Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа і апазыцыя: што і каму рабіць?


Чаму Хавіер Саляна прыяжджаў у Менск? У якой ступені апазыцыя зможа ўдзельнічаць у дыялёгу паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам? Як незалежнае грамадзтвам можа і павінна адказваць на выклік нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і аб’яднанай Эўропай?

Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць філёзаф Валянцін Акудовіч, шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і палітоляг Юры Чавусаў.

Дракахруст
: Як пажартаваў нехта, на мінулым тыдні Менск, а не Брусэль стаў сталіцай Эўропы. Прэм’ер-міністар Латвіі Іварс Годманіс, дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і нарэшце вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і пытаньнях бясьпекі Хавіер Саляна. Так бы мовіць, “усе сьцягі да нас у госьці”. Варта адзначыць, што ўсё гэта адбываецца на фоне, скажам так, ня надта лібэральных крокаў афіцыйнага Менску – я маю на ўвазе жорсткі разгон апазыцыйных акцыяў 14 і 16 лютага, а таксама справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў – былых палітвязьняў, якія, на погляд некаторых, ізноў робяцца палітвязьнямі.

А эўрапейцы ўсё роўна едуць, нібыта не зважаючы на папярэджаньні, што ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма і Лукашэнка ўсё роўна ўсіх падмане.

А чаму? І наколькі, на ваш погляд, гэта добра для Беларусі? Сьвятлана, вы былі на прэсавай канфэрэнцыі спадара Саляны пасьля яго сустрэчаў у Менску. Якія вашыя адказы на гэтыя пытаньні?
Х.Саляна: “Надышоў час прымаць рашэньне, якімі будуць далейшыя стасункі між Эўразьвязам і Беларусьсю”...


Калінкіна: Я задавала вашае першае пытаньне Хавіеру Саляну, і ён адказаў проста: “Надышоў час прымаць рашэньне аб тым, якімі будуць далейшыя стасункі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю”.

2009 год – вельмі важны для Эўразьвязу, гэта год прыняцьця праграмы Ўсходняга партнэрства, і да сёньняшняга дня ня вызначана, ці будзе Беларусь у ёй удзельнічаць. Я мяркую, што такая колькасьць дэлегацыяў рознага ўзроўню, з розным статусам, зьвязана з тым, што ў Эўропе ня ведаюць, што рабіць зь беларускім пытаньнем. З аднаго боку, падыходзяць тэрміны, калі адносна Ўсходняга партнэрства і адносна санкцыяў пытаньні нейкім чынам павінны вырашацца, але няма адназначных падыходаў, як іх вырашаць. Ёсьць розныя меркаваньні на гэты конт, ёсьць розныя ацэнкі, ідуць спрэчкі. Менск ня даў адназначнага сыгналу Эўропе. У тым, што прадстаўнікі Эўразьвязу езьдзяць да нас, што Менск увайшоў у мапу маршрутаў эўрапейскіх чыноўнікаў, я нічога кепскага ня бачу. Гэта шанец для Беларусі. Эўропа дае нам такі шанец, і толькі ад беларускага кіраўніцтва цяпер залежыць, ці выкарыстае яно гэты шанец.

Дракахруст: Сьвятлана, але некаторыя лічаць, што гэта ня тое што шанец, а гэта карт-блянш беларускаму кіраўніцтву на тое, каб рабіць усё, што заманецца, у тым ліку і ў галіне правоў чалавека. Вось разагналі маніфэстацыі, а ў адказ на гэта прыяжджае са шчырай усьмешкай спадар Саляна. Дык, значыць, і далей можна дзейнічаць у тым самым стылі?

Калінкіна
: Хавіер Саляна нам адказаў і на гэтае пытаньне таксама. Ён адзначыў, што ўсё, што ён думае на гэты конт, ён сказаў Аляксандру Лукашэнку, і паколькі гэта была канфідэнцыйная размова, ён ня будзе яе пераказваць журналістам. Ён запэўніў нас, што ў сакавіку будзе вельмі важная сустрэча паміж “тройкай” Эўразьвязу і Беларусьсю, дзе пытаньне менавіта правоў чалавека будзе абмяркоўвацца вельмі сур’ёзна, і ня трэба думаць, што толькі эканамічныя пытаньні сёньня цікавяць Эўразьвяз у перамовах зь Беларусьсю. Я спадзяюся, што гэта так.

Пакуль я не магу сказаць, што беларускаму кіраўніцтву дадзены карт-блянш, пакуль рашэньне не
Пакуль я не магу сказаць, што беларускаму кіраўніцтву дадзены карт-блянш...
прынятае. І сапраўды гэта цяжкое рашэньне, бо, з аднаго боку, сапраўды нельга заахвочваць і даваць такі карт-блянш, заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца, але, з другога боку, нельга і пазбаўляць беларусаў шанцу вярнуцца ў лік цывілізаваных краінаў.

Дракахруст: Юры Чавусаў, а як вы ацэньваеце гэтае ў пэўным сэнсе “хаджэньне эўрапейцаў у Каносу”, якое мы назіралі на мінулым тыдні? Так атрымалася, што яно адбывалася на фоне, мякка кажучы, нелібэральных крокаў беларускіх уладаў. Лукашэнка некалькі разоў казаў, што беларускі бок колькі гадоў дамагаўся дыялёгу з Эўропай на сваіх умовах і дамогся менавіта гэтага. Так і атрымалася?

Чавусаў
: Па-першае, мы назіраем, што лібэралізацыя робіцца ў беларускай палітычнай рыторыцы важным шаблённым словам, якім бакі пазначаюць розныя рэчы. Сапраўды, у сэнсе грамадзянскіх свабодаў усё пакуль што абмяжоўваецца ўсяго толькі рыторыкай, але ў той жа час у шапіках “Саюздруку” мы можам пабачыць “Нашу ніву” і “Народную волю”, зарэгістраваны “Рух “За свабоду”, тыя захады па абмежаваньні свабоды інтэрнэту, якіх асьцерагаліся ў адпаведнасьці з новым законам аб СМІ, пакуль не ўжытыя. Беларускі бок, пры ўсім нежаданьні аслабляць гайкі, дэманструе, што калі ўжо нейкае пытаньне для эўрапейцаў вельмі прынцыповае, то пунктава, у індывідуальным парадку мы можам нешта і зрабіць.

Індывідуальныя, каньюнктурныя палітычныя рашэньні зь беларускага боку дапушчальныя. Менавіта
Для беларускага народу лепш, каб у Беларусь ляталі ня толькі Пуцін і Мядзьведзеў, але і госьці зь іншых геапалітычных цэнтраў...
дзякуючы гэтаму падыходу на свабодзе цяпер апынуліся асобы, якія раней былі палітычнымі вязьнямі. Але сыстэмных рэчаў, накшталт зьменаў у заканадаўстве, пакуль няма, у тым ліку няма зьменаў і ў Выбарчы кодэкс, што называецца як адна з прынцыповых рэчаў. Але працэс пачаўся, і гэта ўжо задавальняе эўрапейцаў. Ці прывядзе ён да кардынальных зьменаў, пакуль невядома. Што да лібэралізацыі, то мы назіраем частковае аслабленьне рэпрэсіяў, аслабленьне непасьлядоўнае, але незаангажаваны назіральнік мусіць адзначыць, што рэпрэсіі сталі менш інтэнсіўныя. Лібэралізацыя перш за ўсё ідзе ў эканамічнай сфэры, і ня трэба ўспрымаць гэта як нешта адназначна добрае для беларускага грамадзтва, таму што лібэралізацыя – гэта падвышэньне цэнаў, інфляцыя, дэвальвацыя, звальненьне з працоўных месцаў.

Вяртаючыся да вашага пытаньня, ці добрае для Беларусі такое “нашэсьце” эўрапейскіх пасланцоў, якое мы назіралі на мінулым тыдні, я мяркую, што для беларускага народу лепш, каб у Беларусь ляталі ня толькі Пуцін і Мядзьведзеў, але і госьці зь іншых геапалітычных цэнтраў. Любое наладжваньне сувязяў зь Беларусьсю дае магчымасьць уплываць на беларускі бок. У свой час Ельцын мог сказаць: “Хай ён спачатку Шарамета адпусьціць”, – і гэта было выканана. Зараз і Хавіер Саляна зможа са свайго боку тэлефоннага дроту папрасіць аб некіх пунктавых кроках. А ці выліюцца гэтыя пунктавыя крокі ў сыстэмныя зьмены – гэта залежыць ад многіх фактараў, ня толькі ад Эўропы.

Дракахруст: Валянцін Акудовіч, цяпер беларускі інтэрнэт поўны праклёнаў на адрас спадара Саляны, які здрадзіў самаму дарагому, што ёсьць у аўтараў гэтых допісаў. У прыватнасьці, міжнародны каардынатар “Хартыі’97” Андрэй Саньнікаў параўнаў візыт Саляны ў Менск з сумнаслаўным візытам Чэмбэрлена ў Мюнхэн, дзе ён фактычна аддаў Гітлеру Чэхаславаччыну. Дык гэта добра ці кепска для Беларусі, калі ў некага аналёгіі нават зь Мюнхэнам напрошваюцца?

Акудовіч: Колькі год палітыкі, палітолягі і сам Аляксандар Лукашэнка як мантру бясконца паўтаралі: “Мы Эўропе не патрэбныя”. Сёньня
Калі такое здарыцца, гэта будзе падзея, амаль роўнавялікая паўставаньню незалежнай Беларусі...
добра відаць уся аблуднасьць гэтай тэзы. За ёй хавалася іншае – нам Эўропа не патрэбная. А як толькі гэтая патрэба ў беларускіх уладаў выявілася, дык адразу радыкальна ўсё перайначылася. Мяне мала турбуе матывацыя, якая прымусіла беларускі рэжым рабіць крокі на Захад. Для мяне істотны сам факт.

У сваёй прамінулай гісторыі Беларусь толькі двойчы спрабавала вярнуцца на сваю гістарычную радзіму – у Эўропу. Першы раз гэта было ў пару БНР, другі – за Шушкевічам. Тады нічога не атрымалася. І вось трэцяя спроба. Яе робіць той, ад каго гэтага па азначэньні нельга было чакаць. Але якраз у яго гэта можа атрымацца. Толькі б не сурочыць. Бо і ў выпадку з БНР, і ў выпадку з Шушкевічам, хай ня так відавочна, вяртаньне ў Эўропу зьвязвалася з адсланеньнем ад Расеі. А Лукашэнка па самой сутнасьці сваёй прыроды ня здольны ўявіць сябе і Беларусі без Расеі. І вось гэтае прасоўваньне ў Эўропу, не пакідаючы Расеі, і можа забясьпечыць посьпех. Натуральна, зрабіць гэта будзе вельмі і вельмі няпроста, бо шмат каму і ўнутры краіны, і за яе межамі гэта, далікатна кажучы, не падабаецца. Дый сам Лукашэнка, здаецца, пакуль не зусім упэўнены, што правільна робіць. Але калі такое здарыцца, дык гэта будзе падзея, амаль роўнавялікая паўставаньню незалежнай Беларусі. Бо краіна, якая знаходзіцца не на сваім месцы, а без Эўропы мы заўсёды будзем не на сваім месцы, ня мае ўцямнай будучыні.

Дракахруст: Валянцін, вы ўжываеце прыгожы вобраз вяртаньня ў Эўропу, вяртаньня на сваю гістарычную радзіму. Але так выглядае, што размова ідзе ўсяго толькі аб усталяваньні з Эўропай такіх адносінаў, якія маюць зь ёй, напрыклад, Азэрбайджан, Казахстан, нават тая ж Расея. Усё, да чаго цяпер імкнецца Беларусь – дачыненьні з Эўропай, пагадненьні з Эўропай – ёсьць амаль ува ўсіх, толькі ў Беларусі іх няма. Дык ці можна назваць гэта вяртаньнем у Эўропу? Азэрбайджан ні ў якую Эўропу не вяртаецца, хаця, дарэчы, ён прысутнічае ў Радзе Эўропы, а Беларусь – не.

Акудовіч: Для мяне размова бясспрэчна ідзе пра вяртаньне. Бо ўсё, што робіцца ў гэтым кірунку, як бы гэта ні выглядала лякальна,
“Вяртаньне ў Эўропу” – гэта, зразумела, мэтафара, але гэта сутнасная мэтафара ...
выпадкова, несыстэмна, – усё гэта працуе на тую звышзадачу, якую Беларусь і яе грамадзтва павінны раней ці пазьней для сябе вырашыць. “Вяртаньне ў Эўропу” – гэта, зразумела, мэтафара, але гэта сутнасная мэтафара.

Дракахруст: Юры, а на ваш погляд, наколькі сутнасная гэтая мэтафара? Я зьвярнуў бы ўвагу на тое, што беларускі бок вельмі прагматычна ставіцца да гэтага “вяртаньня” – у двукосьсі ці без двукосься. Была вельмі паказальнай сытуацыя з дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая казала: “Мы гатовыя вярнуць вам статус адмыслова запрошанай краіны ў РЭ, але давайце прыдумаем, як бы ўключыць у беларускую парлямэнцкую дэлегацыю да нас прадстаўнікоў апазыцыі”. Іншымі словамі, прадстаўнікі Эўропы самі прапаноўваюць, як абысьці іх правілы. А спадар Мартынаў кажа, маўляў, а навошта нам гэтыя хітрыкі, парлямэнцкая дэлегацыя – гэта парлямэнцкая дэлегацыя, і ня надта нам у вашую Раду Эўропы і хацелася. Гэта сьведчыць пра вяртаньне ў Эўропу?

Чавусаў: Я скептычна стаўлюся да тэзы пра вяртаньне ў Эўропу. Найперш трэба вызначыць, што такое Эўропа і куды мы вяртаемся: ці
Найперш трэба вызначыць, што такое Эўропа і куды мы вяртаемся...
то ў Раду Эўропы з Азэрбайджанам і з адпаведным да яго стаўленьнем, ці то ў эўрапейскую эканамічную прастору. Вы вельмі трапна адзначылі тое разыходжаньне ў паняцьцях, якое ў гэтым дыялёгу, у прыватнасьці з Радай Эўропы, мы заўважаем.

Сапраўды, беларускі бок абвясьціў, што Беларусь у пэўнай пэрспэктыве ставіць за мэту ўступленьне ў Раду Эўропы. Але цяперашнія спрэчкі наконт таго, як фармаваць беларускую дэлегацыю ў ПАРЭ, – гэта спрэчкі ўсяго толькі пра статус адмыслова запрошанай краіны ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Гэта зусім не азначае далучэньня Беларусі, скажам, да юрысдыкцыі Страсбурскага суду ці да Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека. Статус адмыслова запрошанай краіны не прадугледжвае падпісаньня статуту Рады Эўропы.

Дракахруст: Сьвятлана, а як вы ставіцеся да тэзы Валянціна аб вяртаньні ў Эўропу? Здаецца, Беларусь пакуль хоча такіх самых адносінаў, якія мае, скажам, Расея. Але можа і сапраўды быць так, што хацелі аднаго, а потым атрымалася іншае. Калі паглядзець, як расейскі друк асьвятляе гэты візыт Саляны ў Менск, то там даволі адчувальны тон перасьцярогаў. Расейскія публіцысты і аналітыкі так і малююць сцэнар, які іх палохае: маўляў, сёньня, можа, адно толькі нармалізацыя ў Беларусі з Эўропай, а заўтра, можа, і натаўскія танкі пад Смаленскам.

Калінкіна: Напэўна, сёньня немагчыма сказаць, якім будзе апошні прыпынак у гэтым кірунку. Нават тыя, хто быў ідэолягамі праграмы
Калі Эўропа будзе бачыць у Беларусі толькі адну сілу, зь якой трэба весьці перамовы, – дзейную ўладу, то мне здаецца, што ўсе гэтыя спробы будуць безвыніковыя...
Ўсходняга партнэрства, па-рознаму акрэсьліваюць яе мэты. Адны кажуць, што тыя краіны, якія будуць пасьпяхова ўдзельнічаць у праграме, стануць кандыдатамі на ўступленьне ў Эўразьвяз, іншыя кажуць, што такія мэты не прадугледжаныя. Я ўсё ж згодная са спадаром Акудовічам, што беларускія кіраўнікі, ад якіх гэтага не чакалі, усё ж такі вымушаныя пераймаць эўрапейскую рыторыку, яны адчуваюць, што ня могуць быць тупіком на эўрапейскім шляху.

Ува ўсіх гэтых перамовах і ўва ўсім, што цяпер адбываецца, ёсьць прынцыповыя моманты. У нас ёсьць абраны прэзыдэнт, у нас ёсьць абрана-прызначаны парлямэнт. Але ня толькі яны складаюць беларускую дзяржаву і беларускую грамадзкую думку.

Я б не пагадзілася зь Юр’ем Чавусавым, што ня вельмі важна, як будзе фармавацца дэлегацыя ў ПАРЭ. Мне здаецца, што гэта і ёсьць той прынцыповы момант, з-за якога можа не адбыцца трэцяя спроба “братаньня” Беларусі з аб’яднанай Эўропай. Калі Эўропа будзе бачыць у Беларусі, як раней бачыла Масква, толькі адну сілу, зь якой трэба весьці перамовы, – дзейную ўладу, то мне здаецца, што ўсе гэтыя спробы будуць безвыніковыя. Мне здаецца прынцыповым, каб там былі прадстаўленыя розныя бакі, і толькі гэта можа даць плён.

Дракахруст: Хавіер Саляна перад тым, як сустрэцца з Мартынавым і Лукашэнкам, пагутарыў з прадстаўнікамі незалежнага грамадзтва, у тым ліку з палітыкамі Мілінкевічам і Казуліным. Лукашэнка двойчы – у Магілёве і падчас сустрэчы з Салянам – казаў пра тое, што для беларускай улады непрымальны які б там ні быў удзел апазыцыі ў перамовах беларускай улады з Эўропай. Юры, на ваш погляд, у якой ступені апазыцыя ці, шырэй, незалежнае грамадзтва здольныя хай сабе ўскосна, праз аб’яднаную Эўропу, удзельнічаць у гэтым дыялёгу Брусэлю і Менску?

Чавусаў: Дыялёг Эўропы зь Беларусьсю ідзе ўжо даволі доўга. Упершыню пра гэта сталі публічна гаварыць беларускія палітыкі і
Цяпер прынцыповым пунктам беларуска-эўрапейскага дыялёгу зьяўляецца не яго зьмест, а яго публічнасьць...
эўрапейскія чыноўнікі пры канцы 2006 году. І гэты досьвед падказвае адказ на вашае, Юры, пытаньне: удзельнічаць у гэтым дыялёгу апазыцыя няздольная, але яна здольная на яго ўплываць. Можна назваць гэта ўскосным удзелам – згодна з вашай фармулёўкай.

Апазыцыя і грамадзянская супольнасьць можа ўплываць на гэты дыялёг праз фармаваньне яго парадку дня. Мы памятаем, што першая хваля вызваленьня палітвязьняў суправаджалася кансультацыямі беларускіх уладаў з праваабаронцамі – скажыце, каго там “Міжнародная амністыя” абвясьціла палітычнымі вязьнямі, мы іх павінны тэрмінова выпусьціць. Гэты ўплыў у сваёй сутнасьці другасны. Цяпер абвешчаны шасьцімесячны выпрабавальны тэрмін, калі прыпыненыя эўрапейскія санкцыі. Апазыцыя здольная эфэктыўна працаваць з такімі структурамі, як Эўрапарлямэнт. У апошнюю, прамежкавую рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, якая была прынятая падчас гэтага шасьцімесячнага прамежкавага тэрміну, увайшло шмат актуальных падзеяў беларускага жыцьця: крымінальны перасьлед студэнтаў, якія з палітычных матываў выехалі за мяжу, нерэгістрацыя праваабарончага цэнтру “Вясна”, пытаньне рэлігійных свабодаў. Гэта новыя, надзённыя пытаньні. Але ўплываць на тыя бюракратычныя структуры, якія сапраўды вызначаюць палітыку Эўразьвязу, значна больш складана. Уплыў тут ідзе не на зьмест угоды паміж Эўропай і Беларусьсю, а на некаторыя ўмовы гэтай угоды. То бок сам дыялёг – гэта тое, на што апазыцыя паўплываць ня зможа пры ўсіх сваіх намаганьнях.

У тых умовах, якія склаліся сёньня, шараговы экспэрт, прадстаўнік невялічкай арганізацыі, і кіраўнік апазыцыйнай партыі ці палітык нацыянальнага маштабу знаходзяцца ў аднолькавым статусе: іх аднолькава чуюць у Брусэлі, як усяго толькі экспэртаў па Беларусі. Падсумоўваючы, я б сказаў, што цяпер прынцыповым пунктам беларуска-эўрапейскага дыялёгу зьяўляецца не яго зьмест, а яго публічнасьць. Ня трэба хаваць яго ў таямніцы. Сьвятлана згадвала фармулёўкі Саляны: “Я сказаў тое, што павінна быць сказана”. Публічнасьць – гэта тое, што можа быць гарантыяй таго, што гэты дыялёг ня будзе на шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Публічнасьць – рэч больш важная, чым чарговы ўдзел апазыцыйных палітыкаў у сустрэчах з эўрапейскімі палітыкамі.

Дракахруст: Валянцін, Сьвятлана сказала, што добра было б, калі б Эўропа бачыла іншыя сілы ў Беларусі, акрамя ўлады. Але ці не атрымліваецца, што калі сапраўды пачаўся дыялёг, а ня так, як было раней, як быў адно абмен рэзкімі заявамі і контразаявамі, то ўдзел тых ці іншых суб'ектаў у гэтай размове сапраўды прапарцыйны менавіта іх сіле, а не, скажам, інтэлектуальнай моцы ці высакароднасьці. А паколькі сілы няроўныя, то і ўдзел адпаведны.

Акудовіч: Пакуль наша апазыцыя мне нагадвае дзяцей, якія блытаюцца пад нагамі дарослых дзядзькоў, я маю на ўвазе беларускую ўладу і
На жаль за доўгія гады супраціву рэжыму нашая палітычная апазыцыя развучылася мысьліць палітычнымі катэгорыямі, а тым больш – геапалітычнымі ...
ўладу Эўразьвязу, якія сабраліся рабіць дарослую справу. А апазыцыя круціцца ў іх пад нагамі і канькае, каб дзядзькі зьвярнулі на іх увагу. Я ня ведаю, якім чынам апазыцыя можа рабіць нешта на карысьць распачатага дыялёгу Беларусі з Эўропай. Але пакуль усё, што яна робіць, за выключэньнем хіба Мілінкевіча, яна робіць на шкоду гэтаму дыялёгу.

На жаль, за доўгія гады супраціву рэжыму нашая палітычная апазыцыя развучылася мысьліць палітычнымі катэгорыямі, а тым больш – геапалітычнымі. Яна думае пра што заўгодна: пра палітвязьняў, правы чалавека, свабоду слова, ўрэшце – пра сябе любімую, але толькі не пра Беларусь як пра палітычнае цэлае. Было б недарэчна адмаўляць надзвычай актуальную для нас праблему дэмакратызацыі ўсіх палітычных і сацыяльных інстытутаў. Але ставіць гэтыя праблемы ўпоперак працэсу, які, магчыма, падрыхтуе канцэптуальны геапалітычны зрух краіны – гэта азначае быць кім заўгодна, але не палітыкам. Бо калі нашая апазыцыя зьвязвае глябальную палітычную праблему – быць ці ня быць Беларусі ў Эўропе – з разгонам уладамі якога-небудзь чарговага несанкцыянаванага мерапрыемства, дык яна як палітычны інстытут вартая адно жалю.

Вядомыя 12 умоваў неўпрыкмет ператварыліся ў своеасаблівую Бэрлінскую сьцяну, якая моцна прыпыніла дыялёг з Эўропай. Цяпер, калі ў гэтай сьцяне зьявіліся ладныя расколіны, празь якія можна пралезьці на той і гэты бок, апазыцыя ня можа прыдумаць нічога лепшага, як трымацца за тое, што яшчэ засталося.

Праблемы правоў чалавека, свабоды слова, дэмакратызацыі краіны – усё гэта надзвычай істотна, і за ўсё гэта трэба змагацца, бо само сабой тут нічога ня вырашыцца. Але ўвязваць усе гэтыя праблемы ў адзін суплёт з канцэптуальнай праблемай улучэньня Беларусі ў Эўропу – гэта, як мінімум, палітычна неабачліва. А ўжо ставіць гэты лёсавызначальны для Беларусі працэс у залежнасьць ад вырашэньня нейкіх канкрэтных праваабарончых сытуацыяў... Тут я пастаўлю шматкроп’е, бо на язык просіцца адно кепскае слова.

Дракахруст: Сьвятлана, як бачыце, такі чысты філёзаф, як Валянцін, выдаў такі брутальны палітычны аналіз, які гучыць пахавальным звонам па апазыцыі. Ці згодны вы зь ім?

Калінкіна: У сапраўднасьці я бачу сур’ёзны ўплыў незалежнага сэктару на тое, што сёньня адбываецца. Прынамсі тыя пытаньні, якія
Цяпер ня той пэрыяд, калі трэба хацець усяго і адразу...
вынесеныя на абмеркаваньне як першачарговыя, – гэта ўсе тыя пытаньні, якія ставіліся апазыцыйнымі, дэмакратычнымі сіламі, грамадзкімі арганізацыямі. Я бачу непасьлядоўнасьць асобных палітыкаў і нават асобных структураў нашага дэмакратычнага сэктару. Напрыклад, мне зусім незразумелыя паводзіны таго ж Андрэя Саньнікава і “Хартыі’97”, якая зусім нядаўна дапамагала Аляксандру Мілінкевічу рыхтаваць лісты да ўлады, дзе ён падаваў руку дапамогі Аляксандру Лукашэнку. А цяпер, калі гэта адбылося, калі кантакты пачаліся, той жа Саньнікаў і тая ж “Хартыя” аж заходзяцца ад нянавісьці. Як і Валянцін Акудовіч, я тут бачу клопат ня столькі пра краіну і пра яе будучыню, колькі пра сябе як палітычную адзінку. Але давайце памятаць, што Саньнікаў, я, вы, Юры, Юры Чавусаў – гэта адзінкі. Мы жывем у пэрыяд, які сапраўды можа стаць для Беларусі вельмі важным і вызначальным.

Мне таксама вельмі шмат не падабаецца з таго, што адбываецца ў нас у Беларусі. Мне не падабаецца, як цяпер пачалося абмеркаваньне таго самага выбарчага заканадаўства. Але гэта вынік менавіта нашага ўплыву, што з выбарчага заканадаўства, з праблемы СМІ гэтае абмеркаваньне пачалося, што сёньня паміж Беларусьсю, Эўропай, Украінай, Літвой абмяркоўваюцца ня толькі пытаньні энэргетычнага калідору, але абмяркоўваюцца і гэтыя пытаньні. Калі беларуская ўлада спрабуе вырашыць свае эканамічныя праблемы і ўключыцца ў эканамічную эўрапейскую прастору, то так ці інакш тым ці іншым чынам яна вымушаная рабіць крокі ў кірунку палітычных зьменаў у нашай краіне. І мне здаецца, што цяпер ня той пэрыяд, калі трэба хацець усяго і адразу. Сапраўды, вельмі важна разумець, што мае глябальнае значэньне, а што вельмі важнае, але ня першачарговае.

Акудовіч: Мае шаноўныя калегі, якіх я вельмі паважаю, і спадарыня Сьвятлана, і спадар Юры, аналізуюць сытуацыю мовай палітолягаў, і гэта вельмі добра. Ну а я ж “адвязаны” чалавек. Дык вось на пытаньне, што рабіць беларускім дэмакратам, я б
Пакуль сам Лукашэнка і ягоны чыноўны клан не эўрапеізуецца, ніякай сапраўднай дэмакратызацыі, а значыць, і эўрапеізацыі ў Беларусі не адбудзецца...
адказаў так: выцягнуць Аляксандра Лукашэнку зь ягонага кабінэту і на сваіх плячах перанесьці праз Буг у Эўразьвяз, каб ён там хутчэй эўрапеізаваўся. Бо пакуль сам Лукашэнка і ягоны чыноўны клан не эўрапеізуецца, ніякай сапраўднай дэмакратызацыі, а значыць, і эўрапеізацыі ў Беларусі не адбудзецца. І найбольш шчыраваць над транспартацыяй нашай улады на той бераг Бугу павінны тыя, каго турбуе праблема незалежнасьці Беларусі, паколькі нішто лепей нашай незалежнасьці не абароніць, чым рэальная ўпісанасьць Беларусі ў шматлікія эўрапейскія структуры.

І апошняе – наконт Саньнікава. Тут я буду звышляканічным. Часам мне здаецца, што радыкальныя змагары з рэжымам гатовыя загубіць і незалежную краіну, і сувэрэнную дзяржаву, каб толькі перамагчы гэты рэжым. На жаль, рэжым яны наўрад ці перамогуць, але, на шчасьце, і Беларусь ім загубіць ня ўдасца. Прынамсі, мне б у гэта хацелася верыць.

Чавусаў: Як Эўропа ня мае адзінства, гэтак і беларуская апазыцыя як дэмакратычная інстытуцыя ня можа мець адзінства ў такім важным
Ад пунктавых, каньюнктурных, непасьлядоўных дзеяньняў для памяншэньня рэпрэсіяў ёсьць стратэгія прымусіць улады зрабіць гэтыя дзеяньні больш сыстэмнымі, незваротнымі і заканадаўча аформленымі...
пытаньні, як беларуска-эўрапейскі дыялёг. Мы бачым як мінімум тры падыходы, якія былі адлюстраваныя маімі суразмоўцамі.

Першы падыход – гэта стаўка на зрыў дыялёгу, імкненьне прадэманстраваць немагчымасьць дыялёгу аўтарытарнага рэжыму і дэмакратычнай Эўропы. Мы бачылі, як гэта адбываецца: на сустрэчах з эўрапейскімі эмісарамі прадстаўнікі апазыцыі кажуць: “Нас за эўрапейскую сымболіку, за эўрапейскую сымболіку кідаюць у вязьніцу, як вы можаце з такім рэжымам размаўляць?”

Але паўстае пытаньне: а можа не ў сымболіцы прычына, а ў вашай палітычнай стратэгіі? Гэтая стратэгія зрыву дыялёгу цяпер вельмі навідавоку, яна здольная выкарыстоўваць многія сапраўды жорсткія дзеяньні беларускіх уладаў.

Другая стратэгія – стаўка на лібэралізацыю, імкненьне скарыстацца гэтым дыялёгам, каб выгандляваць некаторыя зьмены ўнутры краіны. І вызваленьне палітвязьняў – гэта ня самая малая рэч, гэта істотна, бо памяншае атмасфэру страху ў грамадзтве. Парлямэнцкія выбары прайшлі па стандартным сцэнары, але атмасфэра была не такая жорсткая і выбары сталі проста нагодай для зьмены грамадзкай атмасфэры, няхай сабе палітычная апазыцыя з гэтага ніводнага мандату і не атрымала.

Ад цяперашніх пунктавых, каньюнктурных, непасьлядоўных дзеяньняў для памяншэньня рэпрэсіяў ёсьць стратэгія прымусіць улады зрабіць гэтыя дзеяньні больш сыстэмнымі, незваротнымі і заканадаўча аформленымі. У гэтым кірунку працуе асноўная маса палітычных партыяў.

Але ёсьць трэці падыход да эўрапейскага дыялёгу, які адлюстраваў спадар Акудовіч – гэта геапалітычны падыход. Паводле гэтага падыходу любое ўключэньне Беларусі ў эўрапейскую арбіту адпавядае інтарэсам беларускага народу. Гэтыя тры падыходы ня ёсьць узаемавыключальнымі. Яны, магчыма, могуць разам паўплываць на працэс дыялёгу, каб ён быў канструктыўным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG