Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Латвія думаюць як “ня падаць разам”


Іварс Годманіс і Сяргей Сідорскі
Іварс Годманіс і Сяргей Сідорскі

Упершыню за доўгі час з рабочым візытам у Беларусь прыехаў кіраўнік ураду адной з краін Эўразьвязу — прэм’ер Латвіі Іварс Годманіс.

Візыт стаў магчымым пасьля леташняга рашэньня Эўразьвязу, які скасаваў ранейшую забарону на кантакты з афіцыйным Менскам.

У часе перамоваў спадара Годманіса зь кіраўніком беларускага ўраду Сяргеем Сідорскім закраналіся перш за ўсё эканамічныя пытаньні. Бакі выказаліся за падтрымку адзін аднаго ва ўмовах глябальнага эканамічнага крызісу.

Паводле словаў спадара Годманіса, Латвію тут цікавіць тры тэмы.

Першая — транспартная, Латвія хоча каб Беларусь шырэй выкарыстоўвала яе тэрыторыю для транзыту, у тым ліку яе балтыйскія порты. Апошні час Беларусь фактычна адмовілася ад латвійскага порту Вэнтспілс пры пастаўках на экспарт калійных угнаеньняў, аддаўшы перавагу літоўскай Клайпэдзе.

Другая — энэргетычнае супрацоўніцтва, сёньня быў падпісаны двухбаковы энэргетычны мэмарандум, у якім Беларусь пазыцыянавала сябе як патэнцыйнага экспартэра электраэнэргіі. Паводле Сяргея Сідорскага, Беларусь будзе дзеля гэтага мадэрнізаваць энэргетычную галіну і будаваць АЭС.

Спадар Годманіс назваў намер беларускага боку пабудаваць сваю АЭС як “сур’ёзнае рашэньне”. Апрача таго Сяргей Сідорскі паведаміў, што бліжэйшым часам Беларусь, Латвія і Літва прапануюць Эўразьвязу сумесны праект у энэргетычнай сфэры. Гэтаму будзе прысьвечаная трохбаковая сустрэча 9 сакавіка ў Вільні.

Трэцяя важная для Латвіі тэма каапэрацыі зь Беларусьсю — разьвіцьцё экспартна-імпартных адносін, пошук новых таварных пазыцый для ўзаемнага гандлю, а таксама ўзаемныя інвэстыцыі.

Лічбу ўзаемных інвэстыцыяў Беларусі і Латвіі — 100 мільёнаў эўра — Сяргей Сідорскі назваў недастатковай.

Таваразварот паміж дзьвюма краінамі летась склаў больш за 2 мільярды даляраў. Сёлета такія лічбы захаваць будзе складана.

Эканамічную сытуацыю ў рэгіёне спадар Годманіс ахарактарызаваў як няпростую і заклікаў суседзяў падумаць, “як ня падаць разам” у часе глябальнага крызісу.

Заўтра Сяргей Сідорскі і Іварс Годмасніс правядуць сустрэчу зь беларускімі і латвійскімі дзелавымі коламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG