Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе дадзены старт падрыхтоўцы да рэалізацыі праграмы Ўсходняга партнэрства. Пытаньне пра ўдзел у ёй Беларусі, як чакаецца, будзе вырашана на чарговым паседжаньні Эўрапейскай Рады 19-20 сакавіка ў Брусэлі.

Учора, 23 лютага, у Брусэлі адбылося паседжаньне Рады Эўразьвязу з удзелам міністраў замежных спраў 27 краінаў блёку. На ім абмяркоўваўся будучы старт Усходняга партнэрства, якім Эўразьвяз хоча паглыбіць адносіны са сваімі ўсходнімі суседзямі.

Гэтая праграма скіраваная на 6 постсавецкіх краінаў: Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Удзел у праграме не прадугледжвае пэрспэктывы сяброўства ў Зьвязе, але дае постсавецкім краінам магчымасьць наладзіць з ЭЗ вольны гандаль, бязьвізавы рэжым, шчыльнейшае супрацоўніцтва ў эканамічнай і энэргетычнай сфэрах. Эўразьвяз мяркуе выдзеліць на Ўсходняе партнэрства каля 600 мільёнаў эўра.

Беларускія ўлады станоўча ацанілі праект Усходняга партнэрства, аднак на гэты момант няма канчатковага адказу, ці запросяць Менск у гэтую праграму. Як зазначаюць у Брусэлі, “Эўразьвяз хацеў бы, каб Беларусь удзельнічала ў гэтай праграме, аднак глыбіня гэтага ўдзелу будзе залежаць ад агульнага стану адносін Зьвязу і Беларусі, якія будуюцца, у прыватнасьці, на базе істотнага прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі, законнасьці і выкананьня правоў чалавека ў Беларусі”.

Кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна пасьля нядаўняга візыту ў Беларусь выказаўся за паглыбленьне адносін зь Менскам. Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк Вальтэр Штайнмаер, які нядаўна сустракаўся зь Сяргеем Мартынавым, заявіў, што падтрымлівае ўдзел Беларусі ў праграме Ўсходняга партнэрства.

На думку менскага палітоляга Аляксея Караля, усё гэта сьведчыць на карысьць пазытыўнага для Беларусі прагнозу: Беларусь, хутчэй за ўсё, запросяць да ўдзелу ў гэтай праграме Эўразьвязу:

Аляксей Кароль
“Краіны Эўразьвязу зыходзяць са свайго прагматычнага інтарэсу ў адносінах з Расеяй. А па-другое, пануе думка, што гэтыя дыялёг і супрацоўніцтва — больш дзейсны рычаг для таго, каб у Беларусі пайшлі далейшыя перамены, у тым ліку і ў палітычнай сфэры, чым папярэдняя палітыка ізаляцыі”.

Адначасова, як мяркуе спадар Кароль, Эўразьвяз не скасуе цалкам візавыя і фінансавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску, а замарозіць іх на чарговыя паўгода, каб мець у дачыненьнях зь Менскам дадатковыя рычагі.

Пры гэтым спадар Кароль заклікае Эўразьвяз да большай асьцярожнасьці:

“У нас ужо ёсьць 5 чалавек, якіх можна клясыфікаваць як палітычных вязьняў. І прызнаньне беларускага рэжыму без уліку гэтага фактару, бяз пэўных зьменаў палітычнага характару ў бок сапраўднай дэмакратызацыі пакіне дрэнны адбітак і на краінах Захаду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG