Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскай сынагозе зьявіўся свой скрутак Торы


Магілёўскі скрутак Торы

Магілёўскі скрутак Торы

Урачыстасьць з нагоды ўнясеньня скрутка Торы адбылася сёньня ў магілёўскай сынагозе. Важны рэлігійны атрыбут, безь якога ня могуць праходзіць богаслужэньні, набыў мясцовай габрэйскай грамадзе выхадзец з Магілёўшчыны, грамадзянін Ізраілю Сайман Вайн. Апошні раз габрэі ўсходняй Беларусі адзначалі падобную падзею больш за семдзесят пяць гадоў таму.

Каб стаць сьведкамі падзеі й адзначыць яе, у магілёўскую сынагогу прыйшлі больш за сотню чалавек. Адкрыў урачыстасьць прадстаўнік міжнароднага дабрачыннага фонду “Бітахон” рабін Мардухай Райхінштэйн:

“Мы ўносім скрутак Торы ў нашу магілёўскую сынагогу. Гэта ўпершыню ва Ўсходняй Беларусі за пасьляваенны час, гэта дакладна. І яшчэ, думаю, варта дадаць гадоў дзесяць да вайны. Зараз мы ў скрутак дапішам некалькі апошніх літараў. Пасьля чаго скрутак будзе цалкам завершаны й мы зь песьнямі й скокамі ўнясём яго ў каўчэг”.

Тры літары ў Тору дапісалі габай (стараста) магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн, Сайман Вайн ды рабін Мардухай Райхінштэйн. Ім дапамагаў у гэтым кіраўнік маскоўскага цэнтру сакральнай паліграфіі Ар'е Зільбэрштэйн.

Сваю літару ўпісаў у Тору й габай сынагогі Сымон Глазштэйн

Паводле яго, цяпер ужо магілёўскі скрутак быў напісаны ва Ўкраіне, на Галіччыне:“Па маёй ацэнцы, гэты скрутак быў напісаны недзе гадоў сто пяцьдзясят таму, а мо й болей. Па напісаньні відаць, што яго пісаў чалавек ня просты. Прыкладна семдзесят гадоў таму яго перавезьлі ў Ізраіль”.

У Ізраілі яго набыў для магілёўскай сынагогі Сайман Вайн. Ягоныя продкі паходзяць з Мсьціслава. Сёньня ён пабываў там, і вось ягоныя ўражаньні:

“Я, насамрэч, адчуваю толькі смутак. Мне дужа балюча бачыць тыя мясьціны, дзе загінулі мае прадзед і прабабка. Мне дужа балюча бачыць, што тут не засталося габрэйскай культуры. Напэўна, для яе тут была сапраўдная душэўная другая радзіма. Так сталася, што воля злога наканаваньня разлучылі дзьве нацыі”.

Магілёўскія габрэі ўдзячныя Сайману Вайну за ягоны ўчынак. Гаворыць Мардухай Райхінштэйн:

Мардухай Райхінштэйн
“Гэта першы скрутак, які будзе па-сапраўднаму належаць габрэйскай грамадзе Магілёва, магілёўскай сынагозе. Тым самым павышаецца статус нашай сынагогі, нашай грамады. Скрутак — гэта тое, без чаго ня могуць адбывацца богаслужэньні. Ёсьць дні, калі Тора павінна абавязкова чытацца менавіта па скрутку”.

Унясеньне Торы магілёўскія габрэі сустрэлі сьпевамі й танцамі. У іх, паводле габрэйскай традыцыі, бралі ўдзел толькі мужчыны. Жанчыны сваю радасьць выказвалі ўсьмешкамі, стоячы моўчкі ля сьценаў.

Мужчыны сустракалі ўнясеньне скрутка Торы сьпевамі й танцамі

Жанчыны радаваліся моўчкі

У Магілёве жыве каля пяці тысяч габрэяў. У сынагогу штотыдзень прыходзіць да некалькіх сотняў вернікаў. Мардухай Райхінштэйн спадзяецца, што па зьяўленьні сваёй Торы ў сынагогу будзе хадзіць болей людзей.Мужчыны сустракалі ўнясеньне сьвітка торы сьпевамі й танцамі+

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG