Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваё меркаваньне пра візыты ў Беларусь прадстаўнікоў Эўразьвязу выказвае старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Пазьняк: Найбольш важным візытам у Беларусь з боку Эўразьвязу быў візыт Хавіера Саляны, і зьвязаны ён перш за ўсё з пытаньнем запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу. Саляна шукаў у Менску нават мінімальных аргумэнтаў, каб такое запрашэньне можна было апраўдаць. Мы бачым з боку Эўразьвязу тыповую прагматычную палітыку. Яна была такой увесь час, толькі цяпер зь яе скінулі дэмакратычны камуфляж і загаварылі наўпрост з дыктатарам.

З гледзішча геапалітыкі, супрацоўніцтва з Эўропай і ўдзел ва Усходнім партнэрстве нам выгадны і патрэбны. Але, на жаль, гэта не нашая палітыка, ня мы яе вядзем. Гэта палітыка Эўропы, якую яна праводзіць з выгодай для сябе, коштам нашых народных інтарэсаў. Мы будзем плаціць вельмі вялікую цану за гэтую палітыку. Пакуль што гэта выглядае так. І невыпадкова шмат у каго з беларусаў узьнікаюць асацыяцыі з Мюнхэнам 38-га году. Тады, каб заспакоіць Гітлера, здалі Аўстрыю. Цяпер, каб забясьпечыць свае інтарэсы, здаюць дэмакратыю ў Беларусі, прыкрыўшы вочы на тое, што робіць рэжым у Беларусі.

Калі Лукашэнка будзе запрошаны ў Прагу, гэта будзе азначаць, што Эўропа пагадзілася з рэпрэсіямі і этнацыдам, з арыштамі і судамі за беларускую мову, з нападамі міліцыі на кватэру былога дэпутата Вярхоўнага Савета Аксаміта і з рабаваньнем яго дэпутацкага архіву, з арыштамі ў Ваўкавыску, са зьбіцьцём міліцыяй моладзі ў Менску, і г.д. Гэта будзе знак для Лукашэнкі, што так -- можна, і што гэта не перашкаджае Эўропе супрацоўнічаць з рэжымам. Гэта чэмбэрленаўшчына. Але вінаватыя ў такім стане рэчаў найперш самі беларусы. Наша грамадзтва ў цэлым пакуль што не праяўляе асэнсаванай волі да барацьбы за свае інтарэсы, за гонар і годнасьць.

Таму спадар Саляна нас можа і ня ўлічваць у сваёй партытуры. Гэтае становішча нам трэба перамяніць, і ёсьць надзея, што мы яго пераменім. Што датычыць Лукашэнкі ў Эўропе, то наколькі я яго ведаю, на нейкім этапе справа скончыцца скандалам і гнеўнымі філіпікамі Лукашэнкі ў бок Захаду.

Карэспандэнт: Цяпер шмат гавораць пра новыя тэндэнцыі ў палітыцы афіцыйнага Менску, якія ўжо займелі назоў “лібэралізацыі”. У свой час у СССР працэсы сярэдзіны 1950-ых атрымалі назоў "адлігі", а ў канцы 80-ых мы памятаем “перабудову”. Цяпер – “лібэралізацыя”. Ці дае гэты працэс нейкія спадзяваньні для Вас як для палітыка?

Пазьняк: Перабудова ў СССР -- гэта быў унутраны працэс, у Беларусі адбываецца зусім іншае. Ніякай лібэралізацыі няма. Наадварот. Цяпер Лукашэнка стаў больш жорстка праводзіць палітыку ў дачыненьні да моладзі, арышты апошняга часу і зьбіцьцё пра гэта сьведчаць. Бо ён выдатна ведае, што палітыку на збліжэньне праводзіць Эўропа, гэта трэба Эўропе, і ён хоча пайсьці ў гэтую Эўропу з гэтым рэпрэсіўным багажом. Ён хоча, каб яго прызналі, каб гэта стала нормай.

Фактычна, Эўропа за свае геапалітычныя інтарэсы заплюшчвае вочы на палітыку рэжыму, на нашыя нацыянальныя інтарэсы, на зьнішчэньне мовы, парушэньне правоў чалавека. Але паўтараю: уся справа не ў Эўропе, уся справа -- у нас саміх, у тым, што нашае грамадзтва на гэтым этапе страціла волю да барацьбы. гэтую волю трэба здабыць. А пакуль існуе рэжым -- ня будзе ніякай лібэралізацыі. Гэты рэжым антынародны, антыбеларускі, і ўвесь яго інтарэс -- ўтрымацца пры ўладзе. У гэтым і палягае яго палітыка балянсаваньня паміж Эўропай і Масквой.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG