Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Каму і колькі служыць у войску?”


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня — Сямён Печанко. Яму 28 гадоў, скончыў Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт. Служыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Тады ж даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя сучаснай нацыянальнай арміі. З год таму яны ўвайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. Тады ж ён стаў ляўрэатам прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў “Вольнае слова”.
Пытаньне аб працягласьці тэрміновай службы мусіравалася даўно. Міністэрства абароны раз на год, калі не часьцей, паведамляла пра магчымае скарачэньне тэрмінаў службы. Называліся розныя варыянты — да году для тых, хто ня мае вышэйшай адукацыі, і да дзевяці месяцаў для маладых людзей з адукацыяй, атрыманай у ВНУ.

Але, здаецца, гэтым гаворкам прыйшоў канец. На нядаўняй онлайнавай канфэрэнцыі прадстаўнікі Мінабароны сказалі цьвёрдае “не” скарачэньню тэрмінаў службы.

Большасьць маіх суразмоўцаў, якія самі пакаштавалі вайсковага хлебу, кажуць, што найпершая прычына ўзьнікненьня нестатутных адносінаў — задоўгі тэрмін службы. Бо пад яе канец няма чым заняцца, а часу шкада.

Пазытыўны момант — дзяржава пайшла насустрач маладым бацькам, пашырыўшы пералік нагодаў для адтэрміноўкі ад службы.

Але выпадкі, калі ў войска забіраюць бацьку трохгадовага дзіцяці, усё адно пакідаюць пытаньні. Бо ваенкамат не цікавіць, што жонка такога абаронцы можа і не знайсьці працы па выхадзе з дэкрэту, альбо мае зусім невялікі заробак. То ці ў галаве ў такога жаўнера будзе змаганьне са сьнегам, ці вастрыня кутоў засьцеленага ложка?

Адзін мой саслужбовец наракаў, што страціў праз прызыў добрую працу — казаў, што за гэты год мог бы зарабіць на палову менскай кватэры. Гэта быў 2003-ці, і, ведаючы, колькі можа зарабіць праграміст, у ягоныя няспраўджаныя магчымасьці ахвотна верыцца.

Ня ўсе камандзіры лічаць такой ужо пільна патрэбнай прысутнасьць у войску маладых людзей з вышэйшай адукацыяй.

Мне падаецца прывабным нядаўні вопыт Польшчы, дзе выпускнікі ВНУ служылі ў войску выключна з уласнай ахвоты.

P.S. І апошняе. Хацелася, каб гэтыя мае разважаньні не лічылі за голую крытыку нашага войска, маўляў, вой як там усё пагана. Пытаньні да УС РБ, безумоўна, ёсьць. Але нельга не адзначыць і шматлікія пазытыўныя зрухі — паступовы адыход ад саўка, эфэктыўная кампанія супраць “дзедаўшчыны”, ну і канечне — стварэньне службы ў рэзэрве, якая акурат і дазваляе маладым людзям не ўнікаць войска, пазьбягаючы пры гэтым марнаваньня часу на непатрэбную муштру.
XS
SM
MD
LG