Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: дырэктара судзяць за крадзеж 8 мільярдаў


Гомельскі абласны суд працягвае слуханьні крымінальнай справы ў дачыненьні да былога генэральнага дырэктара Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбіната Міхаіла Комара.


Яго абвінавачваюць у буйным крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Крымінальным кодэксам за гэта прадугледжваецца пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці й пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

У Рагачове на малочна-кансэрвавым камбінаце ведаюць пра суд над былым кіраўніком. Вось што кажуць былыя падначаленыя Міхаіла Комара:

“Ён забясьпечваў працай наш малочны камбінат. Дысцыпліна была, нічога тут ня скажаш. Ён дысцыпліну трымаў. Усе працавалі. У сэзон працавалі часам так, што толькі два дні на месяц давалі выходныя”, — распавядае спадар Мікалай.

“Яны там, у Расеі, збыт знаходзілі. Арганізавалі нейкае дылерскае прадпрыемства. У Маскве быў прадстаўнік нашага малочна-кансэрвавага камбінату. Знаходзілі пакупнікоў і адпраўлялі вагонамі прадукцыю ў Расею”, — дадае рабочы Пятро.

Паводле сьледзтва, якраз праз маскоўскае прадстаўніцтва камбінату, якое ачольваў сын генэральнага дырэктара Міхаіла Комара, і было скрадзена цягам 2006—2008 гадоў звыш 8 мільярдаў рублёў. Сьледзтва вяла Гомельская ўправа КДБ.

З расейскімі фірмамі заключаліся дамовы на аказаньне прадстаўніцтву Рагачоўскага камбінату рэклямных паслугаў, а пералічаныя на рахункі фірмаў грошы пераводзіліся ў гатоўку.

Мінулым летам, калі 57-гадовы дырэктар Комар ляжаў у шпіталі, яго арыштавалі. Сыну спадара Комара ўдалося схавацца. Нядаўна яго адшукалі ў Гішпаніі. Пасьля экстрадыцыі над ім таксама павінен адбыцца суд.

Пасьля зьмены кіраўніцтва на Рагачоўскім малочна-кансэрвавым камбінаце працаўнікі спачатку адчулі былі зьмены на лепшае. Цяпер, аднак, заробкі зьніжаюцца.

“Як толькі дырэктар новы прыйшоў, у першы месяц адчулі, што заробак падвысіўся. Але ўжо сёлета ў студзені заробкі ў рабочых зьнізіліся. А ў лютым, кажуць, яны будуць яшчэ меншымі”, — распавяла адна з працаўніц Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату.
XS
SM
MD
LG