Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя арышты на фоне лібэралізацыі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 24-га лютага

У Беларусі за кратамі знаходзяцца пяць чалавек, справы якіх праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі. На чым грунтуецца такая думка? Чым патлумачыць гэткія дзеяньні ўладаў? Ці зьмянілася стаўленьне эўрапейскіх палітыкаў да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі?

Удзельнікі: кіраўнік зарэгістраванага ў Літве праваабарончага альянсу Людміла Гразнова і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі
Людміла Гразнова
Валер Карбалевіч


Ці ёсьць палітычныя зьняволеныя?

Валер Карбалевіч: “Ужо два тыдні знаходзяцца за кратамі ваўкавыскія прадпрымальнікі Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка, якім выставілі сумнеўныя абвінавачаньні ў псаваньні маёмасьці. Таксама арыштаваныя Дубскі і Дашук — два фігуранты «справы 14-ці», якую мінулым годам праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнай. Ці можна лічыць гэтых людзей палітычнымі зьняволенымі?”

Людміла Гразнова: “За гэтымі справамі стаіць палітыка. Гэтыя людзі насамрэч зьяўляюцца палітзьняволенымі. Грамадзкая думка Беларусі па гэтых справах адназначная”.

Алесь Бяляцкі:
Пэрыяд адсутнасьці палітвязьняў у Беларусі цягнуўся нядоўга.
“На жаль, так. Пэрыяд адсутнасьці палітвязьняў у Беларусі цягнуўся нядоўга. 16 жніўня 2008 году быў выпушчаны апошні палітзьняволены — Казулін. Але неўзабаве, у кастрычніку, у турме апынуўся Баразенка, адзін зь фігурантаў «справы 14-ці». Ён быў на пачатку сьнежня асуджаны і выпушчаны “пад хатні арышт”.

Але апошнімі тыднямі мы займелі ў якасьці палітзьняволеных двух фігурантаў «справы 14»: Дубскага і Дашука. Гаворка ідзе аб акцыі пратэсту, у якой не ўжываўся гвалт з боку дэманстрантаў. Тым ня менш яны былі асуджаныя па крымінальным артыкуле за парушэньне рэжыму ўтрыманьня. Зараз ім пагражае ад 6 месяцаў да 3 гадоў вязьніцы“.

Карбалевіч: “Якая існуе працэдура прызнаньня таго ці іншага чалавека палітзьняволеным?”

Бяляцкі: “Гэта даволі адвольная працэдура. Праваабарончыя арганізацыі глядзяць на абставіны зьняволеньня чалавека. У выніку дасьледаваньня выпрацоўваецца кансэнсус паміж праваабарончымі арганізацыямі. Мы даем гэтую інфармацыю міжнародным праваабарончым арганізацыям. Вось фігурантаў «справы 14» міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітзьняволенымі”.

Чым патлумачыць такія дзеяньні ўладаў?


Карбалевіч: “Як на фоне абвешчанай палітыкі лібэралізацыі выглядае зьяўленьне за кратамі людзей, якіх можна лічыць палітзьняволенымі? Плюс жорсткі разгон акцый 14 і 16 лютага. Што гэта азначае?”

Гразнова:
Апошнім часам сытуацыя з правамі чалавека стала горшай, чым была прыканцы 2008 году.
“Гэта супярэчлівая палітыка. Але ці можа адзін чалавек, які кіруе краінай, раптам памяняць свае погляды? А магчыма, гэтыя працэсы адбываюцца пад уплывам Расеі, якая імкнецца сарваць працэс збліжэньня Беларусі з Эўропай”.

Бяляцкі: “Сапраўды, апошнім часам сытуацыя з правамі чалавека стала горшай, чым яна была напрыканцы 2008 году. Сам Лукашэнка ў сьнежні мінулага году казаў: яны што, думаюць, што я заглыну гэты кручок? не, мы будзем весьці сябе годна. Лукашэнка казаў, што ЭЗ дамагаецца зьмены ўлады ў Беларусі. Таму і адбываецца здушэньне палітычных апанэнтаў”.

Рэпрэсіі і Эўропа

Карбалевіч: “Як стасуюцца рэпрэсіі і палітыка дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ? Вось Карэл Шварцэнбэрг — міністар замежных спраў Чэхіі, краіны, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ — заявіў, што калі Беларусь прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, то яе далучэньне да праграмы «Ўсходняе партнэрства» апынецца пад пытаньнем. І вось тут узьнікае загадка: чаму не зьяўленьне палітзьняволеных у Беларусі, а прызнаньне самаабвешчаных грузінскіх рэспублік ставіць пад пытаньне ўдзел Беларусі ў праграме «Ўсходняе партнэрства»?”
Леташняя Каўкаская вайна моцна напужала Эўропу. І пытаньні з правамі чалавека адыходзяць на другі плян.


Гразнова: “Леташняя Каўкаская вайна моцна напужала Эўропу. Думаю, такі геапалітычны падыход ЭЗ правільны. І пытаньні з правамі чалавека адыходзяць на другі плян. Ранейшая палітыка ізаляцыі не дала плёну”.

Бяляцкі: “ЭЗ захоўвае стандарты дэмакратыі адносна Беларусі. Ня ўпэўнены, што беларускія ўлады разумеюць важнасьць гэтага пытаньня. І далучэньне Беларусі да праграмы «Ўсходняе партнэрства» залежыць ад стаўленьня беларускіх уладаў да праблемы правоў чалавека. І ўзнаўленьне санкцый ня выключанае”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG