Лінкі ўнівэрсальнага доступу

37-гадовая беларуска выдала нямецкаму правасудзьдзю сужэнца празь дзесяць з паловай гадоў пасьля зьдзейсьненага ім цяжкага злачынства — рабунку банку на захадзе ФРГ.


Пра здарэньне, якое адбылося ў верасьні 1998 году непадалёк ад гораду Аахен, у той час шмат пісала нямецкая прэса. Рабаўнік у масцы і зь пісталетам зьявіўся ў вясковым банку, калі там не было кліентаў, а толькі пяць супрацоўнікаў. Мужчыну ўдалося іх запалохаць, і яны аддалі яму ўсю гатоўку (21.535 дойчмарак). Нягледзячы на тое, што рабаўніка зафіксавала відэакамэра, паліцыя яго не знайшла.

Тады дырэкцыя Aachener Bankhaus Delbrück нават паабяцала 2000 марак таму, хто дапаможа ў пошуку злачынца. Сёлета 40-гадовага рабаўніка, які паходзіць зь Беларусі, выдалі безь ніякай узнагароды.

Паводле супрацоўнікаў аахенскай паліцыі, падставай для звароту жанчыны да нямецкага правасудзьдзя стала тое, што муж апошнім часам жорстка зьбіваў яе і двух іхніх дзяцей. Выпадак з рабункам банку быў названы сярод розных іншых фактаў. Жанчына ўзгадала, як пры канцы 1998 году муж сам прызнаўся ёй у гэтым.

Сужэнцы знаходзіліся ў шлюбе ад 1994 году. Напачатку ў Нямеччыну зьехаў мужчына, а празь некалькі гадоў, у 2000-м, да яго ў ФРГ прыехалі жонка зь дзецьмі.

40-гадовага беларуса арыштавалі толькі сёлета ў лютым у Гановэры. Перад гэтым паліцыя зьбірала доказы паводле аналізаў ДНК.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG