Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Друкапісы” Бум-Бам-Літу вярнуліся да чытача


Сёньня зьявілася з друку кніга, якая пад адной вокладкай сабрала дзесяць саматужных выданьняў сяброў нефармальнага літаратурнага руху Бум-Бам-Літ.

Прадмову да выданьня напісала літаратуразнаўца Інэса Кур’ян, а выйшла кніга ў сэрыі “Другі фронт мастацтваў” выдавецтва “Галіяфы”.

“Друкапісы. Вялікая імправізацыя” — так называецца гэтая кніга. Яе склалі самаробныя кніжачкі дзевяцёх удзельнікаў Бум-Бам-Літу — па адной Міхася Башуры, Ільлі Сіна, Сяргея Патаранскага, Валянціна Татура, Віктара Жыбуля, Алеся Бычкоўскага, Ганны Ціханавай, Вальжыны Морт і дзьве аўтара колішняй ідэі выданьня друкапісаў Зьмітра Вішнёва. Ён і патлумачыў, што такое былі тыя друкапісы.

Зьміцер Вішнёў
“Гэта саматужная кніжачка, макет якой рабіўся рукамі аўтара, а потым выданьне тыражавалася на ксэраксе. Рабіліся яны невялікімі накладамі — ад пятнаццаці да ста асобнікаў”.

Друкапісы выдаваліся ў 90-ыя гады і з увагі на малыя наклады многія зь іх не захаваліся нават у аўтараў. Толькі Міхась Башура мае поўную іх калекцыю, якая ў факсымільным выглядзе і складае зьмест выдадзенай цяпер кнігі. Дарэчы, сваю калекцыю спадар Башура сёньня падчас урачыстай прэзэнтацыі выданьня дэкляраваў падарыць Музэю гісторыі беларускай літаратуры. А слухачам нашага радыё ён прадэклямаваў некалькі сваіх малавядомых твораў з гэтае калекцыі, якія ён называе лягізмамі.

Рух Бум-Бам-Літ заявіў пра сябе ў беларускім літаратурным працэсе на пачатку 90-х. Яго ўдзельнікі шмат экспэрымэнтавалі з творамі, пісалі гучныя маніфэсты, а свае выступы на вечарынах суправаджалі бумканьнем у медны тазік. Нават выдалі альманах пад назовам “Тазік беларускі”.

З таго часу многія сябры Бум-Бам-Літу адышлі ад руху, а сьляды некаторых, як да прыкладу Валянціна Татура, зьніклі ня толькі са старонак літаратурных выданьняў, а наогул згубіліся ў жыцьцёвых калатнечах. Так што выхад кнігі “Друкапісы. Вялікая імправізацыя” — гэта вяртаньне зь яшчэ недалёкай гісторыі ў сучасны літаратурны кантэкст ня толькі тэкстаў, але і імёнаў.
XS
SM
MD
LG