Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў 20 лютага.



20 лютага Беларусь наведвае дэлегацыя Эўрапарлямэнту. Раней для перамоваў Менск наведвалі Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна і дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Мы атрымліваем розныя водгукі на спробы афіцыйнага Менску наладзіць дыялёг з эўрапейскімі структурамі.

Спадар: “Па Эўраньюс выступалі прадстаўнікі Эўразьвязу наконт Беларусі. Вось, дыктатарскі рэжым, але мы скасавалі санкцыі супраць чыноўнікаў. Ну і што гэты Эўразьвяз дае? Сябраваць трэба з усімі. А тое, што яны чыноўнікаў не пускалі — добра, хоць валюту зэканомілі”.

Працягнем праграму тэлефанаваньнем на тэму беларуска-расейскай інтэграцыі.

Анастас Семяновіч: “Наконт пагадненьня аб супрацьпаветранай абароне, падпісанага з Расеяй, таварыш Лукашэнка сказаў: «Гэта некаторыя адмарозкі раскачваюць народ. Калі вы атрымліваеце прыродны газ па цане ніжэйшай, чым іншыя краіны, рабіце і свой уклад, трэба гэтую тэрыторыю прыкрываць, якая пастаўляе газ». Я катэгарычна супраць рызыкаваць жыцьцём сваіх дзяцей і ўнукаў. Расея без вайны жыць ня можа, і адпаведна мы будзем аўтаматычна ўцягнутыя ў гэтую авантуру”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Зараз шмат гавораць пра эканамічны крызіс, а я думаю, што ва ўсім гэтым крызісе вінавата беларуская апазыцыя. Абарона дробных прадпрымальнікаў нічога ня вартая — гэта простыя крывасмокі. І асноўнае іх жаданьне — каб ніколі нікому ніякіх падаткаў не плаціць. Але якая б дзяржава ні была, такога яны ніколі не дачакаюцца. Усе яны жывуць вельмі добра: і па некалькі машын, і па некалькі кватэр, і дачы, а адпачынак за мяжой — яны маюць усё, што толькі пажадаецца”.

Выказваньні слухача камэнтуе адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху, кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:


Анатоль Шумчанка
“Я прапаную гэтаму слухачу зьвязацца са мной. Мы можам яму паказаць, як працуюць прадпрымальнікі, а таксама паказаць тыя машыны і тыя кватэры. Я ўпэўнены, што ён не адчуе вялікай розьніцы, што да свайго жыцьця. Каб слухач меў нейкае ўяўленьне пра нашую працу, скажу, што ў нас самыя вялікія падаткі ў Эўропе і краінах СНД. Адсюль і не такія маленькія цэны для нашых пакупнікоў. Гэтыя пытаньні трэба задаць нашай дзяржаве, якая дзярэ тры скуры з прадпрымальнікаў”.

У працяг тэмы стаўленьня ўлады да прыватнай ініцыятывы — такое тэлефанаваньне:

Спадар: “У траўні 1992 году на зьезьдзе Беларускай Сялянскай партыі яе старшыня Яўген Лугін — на вялікі жаль, яго ўжо няма сярод нас — сказаў: «Сёньня ёсьць жаданьне быць гаспадаром на зямлі, быць фэрмэрамі ў 20 тысяч чалавек, а за імі прыглядаюцца яшчэ 70 і болей тысяч, у залежнасьці ад таго, як пойдуць справы». Ня спраўдзіліся ягоныя словы. Улада зрабіла ўсё магчымае, каб задушыць гэты парыў, і фэрмэрства не разьвілася. Людзі ў калгасах пастарэлі, а маладзейшыя разьбегліся. Вось вынік — сёньняшні стан сяла навідавоку. Гучная фраза «Фэрмэры краіну не накормяць» зьдзейсьнена ўладай трыюмфальна”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG