Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму падаражэў Марціні?


Праблема дэфіцыту імпартнага алькаголю, які пачаўся ў Беларусі ў сярэдзіне мінулага году, застаецца нявырашанай. Прыкладам, за мінулы год доля вінаў замежных гатункаў на беларускім рынку зьменшылася амаль напалову – ад 33% да 18%. Спэцыялісты прагназуюць, што сёлета тэндэнцыі захаваюцца.

Летась аб’ём увозу ў Беларусь віна з Францыі зьнізіўся на 33%, з Гішпаніі — на 50%, з Італіі — на 60%; з Баўгарыі было ўвезена вінаў меней у 5 разоў. Плянку трымаюць хіба віны з Малдовы, якія і ратуюць агульную статыстыку.

Як лічаць экспэрты, да анамальнага становішча спрычыніўся жорсткі дзяржаўны кантроль за алькагольным рынкам, які прыносіць немалыя прыбыткі. Чыноўнікі лічаць, што імпартам алькаголю павінны займацца дзяржаўныя суб’екты, паколькі гэта падакцызны высокопрыбытковы тавар.

Гэта дае некаторае разуменьне, па якіх прынцыпах вызначаюцца спэцімпартэры алькагольнай прадукцыі. Так, у 2008 годзе спэцыяльная міжведамасная камісія скараціла колькасьць юрыдычных асобаў, якім дазволена імпартаваць алькаголь, з 31 да 15. Праўда, пасьля таго, як вінныя паліцы запаланіла “чарніла”, заднім чыслом лік імпартэраў павялічылі да 24.

Але ў той час, як мае права займацца алькагольным бізнэсам “Менскі хладакамбінат №1”, пазбаўлена такой магчымасьць кампанія “Мідвест” -- колішні эксклюзіўны пастаўшчык у Беларусь вэрмуту Martini, каньяку Hennessy, віскі Johnnie Walker, іншых элітных напояў. Ад канца мінулага году асартымэнт замежнай прадукцыі звузіўся да мінімуму, а кошты вырасьлі шматразова. Прычыны дысбалянсу тлумачаць у кампаніі “Мідвест”:

“Гэта, відавочна, матывавана тым, што цяпер у краіне ёсьць інстытут спэцімпартэраў. Раней такога не было. Мы ня ў гэтым сьпісе, на жаль. Конкурс на другое паўгодзьдзе будзе праводзіцца пазьней. Таму штосьці казаць нельга. Але першае паўгодзьдзе ўжо ідзе і мы ня ў сьпісах”.

Паводле эканаміста Сяргея Балыкіна, няўзброеным вокам бачна, як у гэтым сэктары рынку квітнее пратэкцыянізм. Па-першае, сярод спэцімпартэраў – дзяржаўныя прадпрыемствы, якія аб’ектыўна не зацікаўленыя ў наяўнасьці канкурэнтаў. Гэта Клімавіцкі, Віцебскі, Гарадзенскі лікёра-гарэлачныя заводы, Менскі завод ігрыстых вінаў. Па-другое, стаўка робіцца на мясцовыя заводы і вытворчасьць прадукцыі з завезеных вінаматэрыялаў. У выніку віно на паліцах нібыта ёсьць, але попыт на яго сьціплы:

“На жаль, віно ў Беларусі дастаткова дарагое з-за неадэкватных мытных коштаў і з-за пратэкцыянісцкай палітыкі нашых уладаў. За мяжой прадукцыя больш танная, у нас жа пошліны, акцызы, падаткі робяць добрае віно раскошай. Цяпер спрабуюць наладзіць разьліў віна наўпрост у Беларусі, але ж якасьць такога напою пакідае дажаць лепшага. Існуюць і іншыя нюансы, якія ўплываюць на якасьць вінаў, што вырабляецца ў Беларусі. Былі сур’ёзныя праблемы з набыцьцём валюты, каб закупляць якасныя складнікі. У выніку такі пратэкцыянізм вядзе толькі да таго, што губляе спажывец беларускі — кошт дастаткова высокі на такія віны і якасьць досыць нізкая”.

Як лічаць адмыслоўцы, наўрад ці рэальна паўтарыць арыгінал на аснове закансэрваваных кампанэнтаў. У кампаніі “Мідвест” кажуць, што ў тым ліку і з гэтай прычыны ніколі не было жаданьня займацца “разьлівам”:

“Мы ніколі не былі з гэтым зьвязаныя, мы заўсёды ўвозілі гатовую бутэляваную прадукцыю. А разьліў нас ніколі не цікавіў”.

Паводле прадстаўнікоў Менскага заводу вінаградных вінаў, у 2009 годзе прадпрыемства плянуе давесьці долю сваёй прадукцыі на ўнутраным рынку да 32%. Згодна з праграмай разьвіцьця другаснага вінаробства ў Беларусі, да 2010-га плянуецца выпускаць каля 7 мільёнаў дэкалітраў вінаградных вінаў.

Між тым, паводле ацэнак экспэртаў, беларусы ўжываюць толькі ад 3% да 5% якасных вінаў з усёй колькасьці выпітых сьпіртовых напояў. У эўрапейскіх краінах стандартная “вінная” доля складае 20-30% ад агульнай колькасьці алькаголю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG