Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавускі суд не пазнаў у “Крывым” Няроўнага


Чавускі раённы суд не задаволіў пазоў рэдактара газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага й заснавальніка выданьня Ўладзімера Кудраўцава супраць рэдакцыі газэты крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч”.

Праз суд журналісты недзяржаўнага выданьня намагаліся абароніць свае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, а таксама спагнаць кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

Судовы працэс пачаўся яшчэ 28 сьнежня 2007 году. Нагодай для яго сталіся гумарэскі, якія публікавала крычаўская раёнка кожную суботу з 2005 да 2007 году. Іх, як высьветліў суд, пісалі рэдактарка “Ленінскага клічу” Тацяна Іўкіна, яе намесьнік Уладзімер Далецкі, а таксама карэспандэнты выданьня Аляксандар Гаўрыленка ды Анатоль Іваноў.

У гумарэсках апісвалася дзейнасьць крычаўскіх апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў ды журналістаў недзяржаўных выданьняў. Паводле лінгвістычнай экспэртызы, у пэрсанажах гумарэсак празь віды дзейнасьці, характарыстыкі, палітычныя прыхільнасьці пазнаюцца канкрэтныя асобы, хоць іх прозьвішчы й скажоныя да зьневажальных мянушак.

Сяргей Няроўны адразу ж пасьля судовага паседжаньня паведаміў, што судзьдзя Алена Каралько праігнаравала вынікі экспэртызы:

“Яна нічога пра экспэртызу не сказала. Суд не пазнаў у «Крывым» Няроўнага, а ў «Кучаравым» — Кудраўцава. Калі ведаць сытуацыю зь беларускімі судамі й з пракуратурай, вырак у прынцыпе заканамерны. Цяпер галоўнае, што мы павінны зрабіць у нашай газэце, дык напісаць пра гэты працэс. Для нас важна, што думаюць наконт гэтага крычаўскія чытачы, а ня чавускі суд”.

Паводле Сяргея Няроўнага, судзьдзя папярэдзіла выдаўцоў “Ленінскага клічу” пра недапушчальнасьць падобных публікацыяў у будучыні. Што да выраку, то спадар Няроўны кажа, што будзе яго абскарджваць у Магілёўскім абласным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG