Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне Дня вайсковай славы ў Беларусі, прымусоы прызыў у войска моладзевых палітычных актывістаў, эканамічны крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.



У Беларусі на дзяржаўным узроўні 23 лютага адзначаецца як Дзень абаронцаў айчыны і ўзброеных сіл. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар: “Лічаць гэты дзень чамусьці сьвятам, дзяржаўным, асабістым, і гонар чамусьці надаюць гэтай даце — 23 лютага. Розумам нармальнага чалавека гэтага не зразумець. За кароткі тэрмін можна выдрэсіраваць любую жывёліну, а вось беларуса немагчыма навучыць адрозьніваць белае ад чорнага, праўду ад хлусьні. Дык, можа, таму беларус і заслугоўвае такога лёсу, які мае”.

Спадарыня: “Хлопцаў пабралі, і яны ня хочуць служыць у войску. Хацелася б даведацца дакладней, як наша беларуская апазыцыя да гэтай справы ставіцца. Толькі і пачула, што салідарны “Малады фронт”, і задумалася, чаму гэта так. Хацелася б пачуць яшчэ раз”.

На пытаньне адказвае адзін з актывістаў “Маладога фронту” Павал Кур’яновіч:

“Калі чалавек мае адпаведны стан здароўя, то можна і служыць. Аднак Зьміцер Хведарук зараз знаходзіцца ў вайсковым шпіталі. Іван Шыла, Франак Вячорка таксама маюць праблемы са здароўем. Натуральна, што гэта палітычны прызыў. Калі правы прызыўнікоў парушаюцца падчас прызыву паводле мэдычных паказчыкаў, то гэта няправільна”.

Распачаўся візыт у Беларусь урадавай дэлегацыі Польшчы на чале з кіраўніком ураду Вальдэмарам Паўлякам. На мінулым тыдні ў Менску пабывалі чатыры эўрапейскія дэлегацыі. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Прыяжджала дэлегацыя з Эўропы ў Беларусь і размаўляла з нашым прэзыдэнтам. У ягоных словах не было ніводнага слова праўды”.

Вадзім Шаргей, Менск: “Я лічу, што Лукашэнка павінен вырашыць для сябе, чаго ён хоча ад апазыцыі і наагул ад усяе Заходняе Эўропы”.

Спадар: “Апошнім часам анамальныя зьявы сталі больш частымі. Яны адбываюцца ня толькі ў прыродзе, але і ў палітыцы. Мяркуйце самі: калі генэральны сакратар Эўразьвязу Хавіер Саляна прыяжджаў і гутарыў з так званым беларускім лідэрам — гэта што, не анамальная зьява?”

Спадарыня, Магілёў: “Нікуды б Лукашэнка не падзеўся, яшчэ трошкі, і ён першы пайшоў бы прасіць дапамогі ад Эўразьвязу. А эўрапейскі кірунак — гэта апошні паратунак для Лукашэнкі, каб хаця б часткова захаваць сувэрэнітэт Беларусі і самому каб захаваць сваю ўладу”.

Спадар: “Чаму нам трэба імкнуцца ў Эўропу? Наступны прыклад. Паглядзіце навокал, і вы ўбачыце, што большасьць аўто, тэлефонаў, тэхнікі для побыту, адзеньне і г.д. у нас эўрапейскае. Гэта трапны і бясьпечны адказ тым, хто цягне нас на ўсход, да Расеі”.

Ларыса, Менск: “Вельмі зьдзіўлена меркаваньнем Акудовіча наконт нашай апазыцыі, што яна, як малое дзіця, круціцца ля ног дарослых. Хачу пачуць нешта ў адказ ад апазыцыі: як гэта расшыфраваць?”

Выказваньне камэнтуе сябра рады руху “За Свабоду” Аляксей Кавалец:

“У Акудовіча баліць душа за Беларусь. Ён баіцца за лёс краіны, а для гэтага ёсьць падставы. Бо ёсьць дыктатура, якая цалкам кантралюе краіну з неабмежаванымі магчымасьцямі сілавых структур, і ёсьць апазыцыя, якая расхрыстаная, якая ні на што не ўплывае. І тут эўрапейская палітыка, ён лічыць, будзе дарэчы для таго, каб зацягваць Беларусь у Эўропу”.

Наступныя выказваньні — на тэму эканамічнага крызісу:

Спадар: “Крызіс у нас у тым, што чыноўнікі і вэртыкаль расьцягнулі ўсё і разрабавалі народ, як саранча, якая нішчыць пасевы. Пакуль будзе існаваць гэтая ўлада, з крызісу нам ня выбрацца”.

Спадарыня: “Пэнсіі ў нас малыя, у мяне 330 тысяч пэнсіі, 100 тысяч прыйшло плаціць за кватэру. Я заплаціла 100 тысяч, а што ў мяне застаецца? Ці я магу пражыць? Кожны дзень у краме скачуць цэны, прыйдзеш — ужо даражэй. Немагчыма жыць”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэму Дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага:

Спадарыня: “Ад сэрца віншую вас з нашым нацыянальным сьвятам — Днём роднай мовы. Працуйма ж разам і просім Бога, каб наша высакародная, скарынаўская, як называла яе Ларыса Геніюш, мова запанавала нарэшце ў нашым краі. Бо толькі пры гэтай умове адбудзецца нашае сапраўднае адраджэньне!”

Тацяна Барэль, Асіповічы: “У адрозьненьне ад кіраўніка дзяржавы і яго атачэньня, у мяне выклікае захапленьне амбасадар Швэцыі, яго стаўленьне да нашай мовы, на якой ён размаўляе чысьцютка, без акцэнту. Дзякуй яму і нізкі паклон”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG