Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Машынабудаўнікі разьлічваюць на калгасы


Беларускае машынабудаваньне ў паласе зацяжнога фінансава-эканамічнага крызісу.

Экспартаарыентаваныя прадпрыемствы вымушана скарачаюць пастаўкі на зьнешні рынак, што вядзе да дэфіцыту абаротных сродкаў. Паводле афіцыйных дадзеных, аб’ём валютнай выручкі суб’ектаў гаспадараньня ў студзені скараціўся на 33,5% у параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году. Кіраўніцтва краіны абяцае дапамагчы прадпрыемствам, арыентаваным на вытворчасьць сельгастэхнікі. Астатнія мусяць шукаць выйсьце з крызіснай сытуацыі самастойна.

Учора ў Магілёве Аляксандар Лукашэнка заявіў: да пасяўной будуць прафінансаваныя закупы сельгастэхнікі для ўнутранага рынку. Грошы патрацяць на айчынную прадукцыю — трактары, грузавыя аўтамабілі ды іншае. На замежную тэхніку накладзены мараторый. Нават калі гаспадаркі захочуць уласным коштам набыць імпартныя аналягі, мэтазгоднасьць зьдзелкі трэба ўзгадняць зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

На прадпрыемствах, якія падпадаюць пад дзяржаўную апеку, такія захады ўхваляюць. У адміністрацыі Менскага трактарнага заводу выказалі меркаваньне, што ў беларускіх рэаліях найперш выжывуць тыя, хто працуе на сельскую гаспадарку:

Большая палова прадпрыемстваў у Беларусі ў выніку гэтага крызісу ўсё ж выжывуць
“Мяркую, што большая палова прадпрыемстваў у Беларусі ў выніку гэтага крызісу ўсё ж выжывуць. Найперш — прадпрыемствы перапрацоўчай галіны, бо ў нас нармальнае малако, мяса, іншая сельгаспрадукцыя. Аўтаматычна выжывуць і тыя, хто будзе працаваць на сельскую гаспадарку. МТЗ у тым ліку. Мы і цяпер існуем фактычна ў ранейшым рэжыме; скарачэньняў не было і пакуль не прадбачыцца. Працуем нармальна, на тэрыторыі тэхнікі асабліва не відаць, бо цяпер прадпрыемства працуе перадусім пад заказ. Цяпер жа ўсе намагаюцца працаваць за рэальныя грошы”.

Але няма такога аптымізму ў прамыславікоў, не завязаных на сельскую гаспадарку. Дабрабыт Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) залежыць ад платаздольнасьці замежных партнэраў. Са згортваньнем сыстэмы крэдытаваньня пакупнікоў усё меней, цяпер выконваюцца ў асноўным “дакрызісныя пагадненьні”. Уціснуцца ў праграму дзяржаўнага фінансаваньня сельскай гаспадаркі праблематычна — магутныя “Волаты” ў калгасах ня надта патрэбныя. Гаворыць начальнік упраўленьня маркетынгу МЗКЦ Віктар Казлоўскі:

Асноўным рынкам збыту застаецца ўсё ж Расея, у меншай ступені — СНД
“Заказы не сказаць каб моцна скарочаныя, проста зараз істотна ўскладнілася працэдура фінансаваньня па гэтых замовах. Гэта тычыцца банкавых крэдытаў, аплаты па лізінгу і г.д. Бо асноўным рынкам збыту застаецца ўсё ж Расея, у меншай ступені — СНД, іншыя краіны. У нас, у прынцыпе, ня тая сытуацыя, што трэба любым спосабам прадаць неліквідную тэхніку, намагацца яе расьпісаць дзесьці па калгасах. У нас спэцыяльная тэхніка, яна прызначана для эксплюатацыі ў складаных, жорсткіх умовах — ва ўмовах бездарожжа, нэгатыўных тэмпэратурных рэжымаў. То бок у нас спэцыяльная тэхніка, якая ня кожнаму калгасу і патрэбная”.

У найбольш складаную сытуацыю трапіў калектыў Менскага аўтазаводу. На заводзкіх пляцоўках стаіць некалькі тысяч вялікагрузных машын — па некаторых зьвестках, больш за 8 тысяч. Штампаваць новыя сэнсу няма — патэнцыйныя пакупнікі ня маюць магчымасьці працаваць нават з адтэрміноўкай плацяжу. МАЗ першым з гігантаў машынабудаваньня перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень, людзей пераводзяць на 2/3 заробку. Як кажа Валянцін Лопан, былы памочнік генэральнага дырэктара заводу, перавытворчасьць вядзе да новых праблемаў — захоўваньне тэхнікі ў непрыстасаваных умовах цягне за сабой дадатковыя выдаткі:

Машыны трэба на працяглае захоўваньне кансэрваваць. А гэта праца, гэта матэрыялы; чымсьці трэба абмазваць, накрываць. Што наўрад ці робіцца
“Машыны, калі зь імі па-гаспадарску абыходзіцца, трэба на працяглае захоўваньне кансэрваваць. А гэта праца, гэта матэрыялы; чымсьці трэба абмазваць, накрываць. Што наўрад ці робіцца ў поўным маштабе. А гэта значыць, што зь цягам часу яны будуць губляць свой спажывецкі выгляд — іржа недзе пойдзе. Зьмена кліматычных умоваў — дождж, сьнег, мароз, сонца — прыводзіць да таго, што некаторыя дэталі будуць рабіцца непрыдатнымі. Таксама ў кожнай машыне, паводле стандартаў, павінна быць заліта ў бак паліва, каб у выпадку надзвычайнага здарэньня іх можна было хутка эвакуяваць. Мінімум літраў дзесяць у кожную трэба заліць — то бок яшчэ і паліва прыплюсоўваецца. Да таго ж, увесь гэты аўтапарк трэба ахоўваць”.

Згодна з Нацыянальным статыстычным камітэтам, паводле зьвестак на 1 лютага суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці ў Беларусі склалі амаль 85%. Год таму гэты паказьнік быў на ўзроўні 50%. У галіне машынабудаваньня гэтыя суадносіны сярод найбольшых — амаль 150%, падвышэньне ажно на 65%. Напярэдадні ў справаздачы Аляксандру Лукашэнку прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі адзначыў: зьніжэньне аб’ёмаў рэалізацыі беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў як на зьнешнім, так і на ўнутраным рынку за мінулыя 4—5 месяцаў склала 30%. Асноўнай прычынай — крызіс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG