Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Год таму пайшла з жыцьця Ірына Казуліна


Пахаваньне Ірыны Казулінай

Пахаваньне Ірыны Казулінай

Ёй было 48 год, і яна хварэла на рак малочнай залозы. Не зважаючы на цяжкую сьмяротную хваробу, яна да апошняга змагалася за жыцьцё – ня толькі сваё.

Грамадзкую дзейнасьць жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна шмат хто называў подзьвігам.

Галоўны мамолаг Мінздраву Беларусі Леанід Путырскі ведаў Ірыну Казуліну і як пацыентку, і як калегу па грамадзкай дзейнасьці. Адна з жыцьцёвых перамогаў Ірыны Казулінай, падкрэсьлівае ён – гэта пералом мэнтальных стэрэатыпаў беларускага грамадзтва:

“Колькі я працую ў анкалёгіі, сутыкаюся з адным і тым жа: кожная жанчына хавае дыягназ. Ірына Казуліна стала адной з першых жанчын, якія пачалі выступаць публічна, праз СМІ зьвяртаючыся да жанчын, якія могуць пайсьці яе шляхам. Учора я атрымаў з-за мяжы Мэмарандум, складзены Ірынай Казулінай у апошнія дні жыцьця. Нават тады яна дбала і думала пра жанчын, якія могуць аказацца на яе месцы. Яна перасьцерагала іх ад таго, каб сядзець дома, хавацца ад стасункаў, не паказвацца дактарам. Мэмарандум называецца “Ніводная жанчына ня хоча быць хворай на рак”.

Жанчыне трэба паважаць сябе, шанаваць сябе і любіць жыцьцё – дэкляруецца ў адным з пунктаў згаданага Мэмарандуму. Вучыцца гэтаму дапамагалі адмысловыя групы падтрымкі, створаныя намаганьнямі Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “У промнях надзеі”. Ірына Казуліна была намесьнікам старшыні гэтай арганізацыі, распавядае Леанід Путырскі:

“Яна стварыла клюб жанчын, хворых на рак малочнай залозы пры Беларускім Дзяржаўным унівэрсытэце, запрашала неаднаразова мяне і я перад гэтымі жанчынамі выступаў разам зь ёю. Гэтыя жанчыны, аб’яднаўшыся, сталі адчуваць сябе зусім інакш, нашмат больш упэўнена – дзякуючы менавіта Ірыне Казулінай”.

Яна выглядала мяккай, але моцнай мініятурнай прыгожай жанчынай у той час, калі хвароба была штохвіліннай пакутай. Давалася гэта цяжка, распавядае дачка Ірыны Казулінай Вольга:

“Ёй насамрэч было гэта ўсё вельмі цяжка, але яна разумела, што можа нешта зьмяніць, некаму дапамагчы. Яна разумела, што ўсё ў руках чалавека. І ў гэтым і палягала сутнасьць: каб расказаць людзям і дапамагчы ім падтрымкай. Таму што жанчыны, сутыкнуўшыся з гэтай хваробай, губляюць усё, губляюць веру ў сябе, пазбаўляюць сябе жыцьця, рушаць сем’і… таму што ўваходзяць у дэпрэсію і лічаць, што жыцьцё скончана і з-за гэтага ўсяго паміраюць хутчэй. І яна хацела данесьці да людзей аптымізм, яна ўвогуле ў жыцьці заўсёды была аптымісткай”.

Аляксандар Казулін кажа, што мужнасьць і сьмеласьць заўсёды былі ўласьцівыя Ірыне Казулінай як асобе наагул і жанчыне ў прыватнасьці:

“Ёсьць такое паняцьце, як добрая сьмеласьць, як добрая мужнасьць. І гэтыя рысы былі ў маёй Ірыне. Калі ёсьць ня толькі каханьне да мужа, але і любоў да людзей”…

Ствараючы ў апошнія дні свайго жыцьця Мэмарандум “Ніводная жанчына ня хоча быць хворай на рак” , Ірына Казуліна спадзявалася, што ўрэшце самаўсьведамленьне беларускіх жанчын зьменіцца, цытуе дакумэнт Леанід Путырскі:

“Асноўныя праблемы беларускіх жанчын: не паважаюць і не шануюць сябе. Лічаць сябе неідэальнымі, недастаткова прыгожымі, не дастаткова разумнымі. Мы, жанчыны, не ўяўляем сабе, як мы можам нечага патрабаваць ад дзяржавы і органаў улады”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG