Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Якая ж гэта лібэралізацыя? Адна хлусьня...”


Жыцьцё ва ўмовах эканамічнага крызісу — тэма большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя лютаўскія дні. Многія людзі страчваюць працу, некаторым скарачаюць заробкі альбо пераводзяць на няпоўны працоўны тыдзень. Няпэўнасьць, боязь заўтрашняга дня, трывога за лёс сям’і — вось настроі, якія пануюць у грамадзтве. Гэта адбіваецца і на пошце “Свабоды”.


Уласнымі меркаваньнямі наконт эканамічнага заняпаду і некаторых рэаліяў вясковага жыцьця дзеліцца ў сваім лісьце на “Свабоду” Дзяніс Барэйка зь вёскі Юркаўшчына Докшыцкага раёну. Слухач піша:

“Яшчэ гады два-тры таму прэзыдэнт Лукашэнка казаў, што Беларусь будзе абыходзіцца без замежных крэдытаў, каб не закабаляць дзяцей ды ўнукаў. Цяпер жа гэтыя крэдыты беларуская ўлада выпрошвае ледзь не на каленях — і на Ўсходзе, і на Захадзе. Набудуюць лядовых палацаў у кожным горадзе, а настане час гэтыя крэдыты вяртаць — вось тады мы і паспытаем, што такое фінансава-эканамічны крызіс. А так званая беларуская мадэль разьвіцьця пацерпіць поўны крах”.

Далей у сваім лісьце Дзяніс Барэйка паведамляе пра некаторыя клопаты, якія турбуюць жыхароў ягонай вёскі. Яшчэ адна цытата з допісу:

“Нават у суровыя сталінскія гады ўлада не ўсталёўвала тэрміны збору лясных ягад і ня ўводзіла штрафы за іх парушэньне. І чаму ў Менску павінны вырашаць, калі мне ў Докшыцкім раёне можна ісьці ў ягады? Перасьпелыя ягады асыпаюцца, а пайдзі іх зьбіраць — зьяўляецца міліцыянт і выпісвае штраф. Няўжо дзяржаве выгадней купляць сокі за мяжой, чым даць свабоду сваім людзям, якія самастойна забясьпечаць сябе вітамінамі?

Ці яшчэ адна праблема. З высокіх трыбунаў любяць гаварыць, што ў нас з году ў год расьце ўраджайнасьць збожжа. Дык чаму ў такім разе ўвесь час падвышаюць цэны на хлеб? Можа, тая ўраджайнасьць — “дзьмутая?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Дзяніс Барэйка зь вёскі Юркаўшчына Докшыцкага раёну.

Узважваць ці то збожжа, ці мяса, ці малако так, каб атрымаць лічбы, якія б спадабаліся начальству, у калгасах за гады камуністычнай улады навучыліся віртуозна. Паводле ўсіх зводак і справаздач, у Савецкім Саюзе вырошчвалася і выраблялася неверагодная колькасьць ежы — прычым лічбы ад пяцігодкі да пяцігодкі расьлі ў разы. На старшынь калгасаў ліўся залаты дождж ордэнаў і мэдалёў. А савецкі рабочы, прыйшоўшы пасьля працы ў харчовую краму, бачыў на паліцах замест мяса — гавяджыя капыты, а замест масла — бляшанкі “кількі ў тамаце”.

І яшчэ — наконт імкненьня сёньняшняй улады залезьці ў кішэню вясковага жыхара і вытрасьці адтуль апошнія грошы. У Беларусі ўведзеныя вялізныя штрафы і нават крымінальная адказнасьць за тое, што чалавек без дазволу зловіць рыбу ў сваёй рацэ альбо ўпалюе зайца ў сваім лесе. Тое, што большасьць вясковых людзей ня можа нармальна харчавацца на мізэрныя калгасныя заробкі, у разьлік пры гэтым не бярэцца. Цяпер вось, як бачна, у чыноўнікаў дайшлі рукі і да лясных ягад.

Свой адказ на пытаньне пра тое, ці пачалася ў Беларусі рэальная лібэралізацыя грамадзкага жыцьця, дае наш слухач Ігар Сьцябуля зь Менску. У лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Якая ж гэта лібэралізацыя, якая свабода — адна хлусьня чуецца з усіх тэлеканалаў, якія толькі і робяць, што хваляць уладу і ўводзяць у зман насельніцтва. А вось Радыё Свабода на кароткіх хвалях у Беларусі паспрабуй пачуй...

Для мяне вельмі дзіўна тое, што Міжнародны валютны фонд пагадзіўся выдаць Беларусі больш як двухмільярдны крэдыт. Якія заўважныя рынкавыя пераўтварэньні праведзены ў беларускай эканоміцы за апошнія чатырнаццаць год, што заходнія фінансісты раптам адважыліся на такое рашэньне? А я думаю, што гэты крэдыт альбо змарнуюць, альбо прагуляюць чыноўнікі, і толку ў выніку ня будзе ніякага. Гэтыя людзі проста ня ведаюць, што рабіць у складаных умовах крызісу. Для іх адзіны зразумелы і зручны грамадзкі лад — так званы “рынкавы сацыялізм”, нічога іншага яны ствараць ня ўмеюць. А МВФ чамусьці пагаджаецца гуляць зь імі ў гэтыя гульні”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Сьцябуля зь Менску.

Беларусь зь сярэдзіны 90-х гадоў — сябра Міжнароднага валютнага фонду, і таму яна нароўні зь іншымі краінамі мае права на крэдыты МВФ — асабліва ў цяперашняй складанай эканамічнай сытуацыі. Дзеля таго каб атрымаць заходнія грошы, беларускі ўрад вымушаны быў пагадзіцца на шэраг непапулярных крокаў, якія павінны прывесьці да аздараўленьня фінансавай сыстэмы. Ён абавязаўся праводзіць больш жорсткую манэтарную і курсавую палітыку, увесьці падатковыя абмежаваньні, зьнізіць фінансаваньне нерэнтабэльных галінаў. Карацей кажучы, МВФ атрымаў цьвёрдыя абяцаньні, што ягоныя грошы ня будуць пушчаныя на вецер і што Беларусь своечасова верне пазычанае.

Пра тое, якім чынам улада можа і павінна эканоміць бюджэтныя грошы падчас крызісу, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Слухач піша:

“У чыноўнікаў, дырэктараў прадпрыемстваў трэба адабраць такі прывілей, як службовыя аўтамабілі з вадзіцелямі. На крайні выпадак можна пакінуць машыны асабліва буйным чынам. Усе астатнія могуць перасесьці за руль уласных аўто, як гэта прынята ў іншых краінах.

Далей: адзіны падаходны падатак, уведзены з 1 студзеня — памылка. У выніку бедныя стануць яшчэ бяднейшымі, а багатыя павялічаць свае капіталы. Прапаную падатак зь бедных — 5—6 працэнтаў, з багатых — 40—50.

Камітэту дзяржкантролю варта праверыць, што за рабочыя занятыя на будаўніцтве катэджаў для буйных начальнікаў. Упэўнены, што на многіх такіх будоўлях працуюць падначаленыя гаспадара будоўлі, а аплачваецца ўсё зь дзяржаўнага бюджэту.

Яшчэ адна прапанова — скараціць армію дворнікаў. Упэўнены, што па колькасьці міліцыянтаў і дворнікаў мы ўжо даўно наперадзе плянэты ўсёй. А працоўныя рукі, якія ў выніку вызваляцца, можна накіраваць на больш карысную працу. За чысьцінёй жа на вуліцах няхай сочаць міліцыянты. Як, напрыклад, у Нямеччыне: адзін плявок на тратуар — штраф 30 эўра.

І не марнаваць грошы на касьбу травы ў гарадах. Касцы, касілкі, бэнзін — усё гэта вельмі дарагое”.


Сумнеўна, спадар Валошка, што дворнікаў магчыма замяніць міліцыянтамі і што гэта можна даць эканамічны эфэкт. Варта мець на ўвазе: заробак беларускага прапаршчыка міліцыі разоў у дзесяць вышэйшы, чым у дворніка. Дый узровень побытавай культуры ў Беларусі і, напрыклад, згаданай вамі Нямеччыне цяжкапараўнальны. Напрыклад, міліцэйскі сяржант, які сплёўвае акурак міма сьметніцы — не такая ўжо рэдкая зьява ў любым беларускім горадзе. Уявіць такое ў Нямеччыне — цяжка.

Дый куды, на якую больш прыбытковую працу накіраваць дворнікаў і рабочых “Зеленгасаў” у сёньняшніх умовах, калі амаль усе прамысловыя прадпрыемствы масава скарачаюць работнікаў і пераходзяць на скарочаны рэжым працы?

У наступных некалькіх лістах — водгукі нашых слухачоў на перадачы “Свабоды”. Вось што піша Марыя Жукевіч з Горадні:

“Хоць уключаю прыймач кожны дзень, але, на жаль, не заўсёды ўдаецца злавіць хвалю “Свабоды” і паслухаць вас. Але і тыя рэдкія перадачы, якія атрымліваецца пачуць праз шум і трэск, прыносяць мне вялікую радасьць, адчуваньне нечага свайго, роднага, блізкага. Люблю слухаць пісьмы і званкі на “Свабоду”. У іх адчуваецца стан людзкой душы, клопат пра будучыню, боль за недахопы ў нашым жыцьці, шчырая любоў да Бацькаўшчыны”.

Аўтар наступнага ліста — Уладзімер Луня з Ашмянаў.

“Штодзённа малюся за вас і мілую Беларусь,— піша слухач. — Вельмі веру, што Бог пачуе мяне і заплаціць дабром за вашу такую патрэбную для Радзімы і для будучыні дзяцей і ўнукаў працу.

Вучыце праз свабоднае радыё ўсіх людзей веры ў Бога. Беларусы спрадвеку гаварылі: “Бяз Бога — ані да парога”. І ў гэтым — народная мудрасьць і праўда”.


А на заканчэньне — урывак зь вершаванага ліста Жанны Цыркуновай зь Менску. Слухачка піша:

“Слухаць можна увесь час,
Што працуеце для нас.
Падарожжы, Атлянтыда,
Ці як лёс куды раскідаў...
Ўсё цікава, пазнавальна
І, канечне ж, актуальна.
“Вольнай студыі” гасьціннасьць,
Аналітыкаў дасьціпнасьць,
І дыскусіі экспэртаў,
І гісторыі з капэртаў...”


Дзякуй, спадарыня Жанна, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG