Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Разгон акцыі Маладога фронту да дня сьвятога Валянціна, удзел чыноўнікаў у “Мінскай лыжні-2009”, санкцыянаванае ўладамі вызваленьне забойцаў на Гомельшчыне, эканамічны крызіс у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.



У Менску спэцназаўцы гвалтоўна разагналі мірную акцыю, якую ладзіў “Малады фронт” да дня сьвятога Валянціна. Многія ўдзельнікі былі жорстка зьбітыя. Камэнтары слухачоў:

Ільля Копыл, Менск: “Тое, што адбылося на плошчы Якуба Коласа ў дзень сьвятога Валянціна, не паддаецца асэнсаваньню. Гэта сваволя ўлады. Улада вельмі слабая, таму яна вельмі агрэсіўная і небясьпечная. Яна трымаецца на амапаўскіх дубінках. Каму і як замінае моладзь, якая вырашыла неяк адзначыць сусьветнае сьвята — дзень сьвятога Валянціна? Царква падтрымлівае ўладу, улада — царкву. Калі гэта ня так, то царква павінна асудзіць дзеяньні ўлады”.

Спадарыня: “На 25 сакавіка мы абавязкова зь вёскі прыедзем у Менск на плошчу. Толькі хачу сказаць, што не павінны нас хапаць і засоўваць у машыны і на суткі. Мы прыедзем і скажам праўду, так, каб чуў Лукашэнка і чулі ўсе людзі”.

У дзень, калі ў Менску разганялі мірную акцыю моладзі, у Раўбічах адбылася “Мінская лыжня-2009”, у якой узялі ўдзел Аляксандар Лукашэнка і чыноўнікі розных узроўняў. Выказваньні на гэтую тэму:

Цімох Цыбулька:

“Паглядзеў я цырк зімовы,
лыжны цырк, ужо шматгадовы,
Як у Раўбічах ствараюць добрую карціну,
а наш бацька, як звычайна, вешае лакшыну”.

Спадар: “Паглядзеў сюжэт, як наш прэзыдэнт прымае ўдзел у “Менскай лыжні-2009” на дзень сьвятога Валянціна. Дзе ні паглядзіш — касьцюмы Adidas, Puma, і лыжы ўсе вядомай фірмы “Фішэр”. Каб так хацелі, каб куплялі беларускае, сталі б усе на лыжы “Целяханы” і апранулі б касьцюмы ад фірмы “Сьвітанак”.

У наступным тэлефанаваньні — камэнтар да ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі вызваліць з турмы жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія падазраюцца ў забойстве аднавяскоўца, абвінавачанага ў падпалах.

Спадар: “Гэта наўпроставае парушэньне Канстытуцыі, і гэта ня першы раз. Гадоў 10 таму Лукашэнка таксама вызваліў з-пад арышту Паўлічэнку. Ён быў арыштаваны КДБ на санкцыю Генэральнага пракурора па падазрэньні ў забойстве генэрала Захаранкі”.

Слухачы таксама працягваюць камэнтаваць паседжаньне Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта з удзелам прадстаўнікоў незалежных структур:

Станіслаў, Івацэвічы: “Зь людзьмі, якіх падазраюць у цяжкіх злачынствах, ніякіх дыялёгаў быць не павінна. Гэта амаральна”.

Спадарыня: “Гэтыя спадары надта шмат сядзелі ў акопах — 15 год, і лепшага прызначэньня, як стаць падушкай для Лукашэнкі, не знайшлі. Так што, спадар Патупа, ня трэба быць надта высокай думкі пра сябе”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэму эканамічнага крызісу:

Спадарыня: “Я — адзінокая пэнсіянэрка і павінна сваё існаваньне ў двухпакаёўцы аплачваць у памеры, вышэйшым за сярэднестатыстычны ў краіне. І ў адпаведнасьці коштам у Літве, якую гэтак не вітае нашая дзяржава”.

Спадар: “Хто вінаваты ў крызісе? Вінаватыя мазгі: робім саюзы ды розныя вайсковыя блёкі”.

Спадар:

“Шмат гаворкі пра саюзную дзяржаву.
Адукаваны чалавек ведае зьяву
Аб тым, што Расея жыве “на халяву”:
Прадае свае нетры,
А грошай не беражэ, пускае на паветра”.

Спадар: “Карані крызісу могуць быць ня ў ЗША, а ў Расеі. А менавіта — у шырокай расейскай душы, сквапнай і крывадушнай. Як забіраць чужую зямлю і забіваць людзей галадаморам — дык мы браты. А як газам падзяліцца — дык гані манэту спачатку”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG