Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Залескі: “Зарплата зьніжаецца адносна цэнаў”


У Беларусі намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў студзені 2009 году паменшылася ў параўнаньні са студзенем мінулага года на 8,1%, рэальная зарплата (разьлічаная з улікам росту спажывецкіх цэнаў) зьменшылася больш чым на 11%. Такія дадзеныя прывёў Нацыянальны статыстычны камітэт. Ці спраўдзяцца абяцаньні кіраўніка дзяржавы давесьці сярэднія заробкі ў 2010 годзе да 700 даляраў?

У параўнаньні са сьнежнем, калі сярэдні заробак быў 1 мільён 187 рублёў пры курсе даляру 2200, у студзені сярэдняя заработная плата зьнізілася на 118 даляраў (919637 рублёў пры курсе даляра 2722 рубля на канец месяца). Нават афіцыйная статыстыка канстатуе даволі істотнае падзеньне налічанай заработнай платы. Але насамрэч рэальныя заробкі зьнізіліся значна істотней, чым 11%, якія зафіксаваў Белстат, тлумачыць эканаміст Міхал Залескі:

“Ёсьць адносна даляра зьмяншэньне зарплаты – таму што даляр у нас выступае як сродак назапашваньня, як скарб. Складвае ў бялізну, недзе хавае даляры бабуля – на пахаваньне. А ёсьць яшчэ зьмяншэньне зарплаты адносна цэнаў. У нас зараз мала гавораць пра інфляцыю. Выводзіцца агульная лічба інфляцыі, то бок росту цэн, даволі невялікая адносна гэтых часоў. Але ж трэба паглядзець, што падаражала: камунальныя плацяжы на 20%, харчовыя прадукты, лекі – і вось гэта моцна ўдарыла па пакупніцкай здольнасьці заработнай платы значнай часткі людзей”.

Аляксандар Лукашэнка
абяцаў, што сярэдні заробак у 2010 годзе дасягне 700 даляраў. Літаральна 20 лютага віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка заявіў, што да канца 2009 года сярэдні заробак беларусаў павінен павялічыцца на 5% у даляравым эквіваленце. Гэта азначае – да 477 даляраў.

Эканаміст Леанід Заіка наконт будучыні дае несуцяшальны прагноз:

“Заявы пра заробкі ў 700 даляраў да 2010 году, да 1200 даляраў да 2012 года ў Менску былі зробленыя ў пэрыяд, так бы мовіць, самаўпаеньня, да ўваходжаньня ў крызіс. Таму яны абсалютна невыканальныя. Больш за тое, каб людзі разумелі, што будзе адбывацца, я назаву лічбу: зьніжэньне ўзроўню жыцьця на 30%”. І гэта будзе да 2012 года”.

Зараз самыя высокія заробкі ў будаўніцтве – 1 мільён 160 тысяч рублёў, і фінансавым сэктары. Самыя малыя – у сельскай гаспадарцы (573 тысячы) і ў сфэры дашкольнага выхаваньня. Эканаміст Леанід Заіка прааналізаваў, як разьмяркоўваюцца заробкі па галінах і прыйшоў да высновы:

“Самыя высокія заробкі ў Камітэце стандартызацыі і мэтралёгіі, як ні парадаксальна. На сёньняшні дзень сярэднегадзінная аплата працы настаўніка роўная сярэднегадзіннай аплаце працаўнікоў абутковай прамысловасьці. То бок настаўнікі нашы прыкладна як шаўцы. Што тычыцца заработнай платы, яе сярэдніх памераў і разьмеркаваньня па сэктарах, тут неабходна навесьці элемэнтарны парадак”.

Белстат спрабуе і суцешыць беларусаў: падзеньне іх заробкаў сувымернае з падзеньнем заробкаў у Расеі і Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG