Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сувораў між Вітаўтам і Гедымінам


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня — Сямён Печанко. Яму 28 гадоў, скончыў Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт. Служыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Тады ж даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя сучаснай нацыянальнай арміі. З год таму яны ўвайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. Тады ж ён стаў ляўрэатам прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў “Вольнае слова”.
Сёньня Сямён Печанко разважае над прапагандай патрыятызму ў войску.

Ёсьць у войску такая дысцыпліна — дзяржаўна-прававая падрыхтоўка. На занятках па ДПП вайскоўцы старанна занатоўваюць у адмыслова заведзеныя сшыткі самыя розныя зьвесткі: ад найбольш істотных гістарычных падзеяў да інфармацыі пра актуальны склад вышэйшых дзяржаўных і вайсковых кіруючых органаў.

Калі з апошнім праблем не ўзьнікае, то гістарычны складнік выклікае безьліч пытаньняў.

І справа ня толькі ў тым, што “нашымі” нацыянальнымі героямі называюцца Сувораў ды Неўскі.

Зьдзіўленьне выклікае тое, якім чынам пададзены гэты матэрыял, а менавіта — малазразумелая і нелягічная мешаніна, калі ў адным тэксьце мірна суіснуюць і ВКЛ, і нейкае аж празьмернае захапленьне ратнымі подзьвігамі душыцеляў нацыянальных паўстаньняў.

Такую кашу яшчэ можна зразумець на калідорах вайсковых карпусоў, дзе на сьценах партрэты Вітаўта ды Гедыміна суседнічаюць з цытатамі кшталту “Пуля — дура, штык — молодец!” Бо часта вайсковыя часткі проста эканомяць на фарбе, пакідаючы на сьценах савецкую агітацыйную спадчыну. А вось такі недарэчны ідэалягічны вінэгрэт, які даводзіцца перапісваць маладым жаўнерам, патлумачыць цяжка.

Давялося пабачыць у адным з палкавых кабінэтаў на сьцяне партрэт генэралісімуса Суворава, а на супрацьлеглай — копію выявы панскага маёнтку аўтарства Напалеона Орды. Магчыма, акурат у такіх кабінэтах і нараджаецца гэткі гора-патрыятызм. А цяпер жа да суворавых яшчэ і “лінія Сталіна” дадалася…

Маладое папаўненьне гартуецца ня толькі на плякатах ды лекцыях ДПП. У войску прынагодна ўзгадваецца несьмяротны подзьвіг савецкага народу ў часе Вялікай Айчыннай вайны, а ў лютым абавязкова нагадваюць пра аказаньне вайсковай дапамогі братняму народу Аўганістана. Як правіла, пра нейкія вострыя аспэкты тых войнаў у голас не гаворыцца. Але зусім яны не замоўчваюцца.

Прынамсі нам камандзіры настойліва раілі чытаць кнігі на вайсковую тэматыку. У тым ліку Быкава ды Адамовіча.

А ў цэлым можна зазначыць, што па большасьці ўсё залежыць ад асобы камандзіра — будуць вас выхоўваць на подзьвігах Суворава ці параяць пачытаць Кастуся Тарасава. Пра нейкае гарманічнае ды ўзважанае вайскова-патрыятычнае выхаваньне гаварыць пакуль не даводзіцца.
XS
SM
MD
LG