Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На спэцвопратку рабочым грошай нестае


Гарадзенскія швейныя прадпрыемствы, якія вырабляюць спэцвопратку, значна скарацілі вытворчасьць.

Дырэктар гарадзенскага вытворчага каапэратыву “Вэтэран” Міхаіл Корачкін кажа, што шыцьцё спэцвопраткі даводзіцца скарачаць толькі з адной прычыны — замоўцы ня плацяць за тавар.

Корачкін: “Вымушаны спыняць вытворчасьць. Ну вось праблемы з пачатку году: студзень, люты, а вось у сьнежні яшчэ нармальна працавалі. Ну, бюджэт ім ня плаціць, і яны вымушаны затрымліваць аплаты нам”.

На швейнай вытворчасьці каапэратыву “Вэтэран” працуюць 20 работніц. У асноўным спэцвопратку яны шыюць для бюджэтных арганізацый. Са слоў спадара Корачкіна, аб’ёмы продажу скараціліся з пачатку году на 30%.

На падобным невялічкім прыватным прадпрыемстве “Сябры” таксама шыюць спэцвопратку па індывідуальных заказах.

Дырэктарка, спадарыня Людміла, кажа, што канкурэнцыю па якасьці прадукцыі яны вытрымліваюць, але існуе шмат іншых праблемаў, з-за якіх даводзіцца скарачаць вытворчасьць.

“Арэнда павялічылася, паколькі прывязаная да курса валюты й пакуль ніхто не зьбіраецца яе зьніжаць, — кажа дырэктарка. — Электраэнэргія купляецца ў Расеі за расейскія рублі. Расейскі рубель падае, а нам рахункі выстаўляюць у далярах. У нас у паўтара раза павялічыліся выдаткі”.

“Сябры” шыюць спэцвопратку як для дзяржаўных, так і прыватных прадпрыемстваў. Разьлікі затрымліваюць і тыя, і другія. Дырэктарка кажа:

“І ААТ, і ІП, і дзяржпрадпрыемствы, а зь імі асабліва цяжка, паколькі яны разьлічваюцца праз казначэйства, дык і грошы наагул позна прыходзяць”.

Кіраўнікі прадпрыемстваў па шыцьці спэцвопраткі кажуць, што калі так і далей будуць ісьці справы, то рабочыя на прадпрыемствах могуць застацца без спэцвопраткі.
XS
SM
MD
LG