Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест абутковых крамаў магілёўцы пайшлі да шаўцоў


Паліцы майстэрняў запоўненыя абуткам

Паліцы майстэрняў запоўненыя абуткам

Жыхары Магілёва сталі часьцей рамантаваць стары абутак, чым набываць новы. Гэта адзначаюць уладальнікі абутковых майстэрань. Паводле іх, кліенты ўсё часьцей прыносяць абутак заношаны, так што рамонт вымагае шмат часу й высілкаў. Кошты на рамонт абутку ў сярэднім вырасьлі на пяць-дзесяць працэнтаў, пры гэтым цана матэрыялаў для рамонту паднялася значна.

Магілёўскі прадпрымальнік, гаспадар абутковай майстэрні Валер кажа, што за дзень ён прымае на рамонт да сарака пар абутку. Асабліва актыўна магілёўцы несьлі рамантаваць абутак у сьнежні.

“Сытуацыя сямігадовай даўніны. Прыносяць абутак не такі страшэнны па якасьці, аднак заношаны. Рамонт такой пары можа каштаваць пад семдзесят тысяч. Раней такая сума магла шакаваць чалавека, а цяпер людзі пакідаюць і кажуць: «Зрабіце, я яшчэ сэзон пранашу». Гэта заўважна.
Цяпер людзі аддаюць перавагу рамонту, а не набыцьцю новага абутку.
Цяпер людзі аддаюць перавагу рамонту, а не набыцьцю новага абутку. Кошты ўзрасьлі страшэнна”.

Пытаюся: а што з матэрыялам для рамонту? Тут праблемаў няма, цьвердзіць абутнік, аднак кошты на іх значна ўзрасьлі за апошні год:

“Мы залежым ад эўра. Нават той жа поліўрэтан — ён набываецца за валюту. Збольшага гэта імпартныя матэрыялы. У асноўным з Расеі. Раней быў кірунак польскі вельмі добры і якасны, аднак дарагі. Мы яго набываем таксама, але не ў вялікай колькасьці, бо прапаноўваць кліенту дарагі матэрыял ня мае сэнсу”.

Рыштунак магілёўскага абутніка
Паводле прыватных абутнікоў, кошт рамонту ў сярэднім вырас на пяць-дзесяць працэнтаў. Уздымаць цану вышэй не выпадае, бо занадта вялікая канкурэнцыя. У Магілёве каля пяцідзесяці абуткоўняў.

Абсталяваньне для рамонту абутку ў прыватнікаў прымітыўнае. Яго набывалі пры канцы дзевяностых, калі зачыняліся дзяржаўныя пункты бытавога абслугоўваньня.

“Праржавелае гэтае абсталяваньне стаяла. Мы запрашалі майстра, які займаўся рамонтам гэтага абсталяваньня. Ну й прыводзілі абсталяваньне ў парадак. За сьмешныя грошы яно было набытае”.

Абсталяваньне ў майстэрнях не абнаўляецца, бо няма пэўнасьці, што новае сябе акупіць.
Ад таго часу абсталяваньне ў майстэрнях не абнаўляецца, бо няма пэўнасьці, што новае сябе акупіць.

Пра рост коштаў на рамонт абутку кажуць і ў дзяржаўных майстэрнях.

“На пяць працэнтаў, дзесяць працэнтаў — з-за таго, што цэны растуць на сыравіну, электраносьбіты й на ацяпленьне”, — паведаміла супрацоўніца адной зь дзяржаўных абутковых майстэрань.

Кліенты абутковых майстэрань на кошты асабліва не наракаюць:

Спадарыня: “Барацьба за жыцьцё абутку ідзе да апошняй кроплі крыві. У нашых гандлёвых цэнтрах ёсьць абутак скураны добры, аднак ён каштуе шмат. Таксама ёсьць яшчэ дэрмантынавы абутак. Носіцца ён жахліва. Таму даводзіцца эканоміць”.

Спадарыня: “Наш айчыны абутак дарагі. А калі набываеш абутак на рынку, ён адпаведна ня якасны. Таму даводзіцца часта зьвяртацца ў абутковыя майстэрні”.

Першыя на Магілёўшчыне прыватныя абуткоўні зьявіліся пры канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Іх пачалі адкрываць армяне.

“Калі ўжо адбыўся землятрус і жыцьцё зусім дрэнным стала ў Армэніі, усе разьехаліся. Увесь матэрыял, акрамя скуры, мы везьлі з Армэніі. Гэта цяпер з Польшчай мяжа адкрытая — вязі што хочаш. Восемдзесят працэнтаў армян мелі свае абутковыя цэхі”, — згадвае адзін зь першых гаспадароў прыватнай абуткоўні Гугуш.

Шмат беларусаў наймаліся да армянаў на працу, каб пераняць абутніцкае рамяство. Свае майстэрні беларусы пачалі адкрываць пры канцы дзевяностых, а іх росквіт прыпадае прыкладна на 2003 год. Тады распачаць бізнэс было проста, бо гэтаму спрыяла дзяржава:

Сказалі, што, відаць, грошай зарабілі шмат, і скінулі адразу ж зьніжку па арэндзе.
“Потым адбылося тое, што адбылося па ўсёй краіне. Сказалі, што, відаць, грошай зарабілі шмат, і скінулі адразу ж зьніжку па арэндзе. Потым спахапіліся й зразумелі, што паслугі — гэта вельмі хісткая галіна бізнэсу. Без падтрымкі дзяржавы размоваў тут ня можа ніякіх быць, бо першае — гэта памяшканьне, а другое — падаткі. Тут шмат не заробіш. Тут праца ручная, праца цяжкая”, — зазначае абутнік Валер.

У спадара Гугуша пытаюся, ці можа ён па якасьці абутку вызначыць, як жывуць магілёўцы. Суразмоўца канстатуе, што ў абласным цэнтры няшмат заможных людзей.

“За год прыйдзе два-тры кліенты заможныя, у якіх адчуваеш, што гэты абутак каштуе прыкладна даляраў трыста-чатырыста. А так у сярэднім прыносяць базарны абутак”.

У гарадзкіх крамах вялікі выбар абутку, чаму тады людзі аддаюць перавагу базарнаму? “Бо таньней”, — адказвае абутнік Валадар і цьвердзіць: нашы людзі ня ўмеюць выбіраць абутак.

“Выбар, ён тэарэтычна нібыта ёсьць. Але насамрэч яго няма, бо гэтаму перашкаджае незаможнасьць нашая й да таго ж яшчэ няўменьне. А там, дзе якасьць, там, зразумела, узровень коштаў іншы. І чалавек тады разумее, што яму туды сунуцца не выпадае, бо сабе дазволіць ня можа. Недзе ў іншым месцы яго чакае іншая праблема — крэдыты, калі не за жытло й рамонт, тады за навучаньне дзяцей”.
XS
SM
MD
LG