Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Актывісты Маладога фронту падалі заявы на правядзеньне ўстаноўчых сходаў у 30 гарадах краіны. Цяперашняя спроба зарэгістраваць палітычную партыю ў Беларусі — пятая. Гэтым разам маладафронтаўцы пачынаюць працэдуру рэгістрацыі з рэгіянальных суполак.



Маладафронтаўцы зьвярнуліся ў выканкамы абласных цэнтраў і іншых гарадоў — такіх, як Баранавічы, Мазыр, Кобрын, Рэчыца — з просьбамі выдзеліць памяшканьні для правядзеньня сходаў. У пераважнай бальшыні мясцовыя ўлады пакуль маўчаць, але ў некаторых гарадах чыноўнікі адрэагавалі неўзабаве, кажа адзін з актывістаў арганізацыі Мікола Дземідзенка:

Мікола Дземідзенка
“У некаторых месцах ужо прыйшлі адказы. Да прыкладу, у Полацку папрасілі прынесьці статут арганізацыі. У Віцебску пералічылі месцы, вольныя ў гэты дзень, і прапанавалі — вось выбірайце. У астатніх рэгіёнах пакуль чакаем — нічога не чуваць. Раней мы рэгістраваліся як маналітная арганізацыя, а цяпер вырашылі распачаць маштабную акцыю з устаноўчымі сходамі ў рэгіёнах. Бо ў нас ёсьць вельмі моцныя рэгіянальныя суполкі насамрэч. І гэткім чынам мы таксама пакажам, што Малады Фронт — гэта ня толькі Менск, але і ўся краіна”.

Малады Фронт спрабуе атрымаць юрыдычны статус з 2000 году. Чатыры разы Міністэрства юстыцыі адмаўляла маладым палітыкам у рэгістрацыі з розных фармальных прычынаў. Да прыкладу, чыноўнікам было незразумела, што такое “сябар” арганізацыі. Альбо яны адзначалі, што сярод заснавальнікаў ёсьць асуджаныя асобы — якіх і судзілі за ўдзел у дзейнасьці гэтага ж незарэгістраванага Маладога фронту.

Якія пэрспэктывы ў маладафронтаўцаў гэтым разам, намесьніца кіраўніка Ўправы грамадзкіх аб’яднаньняў Мін’юсту Алена Кірычэнка паведаміць адмовілася:

“Па даручэньні кіраўніцтва мы даем камэнтары. Міністар павінен даць даручэньне кіраўніку ўправы пракамэнтаваць нейкую сытуацыю. А так — не”.

Лідэры Маладога фронту ня маюць вялікіх спадзяваньняў, што здолеюць зарэгістраваць філіі ў рэгіёнах і арганізацыю агулам. Мэту чарговай спробы старшыня арганізацыі Зьміцер Дашкевіч камэнтуе гэтак:

Зьміцер Дашкевіч
“Мы ня маем ніякіх ілюзіяў. Тым ня менш гэта такі тэст для ўладаў — наколькі ёсьць жаданьне дэмакратызаваць краіну на мясцовым узроўні. Бо часам бывае дзіўна сустрэць меркаваньне, у тым ліку ў замежных палітыкаў, што, маўляў, мы з Лукашэнкам дамовіліся, што ён жадае зьменаў, але нізы яго не разумеюць. Таму пазыцыя мясцовых выканкамаў тут будзе вельмі важная. І чым больш спробаў Маладога фронту ў справе рэгістрацыі, тым больш гэта будзе сьведчыць беларускаму грамадзтву і міжнароднай супольнасьці пра сутнасьць беззаконнасьці гэтай улады”.

У 2007 годзе Малады фронт быў зарэгістраваны ў Чэхіі і цяпер мае статус міжнароднай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG