Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне праходзіць “Мастацтва супраць дыктатуры”


У Вашынгтоне ў штаб-кватэры Фонду Маршала адкрылася выстава беларускіх мастакоў “Мастацтва супраць дыктатуры” і прайшла дыскусія па сытуацыі ў Беларусі. Гэта сумесны праект шэрагу ініцыятыў беларускіх дыяспараў Эўропы і ЗША.

На выставе “Мастацтва супраць дыктатуры” дэманструюцца больш за 30 прац васьмёх беларускіх мастакоў і скульптараў розных пакаленьняў, а задумана яна як перасоўная экспазыцыя. Раней беларуская выстава экспанавалася ў эстонскім парлямэнце, далей плянуецца яе паказ у Амэрыцы, Канадзе, скандынаўскіх краінах.

У межах выставы адбылася дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі. У абмеркаваньні ўдзельнічалі першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц, беларускія мастакі Алесь Шатэрнік, Алесь Марачкін, каардынатар супольнасьці “Трэці шлях” Павал Марозаў, праваабаронцы Тацяна Процька і Ірына Красоўская, уладыка Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы біскуп Сьвятаслаў. Мадэратарам дыскусіі выступіў Павал Дземеш, кіраўнік беларускай праграмы German Marshall Fund.

Павал Марозаў: “Былі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, Кангрэсу ЗША, прадстаўнікі German Marshall Fund, NDI, іншых уплывовых фундацый, якія працуюць зь Беларусьсю. Аўдыторыя была вельмі прадстаўнічай”.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 13 дыпляматычных місій, акрэдытаваных у Вашынгтоне, сябры Рады БНР, маладыя беларусы ЗША і Канады.

Павал Марозаў: “Сама дыскусія была дастаткова кантравэрсійная. Мы абмяркоўвалі існуючую сытуацыю ў Беларусі, падыходы да Беларусі з боку Эўразьвязу, з боку Злучаных Штатаў — наколькі эфэктыўная можа быць палітыка дыялёгу з урадам беларускім, ці ёсьць іншыя альтэрнатывы, ці ня ёсьць так званая «лібэралізацыя» добрым малюнкам для Эўразьвязу, каб атрымаць нейкія эканамічныя прэфэрэнцыі, палітычную падтрымку ў цяжкіх умовах крызісу”.

Арганізатарамі выставы выступіла супольнасьць “Трэці шлях”, “Беларускі моладзевы рух Амэрыкі” і беларускі музэй у Нью-Ёрку пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID), German Marshall Fund of the United States, эстонскай няўрадавай арганізацыі “Valgevene Uus Tee” і фундацыі “Адкрытая Эстонія”, іншых партнэрскіх арганізацый.
XS
SM
MD
LG