Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будзе трэці ўрад


На сёньняшні дзень у Беларусі існуе афіцыйны ўрад, які ачольвае Сяргей Сідорскі. Ценявым урадам называе сябе час ад часу Нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, на чале якога стаіць Анатоль Лябедзька. А сёньня ў Менску заявілі пра стварэньне яшчэ аднаго ўраду — электроннага.

Жаданьне мець паўнавартасны электронны ўрад прагучала на сэмінары, які арганізавалі менскі офіс АБСЭ і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Беларусі. Дырэктар гэтага цэнтру Валеры Міцкевіч тлумачыць, што такое электронны ўрад:

“Электронны ўрад займае цэнтральнае месца ў інфармацыйным грамадзтве. Гэта азначае прадстаўленьне арганізацыям і грамадзянам публічнай інфармацыі і паслуг з дапамогай інфармацыйных тэхналёгіяў. Гэтыя тэхналёгіі зьвязаныя з інтэрнэтам. Паколькі электронны ўрад працуе круглыя суткі, то гэтыя паслугі зручныя, недарагія і даступныя”.

Простымі словамі, карыстальнік інтэрнэту, не выходзячы з дому, можа атрымаць даведку, аплаціць падаткі, правесьці банкаўскія апэрацыі і нават прагаласаваць.
Не выходзячы з дому, можа атрымаць даведку, аплаціць падаткі, правесьці банкаўскія апэрацыі і нават прагаласаваць.
Так, прынамсі, цяпер адбываецца ў Эстоніі, якая стала лідэрам ў гэтай справе на постсавецкай прасторы.

Валеры Міцкевіч канстатуе: электронны ўрад дазваляе чалавеку ў меншай ступені залежыць ад уладаў:

“Стварэньне электроннага ўраду — гэта сродак наблізіць чыноўніка да грамадзяніна. І да таго ж яшчэ і сродак паніжэньня суб’ектыўнага фактару, калі чыноўнік і грамадзянін кантактуюць не асабіста, а праз інтэрнэт. Любая справа знаходзіцца на кантролі, а грамадзянін можа сам прасачыць, як вырашаецца ягонае пытаньне. Гэта і ёсьць адна з ключавых мэтаў стварэньня электроннага ўраду”.

Спэцыялісты казалі: чым больш карыстальнікаў інтэрнэтам, тым эфэктыўней працуе электронны ўрад. У Эстоніі, прыкладам, 66% насельніцтва засвоілі ўсясьветную павуціну. У Беларусі такіх, нібыта, на 10% менш. Аднак кандыдата эканамічных навук Леаніда Заіку куды больш хвалюе другі суб’ект кантактаў — чыноўнік. Бяз новай інтэлектуальнай культуры чыноўніка ўсе намаганьні наладзіць электронную сыстэму стануць марнымі, — падкрэсьлівае навуковец:

Леанід Заіка
“І з гэтай інтэлектуальнай культурай якраз і не пашанцавала. Сярэдні беларускі чыноўнік разьлічвае на «паддывановае» рашэньне праблемаў. То бок, усё самае важнае, самае каштоўнае чынавенства вырашае паміж сабою. І гэта галоўная перашкода, якая будзе працэс стрымліваць”.

Леанід Заіка лічыць найважнейшым элемэнтам электроннага дыялёгу — адпаведнае стаўленьне да яго з боку ўладаў:

“І наяўнасьць волі, асабліва чыноўнікаў, да працы ў рэжыме адкрытасьці, у рэжыме даступнасьці, у рэжыме супрацоўніцтва з насельніцтвам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG