Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці дачакаюцца салдаты перамогі шкарпэтак над анучамі?”


Сямён Печанко<br />&nbsp;
Сямён Печанко<br />&nbsp;
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня — Сямён Печанко. Яму 28 гадоў, скончыў Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт. Служыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Тады ж даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя сучаснай нацянальнай арміі. З год таму яны ўвайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. Тады ж ён стаў ляўрэатам прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў “Вольнае слова”.

Сёньня Сямён Печанко разважае над тым, ці дачакаюцца беларускія салдаты перамогі шкарпэтак над анучамі?


— Расейскае войска нарэшце пазбаўляецца ад анучаў. Выкарыстоўвацца яны будуць у рэдкіх выпадках, запэўнівае Мінабароны РФ.

Добры прыклад для Беларусі. Чаго толькі не даводзілася чуць з вуснаў нашых вайсковых начальнікаў пра карысьць і перавагі “старых добрых портянок”! Нібыта недзе ў Сібіры нават міжнародныя вучэньні ладзілі, каб давесьці перавагу анучаў над шкарпэткамі.

Увесь той год, што я служыў у войску, мяне турбавала пытаньне — чаму ж тады афіцэры ды прапаршчыкі, а таксама кантрактнікі ня носяць гэты такі зручны элемэнт вайсковага гардэробу? Спадзяюся, прыклад расейскага войска справакуе нарэшце якасныя зрухі і ў нас.

Чаму ж тады афіцэры, прапаршчыкі ды кантрактнікі ня носяць гэты такі зручны элемэнт вайсковага гардэробу?
Калі ж казаць пра вайсковую форму ў цэлым, то тут нагодаў для аптымізму значна больш.

Яшчэ пяць гадоў таму на менскім чыгуначным вакзале па форме можна было не пытаючыся і не ўглядаючыся ў вайсковыя адзнакі даведацца, дзе служыў малады чалавек — у сталіцы ці па-за яе межамі.

Наваградзкія ці якія слонімскія жаўнеры ехалі на дэмбель у шынялях, сталічныя ваякі — у бушлатах.

Ну а сёньняшнія рэпартажы з Баранавічаў, Жодзіна і Межыцы, куды пайшлі служыць маладыя апазыцыянэры, сьведчаць: сучасная форма патрапіла такі за межы менскай кальцавой і абласных цэнтраў.

Ёсьць яшчэ відавочныя адрозьненьні ў якасьці той формы. Напрыклад, Іван Шыла на прысягу быў апрануты ў досыць якасны камуфляж, на руках меў пальчаткі.

А вось відэаролік з канцэрту “Старога Ольсы” ў адной з вайсковых частак 120-й Рагачоўскай мэханізаванай брыгады сьведчыць: там ладная частка жаўнераў носіць “шкло” — форму, пашытую з матэрыялу, які кепска “дыхае”.

Хочацца спадзявацца, што наша войска прыйдзе ўрэшце да адзінага стандарту вайсковай формы незалежна ад таго, хто куды патрапіць служыць. І што форма гэтая будзе ня з горшых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG