Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр Ціхана заяўляе пра падмену матэрыялаў


Вадзім Дзевятоўскі й Іван Ціхан на Алімпіядзе

Вадзім Дзевятоўскі й Іван Ціхан на Алімпіядзе

27 лютага лёнданская адвакацкая фірма “Хаманс” падасьць у суд Спартовага арбітражу ў Лязане пашыраную апэляцыю ад імя прызэраў пэкінскай Алімпіяды, кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага. Нагадаем, што абодва спартоўцы абвінавачваюцца ва ўжываньні допінгу, пры гэтым Дзевятоўскаму за паўторнае парушэньне Алімпійскай хартыі пагражае пажыцьцёвая дыскваліфікацыя.

Сёньня галоўны трэнэр Ціхана, алімпійскі чэмпіён Сяргей Літвінаў заявіў, што беларускія спартовыя ведамствы яшчэ да абвяшчэньня канчатковага вэрдыкту фактычна аднесьлі Ціхана і Дзевятоўскага ў шэраг спартовых “злачынцаў”.

Сяргей Літвінаў
Нягледзячы на папярэднюю пастанову Дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэту, да канчатковага выраку арбітражнага суду Ціхан і Дзевятоўскі захоўваюць статус “падазраваных”. Пры гэтым узнагароды і дыплёмы Алімпійскіх гульняў у Пэкіне застаюцца ў спартоўцаў. Аднак у Беларусі да малатабойцаў ужо пасьпяшаліся ўжыць санкцыі. Прыпыненая выплата прэзыдэнцкіх стыпэндый, замарожанае фінансаваньне на падрыхтоўку, не пералічаныя ганарары за прызавыя месцы ў Пэкіне, дзе Дзевятоўскі быў другі, Ціхан — трэці.

Да таго ж, як кажа галоўны трэнэр Івана Ціхана, шматразовы чэмпіён сьвету і чэмпіён Алімпіяды ў Сэуле Сяргей Літвінаў, абвінавачаньні на адрас беларусаў выклікаюць шмат пытаньняў. Сёньня ён сустракаўся з кіраўніком Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Мікалаем Кручынскім. Са словаў спэцыяліста, можа мець месца беспрэцэдэнтны выпадак фальшаваньня дакумэнтаў:

“Ён дазволіў сказаць наступнае: гэта фальшаваньне аналітычных матэрыялаў у пэкінскай лябараторыі. Ёсьць матэрыялы пробы А, пробы Б, кампутарныя раздрукоўкі, высновы, заключэньні. Усё разам можна назваць аналітычнымі матэрыяламі.
Тут нават не падмена пробаў, а падмена дакумэнтацыі.
Дык вось тут нават не падмена пробаў, а падмена дакумэнтацыі. Магу сказаць, што такога прэцэдэнту яшчэ не здаралася, і сілы, якія будуць супрацьстаяць гэтай справе, непрадказальныя. У гісторыі спорту, як толькі пачалася антыдопінгавая барацьба, такога не было. Паўтаруся, у гісторыі спорту, а ня толькі на пэкінскай Алімпіядзе. Таму чым больш увагі будзе прыцягнута, тым больш складана трэцім сілам паўплываць на падзеі. А працэс разгляду апэляцыі можа цягнуцца да чатырох месяцаў”.

Паводле Сяргея Літвінава, каб давесьці сваю невінаватасьць, і ён, і атлеты гатовыя на значныя матэрыяльныя выдаткі. У судзе спартовага арбітражу справамі Ціхана і Дзевятоўскага будзе займацца брытанская адвакацкая фірма “Хаманс”, таму цэньнік выстаўлены адпаведны. Літвінаў удакладняе, што частку выдаткаў возьме на сябе расейская кампанія “Ітэра”. 50 тысяч эўра пойдзе непасрэдна ў “Хаманс”, 25 тысяч эўра — адвакатам. Сума прэміяльных беларускім спэцыялістам складзе 35 тысяч даляраў, на адпаведную ўзнагароду прэтэндуюць расейскія экспэрты, а таксама замежныя юрысты, так ці інакш задзейнічаныя ў працэсе:

“Гэта, паводле нашых прыблізных падлікаў, выльецца ў суму блізу 300 тысяч даляраў. Выдаткі ў асноўным панясуць хлопцы, і я ў тым ліку. Я пакуль не магу сказаць пра брата Дзевятоўскага, ягонага асабістага трэнэра, але гэта і ня важна. Іншымі словамі, у бальшыні сваёй усе выдаткі нясём мы. Калі казаць пра нейкія бюджэтныя сродкі, то фірма-спонсар ніякага дачыненьня да дзяржаўных грошай ня мае. Гэта прыватная фірма”.

Нэгатыўны ўплыў на рашэньне адносна малатабойцаў можа зрабіць пазыцыя беларускіх спартовых ведамстваў.
Сяргей Літвінаў лічыць, што нэгатыўны ўплыў на рашэньне адносна малатабойцаў можа зрабіць пазыцыя беларускіх спартовых ведамстваў. Фінансавыя санкцыі з боку Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэту, Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі патлумачаныя “дыскваліфікацыяй атлетаў”. Аднак і МАК, і Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі чакаюць рашэньня суду і пра дыскваліфікацыю не абвяшчалі. Разам з тым Антыдопінгавы кодэкс пакідае за спартоўцам права даводзіць сваю невінаватасьць.

“Пасьля атрыманьня рашэньня Дысцыплінарнай камісіі Грыгараў (міністар спорту — РС) як чыноўнік проста хуценька падстрахаваўся. Каб у выпадку, калі запытаюць — а што вы прадпрынялі? — ён ужо мог сказаць, што «прадпрыняў». Увогуле, ён збочыў ад справы яшчэ ў сярэдзіне ці нават раней. Яму было даручана займацца наладжваньнем кантактаў са спонсарам. І калі трэба было на заўтра аплачваць па рахунках і не было ніякай пэўнасьці — будзе ўвогуле спонсар удзельнічаць ці трэба плаціць сваімі — хлопцы пайшлі да Грыгарава. Той сустрэў іх вельмі проста: маўляў, ваша асабістая справа. Хочаце — судзіцеся, ня хочаце — не судзіцеся; хочаце — плаціце, хочаце — не. Але сюды больш хадзіць ня трэба. Натуральна, усе мы цудоўна разумеем, што справа Ціхана-Дзевятоўскага даўно выйшла за рамкі іх асабістых спраў. А чыноўнік — гэта перш за ўсё чалавек, і ад чалавека залежыць такі стан спраў у апараце ці іншы. Таму тут звычайны чалавечы фактар”.



11 сьнежня дысцыплінарная камісія МАК прыняла рашэньне ануляваць вынікі Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага на Алімпіядзе-2008 у сувязі са станоўчымі допінг-пробамі. У абодвух зафіксаванае перавышэньне дапушчальнага ўзроўню мужчынскага гармону тэстастэрону. Атлеты з такім вэрдыктам ня згодныя.
XS
SM
MD
LG