Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брусэль ня будзе чакаць да красавіка?


Javier Solana

Javier Solana

Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна у чацьвер раніцай пачынае свае перамовы ў Менску. Гэта будзе першы візыт у Беларусь эўрапейскага чыноўніка такога узроўню.

У Менску ў спадара Саляны заплянаваныя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыйных і грамадзкіх арганізацыяў. У прэсавай службе МЗС Беларусі паведамляюць: “Асноўнай тэмай сустрэчы ў міністэрстве стануць бягучы стан і пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька спадзяецца 19 лютага сустрэцца з кіраўніком зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. Раней апазыцыйны палітык размаўляў зь ім тройчы:

“Ён адразу ўліваецца ў кантэкст размовы. Акрамя добрай падрыхтоўкі да сустрэч, якую ён дэманструе, Саляна вельмі тонка адчувае удзельнікаў размовы. Веданьне псыхалёгіі людзей, вялікі досьвед дапамагаюць яму. Ён стварае уражаньне адкрытага, камунікабэльнага чалавека. Ён быццам і мяккі, але падсумаваньне робіць выразнае і канкрэтнае: першае, другое, трэцяе…

Пасьля нашых сустрэч былі камунікацыі з атачэньнем спадара Саляны. Гэта азначае, што калі дасягнутыя нейкія дамоўленасьці, то яны ставяцца на кантроль. Гэта — вельмі важна. Таму гэта не прахадныя сустрэчы. Не кшталту такіх, якія часам бываюць — сустрэліся, паціснулі рукі, надрукавалі здымак, і — усё“.

Некаторыя журналісты жартуюць, што не Брусэль, а Менск становіцца эўрапейскай сталіцай.
У Менску на гэтым тыдні знаходзіцца дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Прылятае Хавіер Саляна. З дня на дзень чакаюць дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Некаторыя журналісты жартуюць, што не Брусэль, а Менск становіцца эўрапейскай сталіцай.

Палітычны аглядальнік Марына Рахлей так тлумачыць актыўнасьць эўрапейскіх палітыкаў датычна Беларусі:

“Мне здаецца, што гэтыя візыты неабходныя яшчэ і таму, што рашэньне ў беларускім пытаньні — ці будуць працягнутыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, ці яны будуць канчаткова зьнятае, будзе прымацца не ў красавіку. Яно можа быць канчаткова аформленае міністрамі замежных спраў (ці іншымі міністрамі) краінаў Эўразьвязу ў красавіку, а прынятае яшчэ раней — у сакавіку”.

Менавіта ў красавіку заканчваецца паўгадавы тэрмін “адлігі” для групы высокіх беларускіх асобаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Брусэль альбо працягне санкцыі супраць іх, альбо скасуе. І выглядае, што думка Хавіера Саляны тут будзе далёка не апошняй.
XS
SM
MD
LG