Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рар: Эўропа баіцца Расеі, таму ўзялася за Беларусь


Віталь Цыганкоў
Сёньняшні візыт у Менск генэральнага сакратара Рады Эўразьвязу, вярхоўнага прадстаўніка па агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Хавіера Саляны ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” камэнтуе дырэктар праграмаў “Расея — Эўразія” нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

Цыганкоў: “Чаму пачасьціліся візыты высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў у Менск? Што мае Эўропа прапанаваць Беларусі і як на гэтыя прапановы можа адрэагаваць афіцыйны Менск?”


Аляксандар Рар
Рар: “Зараз Эўразьвяз вылучае сваю новую праграму “Ўсходняе партнэрства” з такімі краінамі, як Украіна, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан. Туды, у гэтую праграму, нечакана для некаторых была ўключана Беларусь. Я мяркую, гэта зьвязана найперш з тым, што некаторыя краіны Эўразьвязу не на жарт спалохаліся, што Расея захоча аднавіць сваю імпэрыю. Маўляў, тое, што адбылося ў Грузіі, лёгка можа адбыцца і ў Крыме, альбо, скажам, у Беларусі. Пытаньне пра тое, што Расея зноў можа пагражаць Эўропе, стала на парадак дня шмат якіх аналітычных службаў.

Таму ўзяліся і за Беларусь. У Эўропе лічаць, што калі ўдасца ўгаварыць Беларусь наблізіцца да Эўропы і не аб’ядноўвацца з Расеяй у нейкую саюзную дзяржаву альбо ваенны зьвяз, то нейкім чынам можна будзе сытуацыю стабілізаваць і збалянсаваць.

Акрамя таго, Лукашэнка адкрыта заявіў, што хоча праводзіць прыватызацыю ў краіне — і ня толькі з расейскім, але і з заходнім капіталам. Гэта таксама заахвоціла ўплывовыя бізнэс-колы ў Эўропе накіраваць свае погляды на Беларусь — таму зьявіўся і вельмі канкрэтны эканамічны інтарэс”.

Усходняе партнэрства” — антырасейскі праект?

Цыганкоў: “Ці можна зразумець ваш камэнтар такім чынам, што дыялёг Беларусі з Эўразьвязам нясе нейкае антырасейскае адценьне? Але нават сам Лукашэнка заяўляе, што тут няма нічога небясьпечнага для Масквы...”

Рар: “Я думаю, што на самой справе Беларусь павінна імкнуцца ў Эўропу. Проста Беларусь прыпазьнілася на гэтым шляху, і ў гэтым сэнсе тут усё ў парадку. Але калі вы ўважліва пагледзіце праграму “Ўсходняга партнэрства”, якую распрацавалі швэды і палякі і якая цалкам падтрымліваецца цяпер чэскім старшынствам ЭЗ, то там вы ўбачыце пэўныя знакі. Ва ўсякім разе, так можна інтэрпрэтаваць гэтую праграму — як спробу выбудаваць стратэгічнае супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі з такімі краінамі, як Беларусь і Ўкраіна, неяк асьцерагаючыся расейскага імпэрыялізму. Там ёсьць ноткі асьцярожнага стаўленьня да Расеі.

Таму трэба паглядзець, як гэтая праграма будзе разьвівацца, і зрабіць аналіз пасьля таго, як яна будзе прадстаўлена на наступным саміце Эўразьвязу ў Празе ў траўні. Яшчэ шмат часу, і калі паміж ЗША і Расеяй адбудзецца стратэгічнае збліжэньне, то гэтая праграма ня будзе мець антырасейскіх нотак. У іншым выпадку яна можа стаць буфэрам супраць новага адраджэньня ўплыву Расеі ў Эўропе”.

“Калі Лукашэнку не запросяць у Прагу, дыялёг павісьне ў паветры”

Цыганкоў: “Падчас сустрэчы з Хавіерам Салянам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выступае за разьвіцьцё супрацоўніцтва з ЭЗ, аднак выказаў просьбу, каб “у нашых стасунках мы пастараліся выключыць усіх пасярэднікаў як унутры краіны, так і за яе межамі”. Безумоўна, беларускі кіраўнік меў на ўвазе найперш беларускую апазыцыю. Як можа вырашыцца гэтая дылема паміж рознымі поглядамі на “дыялёг” — афіцыйны Менск жадае гаварыць толькі пра “прагматычныя” пытаньні, Эўропа жадае ўключаць у размову таксама апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць?”

Рар:
“Я думаю, што дыялёг павінен весьціся з усімі, ня толькі са спадаром Лукашэнкам. Спадар Лукашэнка як прэзыдэнт Беларусі вядзе афіцыйныя перамовы, але ў той самы час, я мяркую, грамадзянская супольнасьць, няўрадавыя арганізацыі, эканамічныя зьвязы павінны весьці дыялёг на сваім узроўні з эўрапейскімі структурамі дзеля збліжэньня. Манаполію тут вышэйшая палітыка не павінна мець.

Іншая рэч — Лукашэнка недзе мае рацыю, бо на вышэйшым палітычным узроўні ён мусіць наўпрост гаварыць з Брусэлем альбо з Прагай. Лічу, што галоўным вынікам візыту Хавіера Саляны ў Менск будзе тое, ці запросяць Лукашэнку на саміт Эўразьвязу альбо не. Я зыходжу з таго, што Лукашэнка атрымае гэтае запрашэньне пасьля таго, як Саляна вернецца зь Беларусі і зразумее, што Беларусь шукае новыя шляхі прасоўваньня ў Эўропу. У адваротным выпадку такога запрашэньня ня будзе, і тады дыялёг паміж Менскам і Эўропай павісьне ў паветры”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG