Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёмасьць “пажарнікаў” прадаюць “з малатка”


Апошнія гады гэтая будыніна стаяла побач з цыркам бяз вокнаў і ніяк не выкарыстоўвалася.

Паводле абласной пракуратуры, у бліжэйшы час на аўкцыён будзе выстаўленая й іншая маёмасьць “пажарнікаў”. У прыватнасьці, офіс прыватнага прадпрыемства, складзкія памяшканьні, гаражы, некаторыя іншыя збудаваньні.

Згаданая маёмасьць, зарэгістраваная на пакараных ужо чальцоў бандыцкай групоўкі альбо іхніх сваякоў, канфіскавана на падставе рашэньняў судоў. Грошы ад продажу маёмасьці будуць накіраваны на кампэнсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды пацярпелым. У прыватнасьці, аднаму зь іх “пажарнікі” павінны сплаціць 668,2 мільёны рублёў.

Злачынная групоўка “пажарнікаў” існавала ў Гомелі звыш дзесяці гадоў. Яна займалася вымагальніцтвам на Цэнтральным рынку, некаторых іншых гандлёвых кропках, учыняла рабаўніцтвы, крадзяжы і разбоі, кантралявала валютчыкаў, прастытутак, таксоўшчыкаў.

У 2006-2007 гадах абласны суд пакараў рознымі тэрмінамі зьняволеньня 46 чальцоў групоўкі “пажарнікі”. Летась шасьцёра гамельчукоў прызнаны вінаватымі й пазбаўлены волі ад 9 да 15 з паловай гадоў за стварэньне й кіраўніцтва злачыннай групоўкай.

Днямі сьледчы аддзел абласной пракуратуры перадаў у аблсуд для разгляду яшчэ трох “пажарнікаў”, якія былі затрыманыя ў Маскве й экстрадыраваны ў Беларусь. Яны таксама фігуруюць у справе як лідэры групоўкі “пажарнікі”.




XS
SM
MD
LG