Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наўкол — безуладзьдзе і ўсёдазволенасьць аднаго чалавека”


Разгон акцыі Маладога фронту да дня сьвятога Валянціна, прымусовае высяленьне з прыватнага дома менчука Васіля Хадзькова, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.



Актывісты Маладога фронту абскардзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і ў пракуратуры ўжываньне сілы менскім спэцназам пры разгоне акцыі 14 лютага. Пра зьбіцьцё моладзі на дзень сьвятога Валянціна і наступнае выказваньне:

Спадар: “Беларускія сілавыя структуры, ганьба і грэх вам на сумленьне, што зьбілі столькі моладзі Беларусі ў дзень сусьветнага сьвята сьвятога Валянціна!”

Падчас зносу згарэў прыватны дом менчука Васіля Хадзькова, які пратэставаў супраць перасяленьня яго ў адну кватэру з былой жонкай. Перасяленьне зьвязанае з будаўніцтвам мэтро. Раней суд прызнаў скасаваньне шлюбу спадара Хадзькова фіктыўным. Камэнтар слухача:

Дзядзька Міхась: “Я ўсё жыцьцё прапрацаваў сельскім трактарыстам, але ж цьвёрда ведаю: калі ў дзяржаве ёсьць законы і пануе нейкі парадак, то як жа так адбываецца? Той жа суд, які разьвёў Васіля на вуліцы Прылуцкай, дзе мэтро будуюць, сёньня кажа, што яго развод фіктыўны, і высяляюць яго са свайго ўласнага дома. Дык тады паўстае пытаньне: можа, суд гэты фіктыўны? Калі тое рашэньне пра развод законнае, дык чаму незаконна яго высяляюць рашэньнем гэтага ж Маскоўскага суду? Дык дзе ж тут суд? Няма ніякага суду, няма ніякага права, а ёсьць безуладзьдзе і ўсёдазволенасьць аднаго чалавека”.

Працягваем праграму наступным выказваньнем:

Спадар: “У “Народнай Волі” прачытаў артыкул Анатоля Лябедзькі. Але, па-мойму, некарэктная назва — “Мы гатовы размаўляць хоць з д’яблам”. Выбачайце, але гэтыя размовы да дабра не давядуць. З гэтых сетак потым ня выблытацца ніяк. Д’яблу толькі прадаюць душу, і гэта ўжо канчатковае рашэньне”.

Выказваньне камэнтуе кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Думка, якая туды закладзеная, ня новая. Калісьці Ўінстан Чэрчыль таксама гаварыў адносна магчымага дыялёгу са Сталіным, што гатовы размаўляць хоць з д’яблам, каб перамагчы фашызм, які быў пагрозай для чалавецтва. І гэта дало вынік — аб’яднаўшыся са Сталіным, перамаглі фашызм. Таму ўсё можа быць у палітыцы, мажлівыя і такія кампрамісы. Я не праваабаронца, я палітык”.

На заканчэньне — творчасьць нашых слухачоў: Браніслава Браніславаўна сьпявае для сіротаў.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266—39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG