Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі ў абарону беларускай мовы. Акцыя адбылася 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтым разам судзяць сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў Зьмітра Кармазіна й Алега Рыжкова, якія асьвятлялі тую падзею.


“Нас з Рыжковым падманам затрымаў капітан міліцыі Сяргей Алейнік на вуліцы Камунараў, далёка ад удзельнікаў акцыі. Капітан быў у цывільным, паказаў сваё пасьведчаньне камандзіра спэцроты хуткага рэагаваньня палка патрульна-паставой службы УУС і сказаў, што мы нібыта падобныя да двух нападнікаў, якія зьбілі чалавека. Таму трэба прайсьці ў Цэнтральны райаддзел міліцыі на апазнаньне. У акцыі мы ня ўдзельнічалі, а проста здымалі яе на відэакамэру, бралі інтэрвію”, — паведаміў Зьміцер Кармазін.

У міліцыі сяброў БАЖ трымалі амаль шэсьць гадзін. Ніякага апазнаньня не было. Міліцыянты ўчынілі абодвум асабісты надгляд. Алегу Рыжкову нават не патлумачылі ягоных правоў, а зь відэакамэры забралі касэту.

На журналістаў склалі пратаколы за “парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцыяў” — паводле ч.1 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Напярэдадні ў Цэнтральным судзе за флэш-моб у абарону роднай мовы адзін удзельнік арыштаваны на 7 сутак, трое іншых пакараныя буйнымі штрафамі — ад 700 тысяч да 1 мільёна 750 тысяч рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG