Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы сусьветнага фінансава-эканамічнага крызісу ўсё больш адчувальныя для буйных прадпрыемстваў Беларусі. На шэрагу аб’ектаў скарочаны працоўны тыдзень, пачасьціліся затрымкі з выплатай заробкаў, цалкам ці часткова згорнутыя экспартныя пастаўкі.

Яшчэ летась беларускія вытворцы харчаваньня лёгка знаходзілі спажыўцоў за мяжой, найперш у Расеі. Ва ўмовах крызісу сытуацыя кардынальна зьмянілася. Так, паводле афіцыйных зьвестак, нерэалізаваныя запасы сухога малака павялічыліся сёлета ў 10 разоў.

Маскоўская кампанія “Продснаб”, якая забясьпечвае расейскую сталіцу сухім малаком, адмаўляецца ад беларускай прадукцыі. Прычыну тлумачыць мэнэджэр Марына Ільіна:

Тое, што прапануюць, — дорага. Гэтыя цэны не для Масквы.
“Ведаеце, што Беларусі трэба зрабіць? Першае: зьнізіць кошты, каб пастаўка была таньнейшая. Бо тое, што прапануюць, — дорага. Гэтыя цэны не для Масквы. А другая ўмова — гэта якасьць. Іншы раз здараецца, што якасьць дрэнная”.

Расея ўвозіць больш за 60 тысяч тон сухога малака штогод. 70% ад гэтай колькасьці раней імпартавалася зь Беларусі. Цяпер жа Малочны саюз Расеі пераканаў урад, што для прадукцыі зь Беларусі трэба ўвесьці абмежаваньні.

У выніку, як паведамілі на адным з вытворчых аб’яднаньняў, Клецкім масларобчым камбінаце, тут утварыліся сапраўдныя завалы сухога малака.

Работнікі прадзільнага цэху Магілёўскага заводу штучнага валакна, пагражаючы страйкам, не далі адправіць сябе ў вымушаны адпачынак. Прычынай спыненьня цэху сталася незапатрабаванасьць прадукцыі. Гаворыць работнік заводу:

“Дзьве вытворчасьці працуюць — шоўк, прадзільны цэх і цырата. На шоўку адзін прадзільны цэх хацелі закрыць. Прадзільнікі ўзбунтаваліся, ледзь да страйку справа не дайшла. 12 чысла іх прымаў дырэктар. Закрыцьцё прыпынілі”.

На паседжаньні Магілёўскага гарвыканкаму, дзе чыноўнікі падводзілі вынікі працы мясцовых прадпрыемстваў у студзені, сярод найгоршых названы Завод штучнага валакна, “Тэхнапрыбор”, Мэталюргічны завод, “Магатэкс”. Іх кіраўнікі тлумачаць цяжкасьці неспрыяльнай сытуацыяй на замежных рынках. Намесьнік старшыні магілёўскага гарвыканкаму Алег Ліцянкоў лічыць інакш:

Мы павінны вырабляць толькі тое, што будзе прадавацца. На жаль, мы гэтаму яшчэ не навучыліся
“Мы павінны вырабляць толькі тое, што будзе прадавацца. Тое, што запатрабавана і на ўсходзе, і на захадзе. На жаль, мы гэтаму яшчэ не навучыліся”.

Асноўнымі праблемамі прадпрыемстваў Магілёўшчыны застаецца затаваранасьць складоў прадукцыяй, а таксама зьмяншэньне аб’ёмаў вытворчасьці да 84% у параўнаньні са студзенем 2008-га.

Спасылаючыся на крызіс, адміністрацыі некаторых прадпрыемстваў спрабуюць эканоміць, адключаючы ацяпленьне ў цэхах. Асноўныя вытворчыя цэхі Салігорскага заводу жалезабэтонных канструкцый адключаны ад ацяпленьня з кацельні. На працоўных месцах тэмпэратура амаль такая ж, як на вуліцы. Дырэктар заводу ЖБК Сяргей Ермалінскі загадаў адключыць цяпло ў трох цэхах:

“Прыкладна каля 200 гігакалёрый неабходна на ацяпленьне штомесяц кожнага з цэхаў. У зімовы пэрыяд даводзіцца гаварыць пра сотні мільёнаў рублёў, якія б пайшлі на ацяпленьне цэхаў. Безумоўна, было б лепш працаваць, калі б тэмпэратура на вытворчасьці была +15°, але кожнае прадпрыемства выбірае свой шлях да эканоміі. Мы прайшлі па брыгадах, яшчэ раз патлумачылі сытуацыю. Мажліва, так трэба было зрабіць раней”.

Аднак спакою на Салігорскім заводзе ЖБК няма. Гаворыць кіраўнік Менскай абласной арганізацыі незалежнага прафсаюзу РЭП Мікалай Пахабаў:

“Дырэктар Ермалінскі хітруе. Ён фактычна «зьядае» тых людзей, якія накіравалі скаргу ў санэпідэмстанцыю, працоўную інспэкцыю, у пракуратуру. Як толькі яны напісалі, а гэта сябры прафсаюзу, адразу на іх пачаліся ганеньні. Да іх чапляюцца майстры, намесьнікі начальнікаў цэхаў. Пішуць на іх дакладныя”.

На Лідзкай абутковай фабрыцы рыхтуюцца да пераходу на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Загадчыца плянавага аддзелу Алена Дайліда распавядае, што банкі паднялі працэнтную стаўку па крэдытах з 14 да 21% — выплата па крэдытах за год павялічылася на 600 мільёнаў рублёў. На 18-20% падрасьлі кошты імпартнай сыравіны, а таксама энэрганосьбітаў:

“Гэта, натуральна, прывяло да падвышэньня выдаткаў, сабекошту, зьнізілася рэнтабэльнасьць, і прыбытку мы атрымаем значна меней”.

Трэба спачатку адаслаць паперкі ў вышэйстаячыя арганізацыі й чакаць дазволу.
Яшчэ адна важная акалічнасьць, якую падкрэсьлівае загадчыца плянавага аддзелу, — празьмерная бюракратыя. Стала складаней праводзіць разьлікі за імпартную сыравіну ў валюце: паводле спадарыні Дайліды, трэба спачатку адаслаць паперкі ў вышэйстаячыя арганізацыі й чакаць дазволу.

Загадчыца вытворчасьці прадпрыемства Тамара Ігнатовіч таксама скардзіцца на тое, што цяжка працаваць у сёньняшніх умовах:

“Пакуль у нас пяцідзёнка, але пытаньне чатырохдзёнкі ўжо вісіць у паветры. У пэрспэктыве ўжо разьлічваюцца пляны з эканамічным эфэктам, выдаткамі, да гэтага падрыхтоўка ідзе й гэтае пытаньне разглядаецца”.

Ваўкавыскі завод ліцейных вырабаў у сувязі з эканамічным крызісам страціў практычна ўсе экспартныя пастаўкі. Прадукцыю завод экспартаваў пераважна ў Расею, часткова ў Казахстан і краіны Балтыі. Гаворыць намесьнік дырэктара Алег Грыгаран:

“Зьменшыліся адчувальна замовы. Будзем казаць так, што экспартныя наагул зьніклі, а па Беларусі скараціліся на 30-40%. У нас яшчэ засталося абсталяваньне недзе на 3-4 мільёны расейскіх рублёў, якое не забралі расейцы, бо дагэтуль цалкам ня могуць аплаціць усю замову”.

На пачатку году, са слоў намесьніка дырэктара, давялося нават перайсьці на чатырохдзёнку, але хутка здолелі знайсьці выйсьце, каб завод запрацаваў:

“Крэдыты пачалі браць пад будаўнічае абсталяваньне, якое цяпер патрэбнае на ўнутраным рынку. Праўда, у іх таксама ёсьць затрымкі з аплатай, але будзем спадзявацца, што гэта запрацуе. А яшчэ пад закатачныя машынкі. Вось зараз сэзон пачнецца, і ўжо на іх замова зьявілася”.

На думку намесьніка дырэктара, паўнавартасна іх прадпрыемства запрацуе, калі вернуцца экспартныя заказы. Праўда, калі гэта адбудзецца, ён ня ведае.

Дзяржаўныя службы занятасьці насельніцтва ў рэгіёнах рэгіструюць большую колькасьць зваротаў беспрацоўных зь ліку нядаўніх гастарбайтэраў.

З Расеі ў вёску ўцяклі ўжо больш за 15 чалавек. Праца там ёсьць, але як раней ужо ня плацяць.
У папярэднія гады амаль 60 мужчын зь вёскі Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёну езьдзілі на заробкі ў Расею. Сёлета ж, як кажа мясцовы жыхар Віктар Калатовіч, павялічваецца колькасьць вяртанцаў:

“З Расеі ў вёску ўцяклі ўжо больш за 15 чалавек. Праца там ёсьць, але як раней ужо ня плацяць. Некалі атрымлівалі па 2 тысячы даляраў, а цяпер толькі 500. Да таго ж колькасьць заказаў упала. А за прастой ня плацяць”.

Пра варыянты працаўладкаваньня ў Ганцавіцкім раёне расказвае спэцыяліст дзяржаўнага цэнтру занятасьці насельніцтва спадарыня Галіна:

“Што тут можна прапанаваць беспрацоўным, нават ня ведаю. Нічога. Таму яны дома сядзяць. Вам кажу: у мяне і муж дома сядзіць! Ня выганіш жа з дому… Вось такая сытуацыя. Што тычыцца працы, то проста жах”.

Пад уплывам крызісу і сталічны рэгіён. Пра трохдзённы графік працы абвясьціла кіраўніцтва МАЗу. Чатырохдзёнка — на Менскім маторным заводзе і Заводзе ацяпляльнага абсталяваньня. Прадпрыемствы працуюць на склад, што вядзе да замарожваньня абаротных сродкаў і, як вынік, да складанасьцяў з выплатай заробкаў. Расказвае майстар цэху заводу “Амкадор”:

“Па заробку ўжо ідзе затрымка, авансу не заплацілі. І ў бліжэйшым часе не плянуецца. Рахункі «Амкадору» ў банках арыштаваныя, што будзе з заробкамі — невядома. Увогуле тэхніка прадаецца пад заклад: банкі даюць крэдыты, а потым мы вяртаем іх пасьля продажу. А як у нас няма продажу, пакупнікі не бяруць, то банку няма чым вяртаць. Яны нам не даюць крэдытаў, і з-за гэтага заробку пакуль не прадбачыцца. З цэху прадукцыя выпускаецца, але некаторыя віды кіруюцца на склад. Склады забітыя цалкам”.

Пральныя машыны з канвэеру наўпрост вязуць на склад.
За 2008 год іншае сталічнае прадпрыемства — Менскі маторны завод — рэалізавала спажыўцам блізу 124 тысяч дызэльных рухавікоў, што крыху перавышае 90% да ўзроўню году папярэдняга. У апошнім квартале 2008-га ў Расеі, на якую перадусім завязанае прадпрыемства, рэзка скараціліся аб’ёмы вытворчасьці аўтатэхнікі.

Дабрабыт Менскага заводу колавых цягачоў таксама залежыць ад платаздольнасьці замежных партнэраў. Са згортваньнем сыстэмы крэдытаваньня пакупнікоў усьцяж менее, істотна ўскладнілася працэдура фінансаваньня па замовах — гэта тычыцца банкаўскіх крэдытаў, аплаты па лізінгу і г.д. Выконваюцца ў асноўным дакрызісныя пагадненьні.

Паступова затаварваюцца склады вытворчага аб’яднаньня “Атлант”. І калі лядоўні яшчэ маюць збыт у Расеі, то, прыкладам, пральныя машыны з канвэеру наўпрост вязуць на склад.
XS
SM
MD
LG