Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці самая бедная Берасьцейская вобласьць?


Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, Берасьцейская вобласьць з’яўляецца самай беднай паводле забясьпечанасьці хатніх гаспадарак. Як ацэньваюць сытуацыю жыхары вобласьці?

Паводле выбарачнага дасьледаваньня хатніх гаспадарак Беларусі, якое правёў Нацыянальны статыстычны камітэт, у апошнім квартале 2008-га года 9, 4% хатніх гаспадарак Беларусі мелі сярэдні прыбытак на чалавека у месяц меней за 250 тысяч рублёў. Самымі малазабясьпечанымі аказаліся жыхары Берасьцейскай вобласьці. Там у 2 разы меней сямей з сярэдні прыбыткам на чалавека больш за 1 мільён беларускіх рублёў.

Абласны кіраўнік па Берасьцейшчыне Свабоднага прафсаюзу беларускага Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што зьвесткі пра беднату рэгіёна выглядаюць дзіўна:

“Берасьцейшчына з’яўляецца заходняй вобласьцю і традыцыйна заходняя вобласьць мае нейкія дадаткі за кошт гандлю паміж Захадам і Ўсходам і заўсёды некаторыя праблемы вырашаліся ўласна людзьмі. Зноў жа кантрабанда заўсёды была…з савецкіх часоў. Магчыма, самі зарплаты, афіцыйныя зьвесткі не адпавядаюць рэаліям. Працуюць у Расеі, працуюць у Польшчы, працуюць у нейкіх іншых месцах. А колькі рэальна людзей працуючы там, атрымліваючы заробкі там, тут маюць нейкую проста справаздачу”?

Не заўважыў страшнага заняпаду ў разьвіцьці хатніх гаспадарак і кіраўнік па вобласьці руху "За свабоду" Зьміцер Трацяк:

“Можа, не зусім дакладныя зьвесткі, таму што хатнія гаспадаркі на тых вёсачках, што вакол Белаазёрску, вельмі разьвітыя. І трымаюць там і кароў, сьвіней”…

Выглядае, што нізкія лічбы могуць тлумачыцца немагчымасьцю жыхароў Берасьцейшчыны знайсьці прыбытковую афіцыйную працу. Даводзіцца разьлічваць толькі ўласна на сябе, кажа Зьміцер:

“Можа, афіцыйна паказьнік невялікі, але калі вонкава меркаваць, дык наш Бярозаўскі раён ён… больш-менш нармальна пачувае сябе”…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG