Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты і палітыкі гавораць пра крызіс запазычанасьці краінаў Усходняй Эўропы перад Заходняй, які можа яшчэ больш паглыбіць эканамічныя праблемы кантынэнту.

У апошнія дакрызісныя гады краіны Ўсходняй Эўропы дэманстравалі надзвычай высокія тэмпы росту сваіх эканомік – да 8% у год. Але ў значнай ступені гэты рост забясьпечваўся крэдытамі, якія Ўсход Эўропы браў у заходніх банках. У 2008 годзе гэтая запазычанасьць дасягнула ўражальнай лічбы ў паўтара трыльёна даляраў, прычым толькі за апошнія тры гады памер гэтых крэдытаў павялічыўся ўтрая.
Заходнія крэдыты спарадзілі ва Ўсходняй Эўропе маштабны рост будаўніцтва, сапраўдны бум на рынку нерухомасьці.

А потым надышоў усясьветны крызіс. І запазычанасьць з паказчыка росту ператварылася ў індыкатар складаных праблемаў. З аднаго боку, заходнія банкі зараз самі маюць вялікія цяжкасьці са сваімі даўгамі і абясцэненымі актывамі, і ня маюць магчымасьці далей крэдытаваць сваіх кліентаў на Ўсходзе Эўропы. А зь іншага боку, усё мацней робяцца перасьцярогі, што Ўсходняя Эўропа, якая таксама перажывае эканамічныя цяжкасьці, будзе ня ў стане вяртаць набраныя крэдыты.

Міністар фінансаў Аўстрыі Ёзэф Проэл паведаміў, што яго краіна дала крэдытаў Усходняй Эўропе на 230 мільярдаў эўра. Гэта 70% валавога ўнутранага прадукту Аўстрыі. Аўстрыйская газэта “Der Standard” прыводзіць меркаваньні экспэртаў, паводле якіх калі нават 10% аўстрыйскіх крэдытаў Усходняй Эўропе ня будуць вернутыя, гэта прывядзе да краху фінансавага сэктару краіны. А паводле ацэнак Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, доля безнадзейных даўгоў у запазычанасьці Ўсходняй Эўропы ўжо перавышае 10% і можа сягнуць да 20%.

Рашэньне праблемы на першы погляд парадаксальнае: каб Усходняя Эўропа магла расплаціцца з даўгамі, трэба ёй даць яшчэ грошай. Кіраўнік мінфіну Аўстрыі Проэл пераконвае калегаў з краінаў Зьвязу, што трэба даць краінам Усходняй Эўропы яшчэ 150 мільярдаў эўра пазыкаў. З такой жа ініцыятывай выступілі і галоўны аўстрыйскі банк “Raifeisen”, які стварыў для гэтага кансорцыюм з 10 банкаў, а таксама Цэнтральны банк Эўропы. Аднак многія краіны Зьвязу, і ў першую чаргу яго эканамічны “матор” Нямеччына, адмоўна ставяцца да прапановаў ратаваць каго-небудзь за межамі самога Зьвязу.

Зараз гэтую задачу ўратаваньня выконвае Міжнародны валютны фонд. Ён ужо даў крэдыты Беларусі, Вугоршчыне, Ісьляндыі, Латвіі, Пакістану і Украіне. Фонд ужо наблізіўся да мяжы свайго запасу у памеры 200 мільярдаў даляраў. Але краінам у крызісе патрэбная дадатковая дапамога. У надзвычай цяжкую сытуацыю з-за падзеньня цэнаў на сталь патрапіла, напрыклад, Украіна, дзе ВУП скараціўся на 12%.

Паводле экспэртаў краіны Ўсходняй Эўропы зь іх вялікімі дэфіцытамі плацёжнага балянсу стаяць перад жорсткай дылемай: ці рэзка скарачаць унутраны попыт, папросту кажучы, зьбядняць сваё насельніцтва, ці атрымліваць зьнешняе фінансаваньне. Апошняе значна больш прыемна, але ёсьць праблема – дзе тое фінансаваньне ўзяць.

Аднак ухіленьне Заходняй Эўропы ад гэтай праблемы можа нанесьці шкоду ёй жа самой: калі Ўсход кантынэнту будзе ня ў стане вярнуць даўгі, то гэта абрыне фінансы Заходняй Эўропы.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG