Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лібэралізацыя — гэта палачка-выручалачка для хуліганаў?"


Вызваленьне з турмы жыхароў вёскі Пухавічы, якія ўчынілі самасуд, эканамічны крызіс, набліжэньне ўгодкаў чарнобыльскай катастрофы, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Некалькі тыдняў таму пасьля ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі з-пад арышту вызваленыя трое жыхароў вёскі Пухавічы на Гомельшчыне, якія забілі аднавяскоўца, зьвінаваціўшы яго ў падпалах. Гэтая ды іншыя тэмы ў камэнтарах слухачоў:

Спадар, Докшыцкі раён: “Ходзіць па вёсцы хуліган, падпальвае пабудовы — дык як жа тут не заступіцца за тых, хто гэтага хулігана “замачыў”? Самі разабраліся — менш справы для міліцыі. Нават ліпеньскі выбух у Менску пад носам у міліцыі і прэзыдэнта сышоў за хуліганскі ўчынак. Значыць, лібэралізацыя — гэта палачка-выручалачка для такіх вось хуліганаў?”

Спадар: “У нас Лукашэнка клапоціцца пра свой народ у цэлым: як толькі хтосьці пачынае патрабаваць свае правы і свабоды, гэтак адразу гэтыя людзі становяцца “адмарозкамі”, “вашывымі блохамі”. Як у калгасе першых пяцігодак”.

Наступнае тэлефанаваньне — на эканамічную тэму:

Спадарыня: “У мяне пытаньне наконт коштаў. У крамах кошты — сёньня адны, а заўтра іншыя. Гэта ж такая лахва для ўсіх гэтых махляроў. Чаму б не зрабіць так: на месяц ці на два на малако стабільныя кошты. Ці на іншыя неабходныя тавары. І ня трэба нічога правяраць — людзі самі ўсё правераць. Да прыкладу, мы ведалі б, што ў сакавіку-красавіку цукар каштуе дзьве тысячы кіляграм. А то адзін прадае так, а іншы гэтак. Вось такое маё меркаваньне”.

Выказваньне камэнтуе эканаміст Міхась Залескі:

“Гэта вельмі важнае пытаньне. Урады многіх краін гэтак і робяць: у крызісныя пэрыяды замарожваюцца заробак і кошты. Тады людзі могуць плянаваць асноўныя спажывецкія пазыцыі. Але наш урад лічыць, што сытуацыя стабільная, ніякага крызісу няма. Таму ёсьць вольнае цэнаўтварэньне і — шукайце там, дзе таньней”.

Далей слухач задае пытаньне.

Васіль Сіліверст, Калінкавічы: “Сёлета спаўняецца 20 год па заканчэньні работ у справе ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. У гэтым зьвязку ў мяне пытаньне да ліквідатара з гораду Жодзіна спадара Валчаніна. Ці будзе ён выводзіць сваіх людзей з арганізацыі “Саюз “Чарнобыль-Беларусь”, зарэгістраванай у Кіеве, на Чарнобыльскі шлях 26 красавіка ў Менску?”

Адказвае Аляксандар Валчанін:

“Так, бо Чарнобыльскі шлях — у памяць аб тых людзях, якія аддалі свае жыцьці. І мы павінны прайсьці гэты шлях”.

На заканчэньне яшчэ адно тэлефанаваньне:

“Вельмі цяжка жыць у нашай краіне пад назвай Беларусь. Хацелася б, канечне, называць яе па-іншаму, але лёс склаўся так. Лёс склаўся так, што мы павінны жыць у несвабоднай краіне, і гэта вельмі шкада. Бо шмат таленавітых маладых людзей, якія ня бачылі для сябе пэрспэктывы, зьехалі адсюль. І самае галоўнае, што маё жыцьцё праходзіць у бязладзьдзі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG