Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талеранцыя – цярпімасьць да таго, што табе не ўласьціва. Яна сканчаецца, калі страчваецца паразуменьне бакоў і адна праўда заступае на тэрыторыю іншай, калі пачынаецца гвалт. Вярнуць талеранцыю можна толькі праз перамовы бакоў і пацьверджаньне тэрытарыяльнай цэласьці адной і другой праўды.

Каштоўнасьці і праектная дзейнасьць

Сёньня ніводная тэма ў сеціве не выклікае столькі шуму, як гамафобія. І шум гэты настолькі ж далёкі ад дыскусіі, як праектная дзейнасьць у галіне мастацтва ад мастацтва. Відавочна, гаворка йдзе пра яшчэ адну галіну таго шматжыльнага самасьцьверджаньня, якое й спарадзіла цяперашні глябальны крызыс. Але ж абарона правоў ні ў якaй сфэры ня можа мець на мэце самасьцьверджаньне абаронцаў, інакш мы атрымліваем перакулены сьвет каштоўнасьцяў.

Схема й тэхналёгія такога падыходу ўжо нават не хаваюцца. Зьяўляецца тэкст, прыхільны да гомасэксуалізму, зараз налятае цэлая хмара заклапочаных гэтай тэмай камэнтатараў, узровень гаворкі апускаецца ніжэй плінтуса. Асабліва крэпка выказваюцца “гамафобы”. Іх зрэдку настаўляюць апалягеты процілеглага погляду, маўляў, глядзіце, апазыцыянэры, калі так і далей будзеце насядаць на гомасэксуалістаў, не відаць вам брусэльскіх грантаў. Гэта дзейнічае мацней за абразу, і хор “гамафобаў” дасягае fortissimo. У выніку набіраецца пульхны том “сьведчаньняў”, застаецца толькі раздрукаваць. Яшчэ праз кароткі час дзе-небудзь у жж-групе зьяўляецца паведамленьне, што актывісты пад вясёлкавым сьцягам наведалі Брусэль. Зразумела, што прадстаўлялі сваю краіну, і зразумела, у якім сьвятле, дакладней – у якой цемры. Ну, а ім самім, актывістам, ясная рэч, – гонар і слава.

Можна талераваць чыесьці каштоўнасьці, але выяўляць цярпімасьць да праектнай дзейнасьці, што мае на мэце паказаць тваю краіну непраўдзіва дрымучай, жаданьня няма. Бо каштоўнасьці заўсёды ў сэрцы, а праекты – на мяжы цынізму.

Беларусь – гамафобская?

Ніхто, праўда, не правяраў гэта, каб сьцьвердзіць. За доказы бралі тое fortissimo ў сеціве, справакаванае мэнэджэрамі праекту.

Мне асабіста ня раз даводзілася быць “гамафобам” ужо толькі таму, што закранаў гэтую тэму, хоць ніколі не займаўся ацэнкай сэксуальнай арыентацыі, бо лічу, што ня гэта ў чалавеку й асобе павінна быць прадметам ацэнкі. Ёсьць людзі такія, ёсьць гэткія і калі яны лічаць, што гэта дадзенасьць, значыць так яно й ёсьць.

Што такое гамафобія? Праява “цемнаты”. Яна правакацыямі або пагрозамі не вылечваецца, наадварот. І тыя, хто абраў сабе праект змаганьня з гамафобіяй – героі той самай опэры. Бо цемната лекуецца асьветай, а не змаганьнем цемнаты зь цемнатою. Тут два мінусы разам даюць тоўсты мінус, а ня плюс.

Да прыкладу, ці існуе ў прыродзе хоць адзін тэкст пра гейскую субкультуру ў Беларусі – гістарычны момант, праявы ў беларушчыне, мэнтальныя асаблівасьці?.. На Захадзе такая літаратура ёсьць. Верагодна таму й стаўленьне да сэксуальна інакшых там ня тое што больш прыхільнае, а больш матываванае. Бо ёсьць пра што гаварыць. І мы, беларусы, чые гаворкі вядуцца выключна вакол ацэнак фізіялёгіі, на іхным тле выглядаем барбарамі. Але хто ў гэтым вінаваты?

Даўняе філязофскае пытаньне: ці мае талеранцыя межы? Часта нават аднадумцы адказваюць на яго супрацьлегла: так і не.

Насамрэч талеранцыя – гэта тып дачыненьняў паміж рознымі праўдамі, якія маюць межы. Талеранцыя – гэта плён асьветы. Нельга любіць тое, чаго ня ведаеш, і ненавідзець тое, што табе добра вядомае. У нейкім ідэальным грамадзтве талеранцыя пануе. Але там, дзе існуе несправядлівасьць, дзе адзін крыўдзіць іншага, дзе ўчыняецца гвалт, наша цярпімасьць сьціскаецца, як чыгрынавая скура.

Культура замест праклёнаў


Кожнае пазнаньне грунтуецца на цікаўнасьці, а не на праклёнах. Таму гей, які хоча пазнаёміць іншых са сваім адметным сьветам, распавядае пра гэты сьвет. Калі ж ён патрабуе любові ці павагі адно да свайго спосабу полавых зносін, зразумела, якую рэакцыю ён выкліча ў гетэрасэксуала. У найлепшым выпадку –абыякавасьць.

І гэта тычыцца ня толькі гейскай тэмы, але й кожнай тэмы, дзе ёсьць ідэйна пакрыўджаныя, прыгнечаныя ці адсунутыя на маргінэс жыцьця.

Наіўна меркаваць, што можаш прыцягнуць увагу да ганебнага становішча беларушчыны адно папрокамі й ганьбаваньнем публікі, якая ну ніяк ня хоча разумець, што гэта яе неад’емная каштоўнасьць. Толькі яе вялікасьць Культура лепш за ўсялякую прапаганду пераконвае людзей у тым, што беларушчына ім родная. Тое самае тычыцца й дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Не талеруецца гвалт, цынізм і праектны разьлік. Калі публіцы прадстаўляецца не субкультура, а кодэкс барацьбы зь іншымі, з тымі ж “гамафобамі”, публіка цьвярдзее сэрцам.

Усё залежыць ад матывацыяў, шырыні погляду й меры цынізму. Можна ўявіць сабе, як абаронцы жывёлаў цкуюць “неталерантную” публіку шалёнымі псамі (перад вачыма – “Птушкі” Хічкока), альбо як апантаныя кактусаводы ў тралейбусе колюць іншых атручанымі голкамі, ці як “зялёныя” кідаюць нафтавікоў у нафтавыя плямы...

Агрэсія й асьвета – дзьве супрацьлегласьці існаваньня прадстаўнікоў любой меншасьці ў грамадзтве. Чым больш асьветы, тым больш талеранцыі, і чым больш агрэсіі, тым цярпімасьці менш.

Шчырыя-няшчырыя

Публіка вычувае няшчырасьць інтуітыўна. Яна падсьведама разумее, ці каштоўнасьці ёй прапануюцца, ці ёю маніпулююць, каб выставіць у патрэбным камусьці сьвятле.

Перачытаўшы апошнія дыскусіі пра геяў і гамафобаў, можна заўважыць няшчырасьць у намерах змагароў з гамафобіяй, што гэтыя дыскусіі справакавалі. Маладзён, які прызнаўся, што ён гей і атрымаў за гэта адтэрміноўку ад войска, кажа, што ваенком пра ягоную арыентацыю даведаўся раней за бацькоў. Чаму ўзьнікла патрэба пасьвяціць армейскага “бацьку” ў свае сэксуальныя тайны, пра якія ня ведае бацька родны? Бо ў войску будуць зьдзекавацца, – кажа ён так, быццам гэта аксіёма. Хіба ў яго нейкі адмысловы лад жыцьця і, адпаведна, адмысловымі павінны быць адносіны грамадзтва? Добра, ніхто ж ня супраць. Але што менавіта павінна ўлічваць грамадзтва, чым дапамагчы яму? Ці ён мяркуеце, што яно, грамадзтва, мусіць само здагадацца, што яму зрабіць, каб не прычыніць нязручнасьцяў?

Пытаньні без адказу пакідаюць прыкрае пачуцьцё недаверу. Ды не за тое так абрушваецца большасьць “гамафобаў” на падобныя прызнаньні, што нецярпіма ставіцца да іншай арыентацыі. А за тое, што адчувае ў гэтых быццам аксіёмах і недагаворанасьцях няшчырасьць намераў. У выніку змагары з гамафобіяй правакуюць рэальную гамафобію, дзякуй богу, што ня надта пасьпяхова ў іх гэта атрымліваецца ў нашым ня схільным да пагромаў грамадзтве.

Тэма “гамафобіі” ў Беларусі можа шмат чаго падказаць і ўсім іншым змагарам зь ветракамі, дон-кіхотам праектнай дзейнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG