Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: “Саляна нам рэйтынг не падыме”


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s пацьвердзіла сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі: доўгатэрміновыя рэйтынгі па абавязацельствах ў замежнай валюце і нацыянальнай валюце, а таксама кароткатэрміновыя рэйтынгі -- застаюцца нэгатыўнымі. І прагноз на будучыню таксама нэгатыўны.

Беларусь наагул у многіх рэйтынгах уплывовых усясьветных агенцтваў стаіць ў апошніх радках. На мінулым тыдні дасьледчы Legatum Institute падлічыў, што Беларусь знаходзіцца на 78 месцы сярод краінаў, якія ўвайшлі ў “Рэйтынг глябальнага дабрабыту-2008”. Па індэксу абароны правоў ўласнасьці краіна на 106 месцы са 115. Па індэксу глыбіні рынкавых трансфармацый Беларусь разам з Туркмэністанам і Узбэкістанам замыкае сьпіс з 29 пераходных краінаў.

На думку эканаміста, кіраўніка аналітычнага Цэнту Мізэса Яраслава Раманчука, гэта азначае:

“У нас застаецца вялікая рызыка банкруцтва, неплацежаздольнасьці, рызыка таго, што дзяржава ня зможа выконваць свае абавязкі ў дачыненьні да інвэстараў, да крэдытораў. Такім чынам, Беларусь застаецца зонай вялікай рызыкі як для ўнутраных, так і для зьнешніх грошай. Таму чакаць інвэстыцыяў нам, як бы таго не хацелі нашы ўлады, ня трэба. Саляна нам гэты рэйтынг не падыме. Трэба, каб урад зразумеў неабходнасьць сыстэмных рынкавых рэформаў”.

Эканаміст Аляксандар Кавалёў адзначыў, што фінансавы крызіс паўплываў ня толькі на рэйтынг Беларусі. Але выказаў і заклапочанасьць:

“Сапраўды, Беларусь мае па выніках мінулага году і першага месяца гэтага году мае адмоўнае сальда гандлёвага балянсу. І таму зразумелая рэакцыя Standard & Poor’s па паніжэньні рэйтынгу. А што тычыцца прагнозаў – я не думаю, што было так шмат інвэстараў, якія хацелі ўкладаць у Беларусь. Але вось што тычыцца нейкіх дадатковых замежных крэдытаў, у сьвеце паніжэньня гэтага рэйтынгу гэтых крэдытаў сапраўды можа стаць менш, альбо яны будуць давацца пад больш высокую стаўку, і гэта сапраўды можа нэгатыўна адбіцца на дзяржаўным бюджэце гэтага году”.

Што да крэдытаў, якія нядаўна Беларусь ужо атрымала ад МВФ і Расеі, Яраслаў Раманчук выказаў такое меркаваньне:

“Мы ж першую траншу крэдыту праелі хутчэй чым атрымалі. За месяц па сутнасьці яе няма. Гэтыя крэдыты зьяўляюцца вельмі хуткім шляхам у даўгавую пастку. У гэтым сэнсе, калі крэдыты бяруцца пад нейкія рэформы, гэта адна справа. А сёньня ў нас крэдыты даюцца, каб нейкія прадпрыемствы іх праядалі без усялякай карысьці”.

Эканаміст Аляксандар Кавалёў лічыць, што зараз неабходныя ня толькі рэформы, зьмена эканамічнай палітыкі, колькі Public Rеlations, краінавы маркетынг. Трэба выкарыстоўваць любую магчымасьць, любыя інвэстыцыйныя форумы, каб уголас казаць, што ўрад ведае, што рабіць, як не дапусьціць дэфолту і гэтай далей:

“А так, калі не прэзыдэнт, ні прэм’ер не сказаў пра нейкую антыкрызысную праграму, таму ніхто ў сьвеце і ня ведае, што ў Беларусі будзе, і таму ёсьць небясьпека ў інвэстараў, каб укладаць грошы ў нашу эканоміку”.
XS
SM
MD
LG