Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дыялёг, які прапанавала апазыцыі Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі, стартаваў. Адбылося першае паседжаньне грамадзка-кансультатыўнай рады, якую ачольвае кіраўнік Адміністрацыі Ўладзімер Макей. Удзел у ім шэрагу асобаў, раней вядомых сваімі альтэрнатыўнымі ўладам поглядамі на разьвіцьцё краіны, выклікаў неадназначную рэакцыю.

Літаральна за пару-тройку дзён да першага паседжаньня ўлада ўзмацніла свае пазыцыі. Склад кансультатыўнай рады павялічыўся з 20 да 30 чалавек. Раней выглядала, што у грамадзкім органе будзе захоўвацца пэўны парытэт. Але высьветлілася, што цяпер праўладных экспэртаў тут удвая больш за альтэрнатыўных ім.

Аднак сябра кансультатыўна-грамадзкай рады, кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заіку гэта не засмучае. Ён лічыць — моц ня ў колькасьці, а ў якасьці:

Леанід Заіка
“Мне падаецца, што Станіслаў Багданкевіч адразу пачаў кіраваць працэсам. Ніхто не падаўся. Шымаў (рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту) маўчаў. Сытуацыя цікавая, таму што з пункту гледжаньня драйву ёсьць пэўны прэцэдэнт. Я лічу, што ўсё гэта можа працаваць”. .

Прафэсар катэдры філязофіі і паліталёгіі Інстытуту правазнаўства Вячаслаў Оргіш таксама ўдзельнік грамадзка-кансультатыўнай рады. Ён лічыць, што сьпяшацца з высновамі пакуль рана:

“Я ў дадзенай сытуацыі хацеў бы ўзяць паўзу. Па-першае, сам працэс яшчэ недастаткова акрэсьлены. І таму рабіць высновы, якія б малявалі пэрспэктыву, відаць, не зусім мэтазгодна.

А па-другое, адзін той факт, што кіруючыя колы пайшлі на гэта, ёсьць сьведчаньнем таго, што ва ўладзе ўсё ж адбываюцца пэўныя зрухі. І гэта дае спадзяваньне, што ўрэшце рэшт у грамадзтве будзе дасягнуты пэўны кансэнсус. І ён дапаможа пераадолець тыя цяжкасьці, якія стаяць літаральна перад усім грамадзтвам“.

Экспэртаў, якія супрацоўнічаюць з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі, днямі запрасілі на паседжаньне прэзыдыюму Палітрады АДС. Адгукнуліся Станіслаў Багданкевіч, Аляксандар Патупа, Уладзімер Нісьцюк, Алег Гулак. Сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька расказвае, якая размова атрымалася на паседжаньні:

Анатоль Лябедзька
“Мы атрымалі больш познае ўяўленьне пра тое, што такое кансультатыўная рада. Тут пазыцыі сыходзяцца. Гэта не перамоўны працэс, а камунікацыйная пляцоўка зь незразумелай далей пэрспэктывай. А далей у сяброў прэзыдыюму ёсьць рознае стаўленьне да таго, як выкарыстоўваць мажлівасьці экспэртаў, якія інтэграваныя на гэтую пляцоўку.

Тут падыходы розныя. Адныя — за больш шырокае іхнае выкарыстаньне, іншыя — наагул супраць таго, каб іх выкарыстоўваць у любой іпастасі. Але ў прынцыпе ўсе пагаджаюцца, што такія сустрэчы патрэбныя і могуць быць карыснымі“.

Аналітык Сьвятлана Калінкіна кажа, што бакі пакуль толькі прыглядаюцца адзін да аднаго. Але ў яе выклікае непаразуменьне сам прынцып дзеяньня грамадзка-кансультатыўнай рады:

Сьвятлана Калінкіна
“Насамрэч пытаньні так проста не рашаюцца — сустрэліся, ня ведаючы ні парадку дня, ні тэмы абмеркаваньня, ні ўвогуле, што можа быць пасьля гэтага абмеркаваньня. Таму такі і вынік. На дадзены момант такія сустрэчы проста дэкарацыя.

Я думаю, што тым, хто ўваходзіць у гэтыя рады, трэба дамагацца, каб рада ўсё ж такі мела пэўныя паўнамоцтвы. І каб яе прапановы разглядаліся на сур’ёзным роўні. І каб гэта ня быў клюб па інтарэсах спадара Яўдачэнкі альбо спадара Макея, а каб гэта была дзейная структура“.

Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся ў Лідзе, 6 лютага выказаўся і наконт дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй. Ён сказаў, што апазыцыі не дадуць магчымасьці ператварыць паседжаньні кансультатыўнай рады ў прапаганду сваіх ідэяў. Спадар Лябедзька камэнтуе выказваньні кіраўніка дзяржавы так:

“Улада нешта прапануе, але сама да гэтага не заўсёды падрыхтаваная — псыхалягічна і палітычна. І яна адчувае дыскамфорт нават ад наяўнасьці структуры, дзе можа гучаць альтэрнатыўны пункт гледжаньня. Пазыцыя альтэрнатыўная яшчэ нават не прагучала, а Аляксандар Рыгоравіч ужо неяк ці то засумняваўся, што гэта патрэбна, ці што іншае. Але занэрваваўся ў любым выпадку”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч скэптычна ставіцца да высілкаў старэйшых таварышаў зь лягеру апазыцыі:

Зьміцер Дашкевіч
“І дагэтуль многія палітыкі, і ня толькі эўрапейскія, але, на жаль, і беларускія маюць пэўныя ілюзіі пра тое, што сытуацыя ў Беларусі можна зьмяніцца. Ад пачатку «Малады фронт» вельмі крытычна паставіўся да гэтак званага дыялёгу. Паводле нашага пераананьня, ён ня мусіць праходзіць у такім фармаце, у якім ён адбываецца”.
XS
SM
MD
LG