Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватызацыя ў Беларусі пойдзе на польскі лад?


Сёньня Менск наведала дэлегацыя польскага ўраду і дзелавых колаў на чале зь віцэ-прэм’ерам ураду, міністрам эканомікі Польшчы Вальдэмарам Паўлякам. Прадстаўнікі беларускага ўраду заклікалі палякаў удзельнічаць у беларускай прыватызацыі і падзяліцца сваім досьведам у гэтай сфэры.

Цягам апошніх пяці гадоў Польшча застаецца пятай, паводле памераў узаемнага гандлю, партнэркай Беларусі ў сьвеце. Летась таваразварот паміж дзьвюма краінамі вырас на 45 працэнтаў і дасягнуў амаль трох мільярдаў даляраў. І віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў спадзяецца на далейшы рост гэтай лічбы, нягледзячы на фінансавы крызіс, які бушуе ў сьвеце. Андрэй Кабякоў заявіў, што беларускі бок зацікаўлены разьвіваць інвэстыцыйнае супрацоўніцтва з Польшчай і прыцягваць польскі капітал у беларускую эканоміку.

Андрэй Кабякоў
“У нас у краіне створаныя спэцыяльныя рэжымы ў выглядзе вольных эканамічных зонаў, дзе польскі капітал дастаткова актыўна ўдзельнічае, і мы вельмі разьлічваем на тое, што ён прыйдзе яшчэ і будзе ў большых аб’ёмах працаваць на нашым рынку. Мы ствараем таксама асаблівыя турыстычныя зоны і чакаем, напрыклад, што польскі бізнэс будзе ўдзельнічаць у разьвіцьці інфраструктуры Аўгустоўскага каналу”.

Беларусь да канца 2010 году хоча прыватызаваць 500 дзяржаўных прадпрыемстваў.
На сёньняшніх перамовах з польскай дэлегацыяй Андрэй Кабякоў нагадаў, што Беларусь праводзіць лібэралізацыю сваёй эканомікі і да канца 2010 году хоча прыватызаваць 500 дзяржаўных прадпрыемстваў. Спадар Кабякоў заклікаў польскі бізнэс узяць актыўны ўдзел у гэтай прыватызацыі.

Вальдэмар Паўляк пазытыўна адрэагаваў на гэтую прапанову:

Вальдэмар Паўляк (Waldemar Pawlak)
“Прадпрымальнікі з Польшчы зацікаўленыя ўдзельнічаць у прыватызацыйных працэсах у Беларусі. Мы ўжо маем добрыя прыклады такіх ініцыятыў. Мы размаўлялі таксама пра тэхнічнае супрацоўніцтва і абмен досьведам, зьвязаным з прыватызацыяй. Нашае агенцтва замежных інвэстыцыяў можа падзяліцца досьведам і ацэнкамі розных прыватызацыйных мэханізмаў, і гэта можа быць вельмі цікава і карысна для зьменаў у Беларусі”.

Менскі эканаміст Яраслаў Раманчук ня лічыць прыклад польскай прыватызацыі самым удалым:

Яраслаў Раманчук
“Нельга сказаць, што Польшча гэта зрабіла добра ва ўсіх сэнсах, бо там былі і гучныя крымінальныя справы, былі і сытуацыі, калі не было празрыстасьці. Польскі досьвед прыватызацыі таксама можна выкарыстоўваць як тое, што можа нас засьцерагчы ад памылак”.

Зь іншага боку, на думку Яраслава Раманчука, пакуль сумнеўныя і самі пляны маштабнай прыватызацыі ў Беларусі. Днямі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прыватызацыйныя працэсы застануцца надалей забюракратызаванымі і што дзяржава надалей будзе выстаўляць інвэстарам свае 25 умоваў.

Перш за ўсё гаворка ідзе пра ідэю збудаваць у Зэльвенскім раёне Беларусі электрастанцыю на польскім вугалі.
Адна з самых маштабных галінаў двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы — энэргетыка. Перш за ўсё гаворка ідзе пра ідэю збудаваць у Зэльвенскім раёне Беларусі электрастанцыю на польскім вугалі. Абодва бакі аптымістычна глядзяць на магчымасьць рэалізацыі гэтага праекту, які прадугледжвае каля 1 мільярда даляраў польскіх інвэстыцыяў.

Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук мае вялкіія сумненьні наконт гэтага праекту:

“Палякі зацікаўленыя нешта рабіць са сваім вугалем. У іх велізарная праблема рэструктурызацыі вугальнай прамысловасьці. Калі беларусы будуць будаваць вугальныя станцыі на польскім вугалі, не выкарыстоўваючы сучасныя тэхналёгіі, то будзе брудным беларускае паветра. А чыстая электраэнэргія будзе йсьці ў Польшчу”.
XS
SM
MD
LG