праяў грамадзкай актыўнасьці. Гэта, у прыватнасьці, паказала нядаўняя культурніцкая акцыя ў абарону беларускай мовы, зладжаная маладымі гамельчукамі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы.

Адзін удзельнік акцыі пакараны Цэнтральным судом 7 суткаму арышту. Яшчэ пяцёра гараджанаў аштрафаваныя буйнымі штрафамі, у тым ліку й двое сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія асьвятлялі вулічную акцыю.

Характэрна, што судзьдзя Дамненка нават адхіляла хадайніцтвы абвінавачаных весьці разбор справаў на беларускай мове.
І органы юстыцыі ніяк не рэагуюць на падобную моўную дыскрымінацыю беларускіх грамадзянаў. Сымболіку бачаць, а дыскрымінацыю – не.

Мекаваньне ў гэтай сувязі прадстаўніка ў рэгіёне Беларускага Хэльсінскага камітэту спадара Яўсеенкі:

“Існаваньне й месца беларускай мовы ў нашай дзяржаве відавочна й бачна па тым, як ставяцца да яе ва ўстановах правасудзьдзя”.
Аштрафаваны на 700 тысяч рублёў сябра БАЖ Зьміцер Кармазін, які асьвятлаў вулічную акцыю, наогул у недаўменьні: чаму гэта дэмакратычныя ініцыятывы “зьнізу” здушаюцца ўладамі з імпэтам, вартым лепшага прымяненьня:

“Я ў некаторай ступені як журналіст назіраў за гэтай акцыяй. Я падтрымліваў гэтых людзей. У іх добрыя думкі, добрае стаўленьне, добрыя намеры. Яны не рабілі нічога супрацьдзейнага.

Яны сабраліся ля скверу, узялі гэтыя аркушы паперы з надпісам “Родная мова - Запрещено”. Узялі кветкі і рушылі да помніку беларускаму асьветніку Кірылу Тураўскаму. Што ў гэтым кепскага?!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG