Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўразьвязу даводзіцца ісьці па вельмі вузкай кладачцы”


Мы зьвязаліся з Ахтам Лоб'якасам, шматгадовым карэспандэнтам Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Брусэлі, каб даведацца пра мэты візыту кіраўніка зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хавіера Саляны ў Менск.

Радыё Свабода: 14 і 16 лютага менская міліцыя жорстка разагнала мірныя дэманстрацыі апазыцыі. На мінулым тыдні былі арыштаваныя былыя палітвязьні Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Чаму на тле такіх відавочна нелібэральных дзеяньняў беларускіх уладаў візыт Хавіера Саляны ў Беларусь усё ж адбываецца? Чаму наогул ён адбываецца менавіта цяпер?

Ахта Лоб'якас: Я думаю, нам тут трэба глянуць на шырэйшую карціну. Візыт — гэта частка намаганьняў Эўразьвязу зрабіць абсалютна ўсё магчымае, каб далучыць Беларусь да гэтак званага Ўсходняга партнэрства. Праграма Ўсходняга партнэрства была запрапанаваная шасьці постсавецкім краінам, і гэтая прапанова будзе афіцыйна зацьверджаная ў сакавіку. Так што Саляна будзе абмяркоўваць з уладамі ў Менску засьцярогі Эўразьвязу да іх, будзе абмяркоўваць гэтую прапанову і шукаць шляхоў паразуменьня, каб Беларусь далучылася да гэтай ініцыятывы.

Радыё Свабода: На Ваш погляд, наколькі Эўразьвяз зацікаўлены ў далучэньні Беларусі да праграмы Ўсходняга партнэрства? Паводле заяваў прадстаўнікоў Эўразьвязу Беларусь запрошаная ў гэту праграму ўмоўна, яна павінна яшчэ зрабіць пэўныя крокі ў накірунку дэмакратызацыі, каб атрымаць паўнацэннае запрашэньне. Ці гэтыя ўмовы ўжо па змаўчаньні зьнятыя?

Ахта Лоб'якас: Не. Але Эўразьвязу тут даводзіцца ісьці па вельмі вузкай кладачцы. З аднаго боку, вы маеце рацыю — існуюць доўгатэрміновыя патрабаваньні Эўразьвязу адносна дэмакратызацыі, правоў чалавека, прававой дзяржавы і таму падобнае. Але з другога, і гэта таксама зусім відавочна, шмат дзяржаваў-сяброў і шмат вядучых палітыкаў Эўразьвязу выразна і востра адчулі патрэбу зрабіць нешта, каб прадухіліць сасьлізгваньне усходніх суседзяў Эўразьвязу ў расейскую зону ўплыву. Усходняе партнэрства — гэта адказ Эўразьвязу на такую пагрозу. Аднак рэч у тым, што безь Беларусі гэтак званае шматбаковае вымярэньне Ўсходняга партнэрства будзе пустым гукам. Калі не далучыцца Беларусь, праграма будзе ўсяго наборам двухбаковых пагадненьняў — паміж Эўразьвязам і Ўкраінай, паміж Эўразьвязам і Малдовай ці Грузіяй, і так далей, — але яна ня будзе мець шматбаковай, рэгіянальнай дынамікі. Я думаю, што тут Эўразьвяз дзейнічае з геапалітычнага разьліку, стараючыся зьмякчыць тыя аб’ектыўныя патрабаваньні і заключыць хоць якое-небудзь пагадненьне зь Беларусьсю.

Радыё Свабода: Многія апазыцыйныя палітыкі крытыкуюць новую стратэгію Брусэлю, на іх погляд, лібэралізацыя ў Беларусі ўяўная, гэта будоўля “пацёмкінскіх вёсак” для таго ж Эўразьвязу, тым часам як рэжым зноў пачынае практыкаваць перасьлед сваіх палітычных апанэнтаў. Чаму, на Ваш погляд, гэтыя аргумэнты і меркаваньні не пераконваюць прадстаўнікоў Эўразьвязу?

Ахта Лоб'якас: Гэта таму, што беларуская апазыцыя не была дастаткова пасьлядоўная ў прадстаўленьні сваіх аргумэнтаў. Здаецца, у кастрычніку мінулага году спадар Аляксандар Мілінкевіч і яшчэ адзін апазыцыйны палітык, чыё прозьвішча я цяпер не магу прыгадаць, выступалі ў Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі, і іх пасланьне было цалкам адназначнае: Эўразьвяз у першую чаргу мусіць забясьпечыць незалежнасьць Беларусі. Мілінкевіч і іншыя далі выразна зразумець, што паміж Эўразьвязам і Лукашэнкам трэба наладзіць нейкі дыялёг. У гэтым сэнсе Эўразьвяз робіць дакладна тое, што падказвалі некаторыя апазыцыйныя лідэры, прынамсі да гэтага моманту.
XS
SM
MD
LG