Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайсьці продка можна за 1,5 мільёна


Летась у дзяржаўную архіўную службу Беларусі зьвярнуліся больш за 600 чалавек, якія жадаюць даведацца пра свой радавод. Гэта грамадзяне Беларусі, Расеі, Украіны, Ізраілю, ЗША, Вялікабрытаніі, Літвы, Польшчы, Францыі ды іншых краінаў.


Архіварыюсы сьведчаць, што сярод беларусаў расьце цікавасьць да сваёй мікрагісторыі — гісторыі ўласнай сем’і. Такая тэндэнцыя назіраецца ад пачатку 1990-х. Пры гэтым спэцыялісты дадаюць, што сваё генэалягічнае дрэва па-ранейшаму ведае вельмі нязначная колькасьць насельніцтва.

Менская пэнсіянэрка, ураджэнка Валожына Святлана Мэльцэр распавяла наступную гісторыю.

Нядаўна ў яе кватэры раздаўся тэлефонны званок. З ЗША тэлефанаваў далёкі сваяк, зь якім яна даўно ня мела аніякіх кантактаў. Ён сказаў, што выпадкова даведаўся пра яе каардынаты, а таму вырашыў спытаць, ці павіншавала яна свайго стрыечнага дзядзьку Шымона Пэрэса, больш вядомага на Валожыншчыне як Сямёна Перскага, з абраньнем на прэзыдэнта Ізраілю.

Ад зьдзіўленьня Святлана маўчала цэлую хвіліну. Сваяк абурыўся. Ён сказаў, што, жывучы ў ЗША, змог вывучыць увесь іхны радавод. І Сьвятланіна бабуля — маці яе бацькі Зэліка — родная сястра Шымонавай маці.

“Для нас Пэрэс куды больш далёкі родзіч, аднак мы даслалі яму віншаваньне“, — ушчуваў амэрыканскі дзядзька.

Святлана Мэльцэр працягвае:

“Віншаваньне прэзыдэнту пісала дзядзькава ўнучка. Яна ўдакладніла, што даводзіцца Зэліку Мэльцэру ўнучатай пляменьніцай. І ён адказаў ёй, што добра памятае майго бацьку, запрасіў дзяўчыну ў Ізраіль. Дарэчы, калі Пэрэс прыяжджаў у Валожын — але хто мне тады пра гэта сказаў? толькі потым! — яго павезьлі ў Вішнева, у Валожын, на нашу вуліцу, і Пэрэс сказаў: “Вось тут стаяла хата Мэльцэра Зэліка, майго сваяка. А дзе ён?” Але ж людзі побач ня ведалі, усе бацькавы раўналеткі і сябры даўно памерлі”.

Як кажа Сьвятлана, ёй вельмі сорамна і непрыемна быць гэткім Іванам-бязродзічам. Аднак, як яна лічыць, у гэтым не вінаватыя ні яна, ні яе бацькі, якія прайшлі гітлераўскае гета ды сталінскія рэпрэсіі, зазналі родавую ганьбу за шлюб з іншаверцамі. Усё жыцьцё, каб не нашкодзіць дзецям, яны трымалі ў таямніцы ўласныя карані, баяліся падтрымліваць нейкія сувязі з родзічамі, якія зьехалі ў замежжа. І калі пра бацьку Святланы цяпер можна знайсьці нейкія зьвесткі, то шанцаў даведацца штосьці пра маці — прадстаўніцу сасланага пад Архангельск беларускага роду Яхімоўскіх — немагчыма. Святлане невядома нават, як звалі па бацьку яе дзеда. Яе маці казала, што ня ведае гэтага.

А ведаць такія рэчы для складаньня радаводу і працы ў архівах — абавязкова. Таксама пажадана ведаць месца і хаця б прыкладны час нараджэньня ды сьмерці продкаў, іх веравызнаньне, сацыяльны стан ці род заняткаў (шляхта, сяляне, мяшчане, купцы і г.д.).

Як сьведчаць менскія архіварыюсы, цікавасьць беларусаў да мікрагісторыі пачалася на самым пачатку 1990-х. Тады шмат каму было ўласьціва жаданьне давесьці сваё шляхецтва. Гэта часткова тлумачыцца тым, што носьбіты шляхецкіх прозьвішчаў спадзяваліся на аднаўленьне маёмасьці продкаў. Так зрабілі ў суседняй Прыбалтыцы. Аднак у Беларусі закон аб рэстытуцыі прыняты ня быў.

Тым ня менш шмат хто з носьбітаў прозьвішчаў з канчаткамі на “-скі “ ды “-іч” памыляўся, лічачы, што належыць да шляхецкага роду. Пасьля адмены прыгоннага права існавала практыка надаваць сялянам прозьвішчы іхных паноў.

Паводле кіраўніцы дзяржаўнай архіўнай службы Валянціны Ходзінай, сёньня беларусы шукаюць ня толькі продкаў — шляхцічаў, але і сялянаў, мяшчанаў.

“Зьвяртаюцца часта. Пішуць заявы. Людзям трэба ведаць канкрэтныя зьвесткі пра сваіх продкаў да 1917 году. Ёсьць два варыянты: або яны працуюць самастойна — мы іх толькі кансультуем, рэкамэндуем, якія фонды можна паглядзець — або мы ім робім радавод цалкам. Каштуе для грамадзянаў Беларусі — 230 тысяч рублёў аванс, максымальны кошт — да 1 мільёна 200 тысяч рублёў. Для грамадзянаў замежжа 330 тысяч — аванс. Максымальныя кошты — да 1,5 мільёна”.

Для параўнаньня —у Маскве падобныя паслугі каштуюць парадку дзесяці і болей тысяч даляраў.

Беларускі мастак Уладзімер Крукоўскі, спэцыяліст у галіне геральдыкі і аўтар надзвычай папулярнай рубрыкі “Беларускія прыватныя гербы” ў газэце “Звязда”, лічыць, што сёньня найбольш актыўна шукаюць свае карані замежныя беларусы. У мясцовых беларусаў, асабліва старэйшага веку, усё яшчэ жывое пачуцьцё страху — памяць пра стаўленьне савецкіх уладаў да гэтага пытаньня перадаецца тут з пакаленьня ў пакаленьне.

“Найбольшая колькасьць запытаньняў, як мне падаецца, ідзе з Расеі. Бо менавіта туды — у Сыбір, на Ўрал, на поўнач — пасьля паўстаньняў у 18-м — 19-м стагодзьдзях тысячамі, дзясяткамі тысяч вывозілі бунтоўную шляхту, а таксама і сялян, праўда, у значна меншай колькасьці. І вось іхныя нашчадкі, носьбіты прозьвішчаў гэтым вельмі цікавяцца. Хто прасьцейшы, таму гэта да лямпачкі, а хто больш адукаваны, пачынае шукаць свае карані, інтэнсіўна шукаць свой радавод”.

Зразумела, нашчадку шляхты знайсьці свае карані лягчэй, чым прадстаўнікам сялянскага ці мяшчанскага саслоўя, лічыць Уладзімер Крукоўскі.

“Шляхецкія матэрыялы, асабліва былой Менскай губэрні, захаваліся цудоўна. Масквічы, якія прыяжджаюць сюды, каб пакорпацца ў нашых архівах, дзівяцца, як нам усё гэта ўдалося. Прадстаўнікі іншых саслоўяў пры ўпартасьці таксама могуць ня быць Іванамі-бязродзічамі. Ёсьць, напрыклад, такі вядомы геральдыст — генэоляг Анатоль Цітоў. Ён выпусьціў шмат прыстойных кніг. Апошняя цягам месяца зьнікла з паліцаў кнігарняў. Чаму я згадаў Цітова: ён ня шляхціч паводле паходжаньня. Ягоныя продкі — мяшчане, яшчэ раней — сяляне. Тым ня менш ён упарта працаваў і выбудаваў свой радавод да канца 17 стагодзьдзя. Магу толькі сказаць: “ищите, да обрящете”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG