Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва цьвердзіць, што ваўкавыскія падпальвалі і падрывалі


Арыштаваным дзесяць дзён таму прадпрымальнікам Мікалаю Аўтуховічу, Юрыю Лявонаву і Ўладзімеру Асіпенку прад’яўлены абвінавачаньні.



Усе яны надалей застаюцца ў сьледчым ізалятары ў Менску.

Артыкул Крымінальнага кодэксу, у парушэньні якога абвінавачваюць Мікалая Аўтуховіча, называецца: наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, якое зьдзейсьнена арганізаванай групай альбо выклікала празь неасьцярожнасьць сьмерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы, альбо выклікала нанясеньне стратаў у асабліва буйных памерах.

Гэты артыкул прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Ю.Лявонава й У.Асіпенку вінавацяць у наўмысным зьнішчэньні альбо пашкоджаньні маёмасьці, якое было зьдзейсьнена агульнанебясьпечным шляхам альбо выклікала нанясеньне стратаў у буйных памерах.

У гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Адвакаты арыштаваных ніякіх камэнтароў не даюць, спасылаючыся на падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

Праваабаронца Алег Воўчак наконт гэтага кажа, што ўражаны абсурднасьцю абвінавачваньняў, а таксама тым, што ўлады ўсё хаваюць і ня могуць ясна давесьці грамадзтву, што ставіцца людзям у віну.

Ніякай зброі пры ператрусах не канфіскавалі
Воўчак: “А паводле тых матэрыялаў, якімі мы валодаем з роднымі арыштаваных, ніякай зброі пры ператрусах не канфіскавалі, ніякіх сьведкаў не было, вочных ставак за гэтыя 10 дзён ніхто не праводзіў”.

Дачка Юр’я Лявонава Юля сказала нашаму радыё, што сёньня мела размову зь лекарам, які лечыць яе бацьку. Юры Лявонаў дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі, праведзена яго абсьледаваньне, і лекар абяцаў, што ў хуткім часе яго перавядуць у СІЗА.

Згодна з раней агучанай вэрсіяй, арыштаваныя падазраюцца ў падпалах дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС і гаража работніка падатковай інспэкцыі, якія адбыліся ў 2004—2005 гадах.

Як ужо раней паведамляла наша радыё, ахвяры падпалаў заяўлялі, што ня маюць прэтэнзій да затрыманых, бо вінаватыя ўжо асуджаныя й адбываюць пакараньне.

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязьні. Яны былі асуджаныя да турэмнага зьняволеньня, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі. У мінулы аўторак павінна было разглядацца пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Мікалая Аўтуховіча.

17 лютага падчас свайго візыту ў Магілёў Аляксандар Лукашэнка камэнтаваў арышты прадпрымальнікаў і заявіў: “Яны ўжо ў апазыцыю пайшлі. У нас як толькі дзесьці і кагосьці прыдушылі за справу, тыповы злачынца – ён тады ўжо апазыцыянэр. Там, па-мойму, штосьці са зброяй было зьвязана...”

Арыштаваныя прадпрымальнікі застаюцца ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG