Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”, эфір 18 лютага.

Пра самадзейнага мастака, што ў мінулым стагодзьдзі жыў на Лідчыне, у вёсцы Голдава, чуў даўно. Апавядалі, што, як той славуты Пірасмані, ён вырошчваў кветкі ды маляваў цудоўныя ў сваёй натуральнасьці карціны. Аднак, у адрозьненьне ад героя вядомай расейскай песьні, ружы дараваў не невядомай акторцы, а сваім аднавяскоўцам.

Прыгожую гісторыю я ўспрымаў як легенду. Аж да таго як, будучы ў Лідзе, ня ўбачыў на выставе карціны таго самага Сьцяпана Пуцько. Запомнілася яго “Пагоня”. Гняды, з чорнай грывай і хвастом, конь наўскач нясе прэч скрадзеную нявесту. За імі няспыннай віхурай імчацца яе суджаны ды родныя, каб вярнуць дзяўчыну дамоў. Кажуць, зь вёскі мастак бадай не выяжджаў… Пасьля таго ж, як я даведаўся, што ў тых мясьцінах працуе і самы пасьпяховы фэрмэр Лідчыны Іван Арлавец, вырашыў — еду ў Голдава.

Панядзелак — у клюбе выхадны. Таму да прыезду тутэйшых дасьледчыц творчасьці Пуцько маю колькі часу.У сельсавеце гутару са старшынём — спадаром Людвігам Рудзевічам. Кажа, што аграгарадок заплянаваны на будучы год. Пакуль жа Голдава — адзіная на Лідчыне негазыфікаваная вёска.

Рудзевіч: “Ацяпленьне пячное альбо «кацялкі» ў падвале. Людзям, каб мець тэмпэратуру 20-21 градус, трэба ў дзень спаліць 8-10 кашоў брыкету. Катэджы паўднёвага варыянту — такіх 14. Многія пакідаюць і зьяжджаюць. Няўтульнасьць — на працу напалі ў печы, прыйшоў — ізноў палі, і толькі ў 10 вечара нейкае цяпло…”

У мінулым годзе на больш як тры з паловай сотні жыхароў было 43 сьмерці, а нарадзілася толькі 7 дзяцей. Дэмаграфія вынікае з рэчаіснасьці, у якой гадамі жывуць і працуюць у СВК “Голдава-агра”. Кажа сакратарка сельсавету — карэнная жыхарка, спадарыня Зоя Баклага.

Зоя Баклага
Баклага: “Ня хоча затрымлівацца моладзь — заробкі нізкія. Тысяч 600 у даярак, у паляводаў ніжэй за 100 бывае. І бальніцу хацелі закрыць, але людзі езьдзілі разам да раённага галоўурача. Старасты вёсак наладзілі збор сродкаў, і бальніцу падфарбавалі, падклеілі…”

Мабыць, найбольш балюча адбіваецца сытуацыя на тутэйшай школе. Прасторны будынак патэнцыйна зьмяшчае да 300 вучняў. У самыя лепшыя часы колькасьць іх не перавышала 250. Цяпер усяго за паўсотні. Наракае дырэктар — спадар Мікалай Рагель. З сумам называе сябе “дзіцём перабудовы”. У тым сэнсе, што заняпад адбываўся на яго вачах.

Рагель: “Адток вучняў адбыўся гадоў 4-5 таму — вялікая цекласьць кадраў у калгасе. Калі няма заатэхніка, галоўнага інжынэра — усяго сярэдняга зьвяна. Год 10-15 таму ў вёсцы заставалася 2-3-5 вучняў мэханізатарамі. Куды ім сёньня ісьці працаваць?!”

На адзіную ў вёсцы фэрму на ўскраіне шкандыбаю па ўмерзлых калдобінах. Насустрач каціць павозка зь бітонамі вады для жывёлы. Знаёмлюся з падвозчыкам — спадаром Аляксандрам Кажамякам. Карэнны, два гады да пэнсіі.

Кажамяка: “Грузім усё ўручную ад 7 раніцы да 12:30. Адарвесься на гадзіну — і да 7 вечара. У павозцы 10 бітонаў па 40 літраў. 2 разы — зранку і ўвечары паіць — амаль тону грузім. 400-350 у месяц. А дзе лепей за такую працу знойдзеш у калгасе?!”

На фэрме гадуюцца 260 кароў. Праца ня тое каб прэстыжная — адзіная тут. Тым ня менш загадчык фэрмы Аляксандар Рыжкевіч кажа:

Рыжкевіч: “Я ўзяў бы яшчэ трох — няма каго браць…”

21-гадовы Міхаіл Штурліц нядаўна скончыў каледж, вывучыўся на вэтэрынара. Самы малады, але…

Штурліц: “Заставацца тут ня буду — лепшае месца знайшоў каля гораду…”

Я вяртаюся да клюбу: мае суразмоўніцы ўжо прыбылі. Знаёмлюся з дырэктаркай Лідзіяй Чаркоўскай і мастацкай кіраўніцай клюбу Лідзіяй Балдоўскай. Вывучэньнем жыцьця і творчасьці Сьцяпана Пуцько займаюцца 7 гадоў. 4 гады таму дамагліся, каб імя іх героя зьявілася ў Беларускай энцыкляпэдыі. Пра “героя” не перабольшаньне — па вачах бачу, наколькі завочна замілаваныя яны колішнім аднавяскоўцам.

Лідзія Чаркоўская і Лідзія Балдоўская
Спадарыні: “Чалавек з простага народу, бяз жаднай адукацыі… Хай людзі па ўсёй краіне ведаюць, што ёсьць такія! І мы ганарымся. Ён ад прыроды нягеглы быў — гарбаценькі, але бог даў яму дар маляваць карціны. Асабліва любіў кветкі. Аддаваў усе сродкі, пісаў нават у Рыгу, каб яму высылалі насеньне глядыёлюсаў, тульпанаў. У яго быў самы прыгожы ў вёсцы палісаднік. Ён на радзіны, хрысьціны ці вясельлі сам ствараў букеты і дараваў. І ў карцінах яго — кветкі. І калі мы зьбіралі іх па вёсцы, людзі ня хочуць аддаваць. Гэта — памяць…”

Сьцяпан Пуцько пражыў 93 гады, памёр у 1970-м. Пры жыцьці выстаўляцца ня мог — духоўна-рэлігійныя матывы ў творчасьці перашкаджалі.

Спадарыні: “Улады не любілі з-за таго, што тады ж няможна было. У царкве нашай голдаўскай, у Бабрах ня толькі іконы — харугвы ён пісаў. І таксама ўсё ў кветках…”

Суразмоўніцы ў клюбе працуюць дзесяцігодзьдзямі. Пытаюся, чаму так позна заняліся Пуцько.

Спадарыні: “Ведаеце, для вяскоўцаў ён будзённы. Жыве такі «багамаз» — мянушка яго была. Але яны яго цанілі, паважалі. Мы вырашылі адкрыць у клюбе музэй і пачалі зьбіраць яго карціны, расповеды пра яго. Вось сьмешную байку нам расказалі. Тады мала было часопісаў, паштовак. І хто знойдзе, адразу нясуць да яго. І ён перамалёўваў. Мог ісьці, штосьці ў галаву плясь, і тут жа накідае на пяску ці вугальком на дзьвярах ці сьцяне. Як не ад сябе… Дзівак…”

* * *

45-гадовы фэрмэр Іван Арлавец сваю гаспадарку заснаваў за некалькі км ад Голдава — у вёсцы Хадзюкі. Цяпер гэта засьценак, калі браць па колькасьці насельнікаў. Першапачаткова меў намер шырэй разгарнуцца. Атрымалася ж, згаджаюцца нават у сельсавеце, поўная процілегласьць голдаўскаму заняпаду. На двары ля своеасаблівага “праўленьня” — бульбаўборачны камбайн, капалка, МАЗ, як ён кажа, “аўтабас”, іншая тэхніка. Побач цяпліцы з гароднінай. Збожжа пасеяна на 25 гектарах, яшчэ на 12-ці летась сабраў 300 тон бульбы. Усяго мае ўжо 70 гектараў. У фэрмэры пайшоў 6 гадоў таму. Да гэтага працаваў інжынэрам у калгасе.

Іван — сярэдняга росту, каржакаваты, з крыху напружаным позіркам, закручаным чубам. У фэрмэрскім жыцьці, кажа, не да амбіцый.

Арлавец: “Бо даводзіцца працаваць не па 8 гадзін у суткі, а па 13-14. Дзень мой пачынаецца а 7-й раніцы й заканчваецца аб 11-й вечара. Я калі працаваў у калгасе, было жаданьне заняцца нечым сваім, бо ў СССР заробак у 93-94-м быў 12 даляраў у месяц. Сужонка, інжынэр-будаўнік, была ў дэкрэтным адпачынку. Давялося тут жа пайсьці на свае хлябы…”

Суразмоўца расказвае, якімі пакручастымі шляхамі прыйшоў да спэцыялізацыі на гародніне. Адчуваецца, што справа яму бясконца цікавая. Мне — таксама.

Іван Арлавец
Арлавец: “Перад фэрмэрствам было 3 гектары ў арэндзе. Садзілі бульбу, была свая грузавая машына, і вывозілі яе на Расею. А каб была праца ўзімку, выкупілі ў «Голдава-агра» складзкія памяшканьні. А ў 2001-м — няўдобіца. І вырашылі адкрыць фэрмэрства… з саду. Аказваецца, каб падняць гектар, трэба 4000 даляраў. Мы хацелі 4 гектары. Такіх грошай не было. Перайшлі на гародніну — працаёмістая, але хуткапрыбытковая. Ніякіх крэдытаў — спачатку было 12 гектараў зямлі. І пачалі раскручвацца. Першы ўраджай зьнялі і пабудавалі гароднінасховішча на 300 тон. І дайшлі да добрых паказчыкаў. У гэтым годзе наша фэрмэрская гаспадарка прызнаная лепшай у Лідзкім раёне. І выручка штогод вырастае ў паўтара-два разы. Уся ідзе на пашырэньне, бо прыйшлі не на дзень-два і не на год…”

Я ўзгадваю словы Лукашэнкі пра тое, што будучыня за гаспадаркамі, у якіх ня менш за 10 000 гектараў.

Арлавец: “Каб мне далі не 10 000 гектараў, а хоць 2000 — трэба шмат грошай, ніхто іх ня дасьць. Каб хтосьці інвэставаў бы мільён даляраў — я б не баяўся гэтых грошай браць! Любому чалавеку дай вялікія аб’ёмы — маральна не пацягне. Трэба разьвівацца да сваёй плянкі. Я да вышэйшай не дайшоў, і мне ўсё не ў напруг.

Ёсьць праблема. Каму пакінуць гэта потым? У мяне надзея на дачку. Дзяцей двое, вучацца ў Менску. Дачка ў былым БМСХ, сын у былым БПІ. Шкада будзе пакідаць гэта дзяржаве, каб разбурылася… Прыватнікаў вельмі няшмат, каб паднялі сельскую гаспадарку…“

Карэспандэнт: “У Галяндыі 1,5% ня толькі ўсіх забясьпечваюць сельгаспрадукцыяй, але й даюць на экспарт…”

Арлавец: “Трэба паступова, каб была дзяржаўная праграма. Калі хто хоча ўзяць калгасы нерэнтабэльныя, іх трэба аддаць. Нерэальна такія вялікія грошы ўкладаць у гаспадаркі, што не вяртаюць даўгі. Былі б у мяне крэдыты не пад 20%, а пад 5% — можна было б браць і разьвівацца. А так даводзіцца на сваіх грошах…”

Спадар Арлавец, адчуваецца, сядлае любімага коніка. Яго 13 найманых рабочых працуюць зараз на цяпліцах, дзе ён дамогся сваіх найбольш значных гаспадарчых удачаў.

Арлавец: “Мы займаемся вырошчваньнем зялёнай цыбулі-пяра ў зімовых умовах. У месяц даем да 5 тон ачышчанай, без цыбулін. Забясьпечваем Ліду, Гродна, частку Баранавіч. Сёньня на Гродна павезьлі 500 кг. Паспрабавалі сад на тысячу яблынь. Быў клюб тут, хочам зрабіць жылы будынак пад агратурызм…”

Карэспандэнт: “А чым хочаце прывабліваць?”

Арлавец: “А ў нас цяпліцы, сад, басэйн, лазьня…”

Цяпліцы маюць аранжарэйны выгляд. Акуратныя паліцы на 4-5 “паверхаў”, пастаянная, вышэйшая за пакаёвую, тэмпэратура, сьвежы пясочак на праходах. Я знаёмлюся з працаўнікамі. Аказваецца, найперш — з фамільятам.

Спадарства: “Сямашка Сяргей, 20 гадоў… Малюсевіч Алена, 18 гадоў… Місюк Ніна, 52 гады…”

Карэспандэнт: “Вашы аднагодкі на фэрме маюць 200 рублёў…”

Малюсевіч: “Я — 400-500…”

Місюк: “Я таксама. Сяргей у нас працуе і на парніках, і на трактары, мае плянтацыю цыбулі — малады, здаровы хлопец, «мільёншчык» па заробках. Дзень ненармаваны — можам і ноч прарабіць, а дзень адпачыць, у нядзелю прыйсьці, бо попыт на цыбулю вельмі цяпер вялікі…”

Карэспандэнт: “А ў калгасе давялося працаваць?”

Сяргей: “Не, адразу пасьля школы. На вёсцы лепей рабіць і жыць. Прыехаў, пазнаёміўся зь дзяўчынай, дзіця ўжо. Маці, бацька працуюць тут…”

Місюк: “Я пераехала зь Ліды, купіла хату — і ў фэрмэрскую гаспадарку працаваць. Чацьвёрты год раблю і вельмі задаволена, бо праца ёсьць. Наш Тадэвушавіч, як зрываем, то дае, але ніколі не абураемся. Лена таксама добра зарабляе…”

Лена: “Замуж зьбіраюся, дык хіба зьеду, але не па эканамічных абставінах — прыйдзецца (сьмяецца). Хацелася б застацца ў вёсцы — у горадзе трэба купляць усё, што тут вырошчваем…”

Місюк: “У нас і морква, і цыбуля, і бульба, і капуста. Наш начальнік бульбу пасадзіў — мы самі не апрацоўвалі, не палолі. Камбайнам выкапалі і кожнаму прывезьлі на падворак. Выкупіў маёнтак, клюб — і баль будзем рабіць, абы здароўя хапіла. І вельмі хачу дажыць, працаваць хачу, хоць 55 гадоў — баль справіць!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG