Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічыцца, што Горадня была ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII стагодзьдзі сталіцай каханьня. Пра гэта, а таксама пра каралеўскія балі і ўзаемаадносіны паміж мужчынамі і жанчынамі ў той час расказала гарадзенскай моладзі гісторык Натальля Сьліж. Сёньня ўвечары яна была запрошаная ў Таварыства беларускай школы з нагоды Дня закаханых.

Карэспандэнт: “Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі меў, апроч Новага замку, яшчэ тры рэзыдэнцыі ў Горадні: Панямунь на Нёмане, Станіславова і Аўгустовак. Сярод гарадзенцаў распаўсюджана меркаваньне, што быццам бы кожны гэты палац быў пабудаваны для асобнай каханкі. Дык колькі ж каханак было ў караля ў Горадні?”

Сьліж: “Я магу сказаць, што Горадня была знакамітая балямі і каханка ў яго тут была не адна, вядома. Але размова будзе пра францужанку Люлі, васямнаццацігадовую, якая вельмі добра карысталася сваёй маладосьцю, прыгажосьцю і таму выклікала тут крайне нэгатыўную рэакцыю. Ну а, вядома, сьпіс яго донжуанскі вельмі вялікі”.

Карэспандэнт: “Калі мы чытаем пра караля Станіслава Аўгуста, ніколі не гаворыцца пра каралеву. Ці быў ён жанаты?”

Сьліж: “Ён ня быў жанаты, яму было забаронена жаніцца. Была прынятая пастанова на адным з соймаў, і атрымалася, што чалавек малады, тэмпэрамэнтны, калі ня мае жонкі, то тады — каханкі”.

Карэспандэнт: “А прычына была названая соймам палітычная, напэўна?”

Сьліж: “Я так думаю, што, напэўна, гэта было зьвязана з эпохай. Што такое шлюб? Шлюб — гэта нашчадкі, магчымасьць перадаць уладу ў спадчыну. Але я больш займаюся прыватнымі яго справамі”.

Карэспандэнт: “Арганізатары падавалі вас, я даслоўна цытую, як знаўцу сэксу, шлюбу і пазашлюбных адносінаў ў XVIII стагодзьдзі, у прыватнасьці ў Горадні. Што вы пра гэта сапраўды ведаеце?”

Сьліж: “Скажам так, рэклямная акцыя адбылася пасьпяхова. Мая тэма — гісторыя сям’і, а калі займаесься сям’ёю, то шмат усплывае скандалаў, праблемаў, нюансаў, зьвязаных і з пазашлюбнымі адносінамі, з каханкамі, якіх мужчыны заводзілі ці жанчыны, здараліся нават судовыя працэсы. Таму ўсё гэта і сэксуальныя адносіны таксама трапляюць у поле зроку”.

Карэспандэнт: “Адам Мальдзіс сваім часам у кнізе «Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры XVIII стагодзьдзя» пісаў, што ў Горадні на балях усё выглядала часам вельмі фрывольна, вельмі вялікія дэкальтэ ў дамаў… Напраўду вельмі фрывольнае жыцьцё было тады?”

Сьліж: “Гэта было Асьветніцтва, эпоха, якая спрыяла такім паводзінам, бо Асьветніцтва — гэта розум, адыход ад рэлігіі. Вельмі вялікая колькасьць эмігрантаў з Францыі спрыяла гэтаму. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі любіў францускую культуру, спрыяў распаўсюджваньню Вальтэра і Русо. Гэта была эпоха, калі можна было так паводзіць, у той час гэта ўхвалялася. Зьмянілася эпоха, і ўсё стала па-іншаму”.

Карэспандэнт: “Калі параўнаць зь сёньняшнім часам: калі было больш фрывольнае жыцьцё ў Горадні — у гады апошняга караля ці сёньня?”

Сьліж: “Напэўна, у пэўных момантах яны дзесьці фору і нам дадуць, бо ўмелі гэта рабіць густоўна, вельмі цікава, з інтрыгамі, і таму, можа быць, нам ёсьць у чым павучыцца ў тагачасных гарадзенцаў. Гісторыя ў гэтым сэнсе заўсёды цікавая”.



Натальля Сьліж абараніла кандыдацкую дысэртацыю ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, тэма дысэртацыі — “Шляхецкая сям’я ў ВКЛ”. Сёньня Натальля Сьліж выкладае ў гарадзенскай філіі Беларускага інстытуту правазнаўства ангельскую мову, а ў ЭГУ ў Вільні — гендэрную гісторыю Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG