Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі армія па-за палітыкай, чаму там прысутнічае БРСМ?”


Сямён Печанко

Сямён Печанко

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня — Сямён Печанко. Яму 28 гадоў, скончыў Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт. Служыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Тады ж даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А на пачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя сучаснай нацянальнай арміі. З год таму яны ўвайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. Тады ж ён стаў ляўрэатам прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў “Вольнае слова”. Сёньня Сямён Печанко разважае над тым, як стасуюцца войска і палітыка.

— Вайсковы статут Узброеных сілаў Беларусі адназначна кажа, што ў часе службы вайсковец ня мае права належыць да якой бы то ні было палітычнай сілы ці грамадзкага аб’яднаньня.

Тым ня менш, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі вельмі грунтоўна ўладкаваўся ў беларускім войску. Прыём у сябры арганізацыі праходзіць ва ўрачыстай абстаноўцы. У маім выпадку гэта адбывалася на цэнтральнай плошчы Наваградка 9 траўня.

Мяне асабіста факт прыёму ў БРСМ вайскоўцаў тэрміновай службы зьдзівіў непрыемна. Найперш праз тое, што рабілася гэта фактычна ў абыход вайсковага статуту, а таксама з-за таго, як гэта рабілася.

Да нас у полк завітаў старшыня раённай арганізацыі. Нятанна апрануты малады чалавек, які вельмі самаўпэўнена і напышліва расказваў пра сваю арганізацыю. Асноўны акцэнт ён рабіў на льготах, якія мы маглі атрымаць уступіўшы ў БРСМ. Абяцаў да канца году падключыць да сьпісу аб’ектаў, што аказваюць сябрам арганізацыі льготныя паслугі, прыватную стаматалягічную лякарню.

Ббез “касамольскай” коркі на кантракт проста не прымалі.
Штопраўда, нам давялі: справа ўступленьня/неўступленьня абсалютна добраахвотная. Але жадаючых застацца на кантракт пакінулі бяз выбару — без “касамольскай” коркі на кантракт проста не прымалі.

Так было колькі гадоў таму. Думаю, што за гэты час мала што зьмянілася. Але некаторыя зрухі ёсьць.

Напрыклад, Зьміцер Жалезьнічэнка, які не прыняў прысягі й нават у войску пазыцыянуе сябе, як сябра Партыі БНФ.

Некаторыя мае камандзіры напружваліся пры выглядзе незалежнай прэсы (я стала набываў у шапіках “Нашу Ніву”). А выпісвалі мы спрэс “СБ” ды “Ваенгазету”. Цяпер жа даводзіцца чуць пра досыць ляяльнае стаўленне да той жа “НН” у шэрагу вайсковых частак.

У любым разе, хацелася б пачуць ад вайсковага кіраўніцтва канкрэтны адказ на пытаньне: наша войска па-за палітыкай ці не? Бо інакш прысутнасьць у войску адной грамадзкай арганізацыі, якую небеспадстаўна лічаць праўладнай, ставіць у няроўныя ўмовы маладых людзей, што маюць палітычныя погляды адрозныя ад афіцыйных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG