Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы сусьветнага фінансавага крызісу ўсё больш адчувальныя для буйных прадпрыемстваў Менску. На шэрагу аб’ектаў скарочаны працоўны тыдзень, пачасьціліся затрымкі з выплатай заробкаў, цалкам ці часткова згорнутыя экспартныя пастаўкі, звальняюцца работнікі, якія сталі лішнімі.

СЛУХАЦЬ:


Першым пра трохдзённы графік працы абвясьціла кіраўніцтва Менскага аўтазаводу. Ад сакавіка гэтую эстафэту падхопіць Менскі завод колавых цягачоў. Чатырохдзёнка — на Менскім маторным заводзе і заводзе ацяпляльнага абсталяваньня. Практычна ўва ўсіх выпадках прадпрыемствы працуюць на склад, што вядзе да замарожваньня абаротных сродкаў. Гэта, у сваю чаргу, спрычынілася да складанасьцяў з выплатай заробкаў. Расказвае майстар цэху заводу па вырабе спэцыяльнай тэхнікі “Амкадор”:
Рахункі “Амкадору” ў банках арыштаваныя, што будзе з заробкамі — невядома ...

“Па заробку ўжо ідзе затрымка, авансу нам не заплацілі. І ў бліжэйшым часе не плянуецца зарплата ўвогуле. Рахункі “Амкадору” ў банках арыштаваныя, і што будзе з заробкамі — невядома. Увогуле наша тэхніка прадаецца пад заклад: банкі даюць крэдыты, а потым мы ўжо вяртаем іх пасьля продажу. А як у нас няма продажу, пакупнікі не бяруць, то банку няма чым вяртаць. Яны нам не даюць крэдыты, і з-за гэтага заробку пакуль не прадбачыцца”.

Карэспандэнт: “Але ж прадукцыя на прадпрыемстве вырабляецца?”

“З цэху прадукцыя выпускаецца — некаторыя віды. А некаторыя наўпрост кіруюцца на склад. Хіба толькі асобныя віды прадаюцца, а большасьць ідзе на склад. Склады забітыя цалкам”.

Не дае асаблівага плёну разрэклямаваны праект супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай. Як кажа суразмоўца, у мінулым годзе за акіян было адпраўлена тры дзясяткі спэцмашын, аднак цяпер і гэты сьціплы экспарт прыпынены.

Паводле Агенцтва дзелавых сувязяў, за 2008 год іншае стратэгічнае прадпрыемства — Менскі маторны завод — рэалізавала спажыўцам блізу 124 тысяч дызэльных рухавікоў, што крыху перавышае 90% да ўзроўню году папярэдняга. Па словах генэральнага дырэктара Мікалая Лобача, зьніжэньне продажу зьвязана найперш з уплывам сусьветнага крызісу — у апошнім квартале 2008 году ў Расеі, на якую перадусім завязанае прадпрыемства, рэзка скараціліся аб’ёмы вытворчасьці аўтамабільнай тэхнікі.

Паступова затаварваюцца склады вытворчага аб’яднаньня “Атлант”. І калі лядоўні яшчэ маюць адносна стабільны збыт у Расеі, то, прыкладам, пральныя машыны з канвэеру наўпрост вязуць на склад. Расказвае адзін з рабочых “Атланту”:
збываюцца прагнозы экспэртаў: 2009-ты будзе вельмі складаны для прамысловасьці ...

“Па пральных машынах склады затавараныя ў нашмат большай ступені. Як паказьнік — да нас на галаўную вытворчасьць з гэтага месяца, зь лютага, адправілі частку людзей з Шабаноў, дзе месьціцца завод пральных машын. Напачатку году крыху разгрузіцца дапамог ажыятаж на бытавую тэхніку, у прыватнасьці, на лядоўні. Тады людзі масава скуплялі нават “Гарызонты”, нашы “Атланты”, якія ў прынцыпе ніхто асабліва не набываў, куплялі толькі імпартную прадукцыю. А цяпер попыт спыніўся. Таму, мабыць, збываюцца прагнозы экспэртаў, якія прадказвалі, што 2009-ты будзе вельмі складаны для прамысловасьці”.

Доктар эканамічных навук Генадзь Лыч лічыць, што ўплыў крызісных фактараў узмацняе шчыльная эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Экспартны складнік прамысловага сэктару Беларусі на 80—90% залежыць ад расейскіх спажыўцоў, якія цяпер самі ў складаным становішчы:
самае страшнае, што можа быць для дзяржавы - страта эканамічнага сувэрэнітэту...

“Я ўжо ў многіх сваіх артыкулах пісаў: завязка на адну краіну, як у нашым выпадку, — гэта самае страшнае, што можа быць для дзяржавы. Гэта страта эканамічнага сувэрэнітэту, рэальнага. А за ім — і палітычны сувэрэнітэт пераўтвараецца ў фармальнасьць. Нам трэба было б дывэрсыфікаваць напрамкі супрацоўніцтва, але мы пра гэта толькі гаворым. На самой жа справе працуем толькі з Расеяй. Апошнім часам крыху Эўропа нібыта далучылася, але ж ня трэба было дагэтуль з Эўропай так сварыцца, каб страціць там практычна ўсе рынкі”.

Сусьветны крызіс закрануў і іншыя галіны гаспадараньня. Так, з падзеньнем аб’ёму перавозак пачало разглядацца пытаньне аб пераводзе на чатырохдзённы працоўны тыдзень некаторых катэгорый працаўнікоў Беларускай чыгункі. Абвешчана пра скарачэньне штату ў сетцы ўнівэрсамаў “Рублёўскі”. Гарадзкі малаказавод № 1 рыхтуецца да ліквідацыі і наступнага аб’яднаньня з ГМЗ № 3, у зьвязку з чым тут таксама пачаліся скарачэньні пэрсаналу. Лішнія людзі зьявіліся і ў страхавой кампаніі “Бролі”.
XS
SM
MD
LG