Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор твораў Быкава — на кніжнай выставе ў Менску


Сёньня на Міжнароднай кніжнай выставе ў Менску прэзэнтавалі 7 і 8 тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава. Імпрэза адбылася ў малой канфэрэнц-залі каля стэндаў выдавецтваў Расейскай Фэдэрацыі. Адно зь іх — маскоўскае выдавецтва “Время” — з 2005 году ажыцьцяўляе 14-томавае выданьне твораў Васіля Быкава па-беларуску.

Сёмы том клясыка айчыннае літаратуры ўвабраў усе ягоныя апавяданьні, напісаныя ад 1949 да 1972 году. Восьмы том склала мэмуарыстыка народнага пісьменьніка — “Доўгая дарога дадому”, “Парадоксы жыцьця” і “Пункціры жыцьця”.

Гэтыя тамы поўнага збору твораў Васіля Быкава, як і папярэднія, прыехалі ў Беларусь зь расейскага Екацерынбургу, дзе іх выпускае друкарня “Ўральскі рабочы”. На прэзэнтацыю сёньня трапіла толькі некалькі асобнікаў выданьня, бо за два папярэднія дні працы выставы прывезеная частка накладу цалкам разышлася.

Чаму поўны збор твораў на мове арыгіналу выдаецца ў Расеі, спыталіся журналісты ў дырэктара выдавецтва “Время” Барыса Пастарнака. І вось што ён адказаў:

“Гэта першы аб’ёмны сапраўдны Быкаў, і, вядома, яго трэба спачатку выдаць на роднай мове, а потым ужо па-расейску. І, дарэчы, у нас ёсьць праект выданьня ўсяго Быкава па-расейску, і мы абяцаем, што ён выйдзе пасьля завяршэньня гэтага выданьня, а магчыма, мы пачнём яго і раней”.

Алесь Пашкевіч
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, які зьяўляецца кіраўніком групы складальнікаў выданьня, дадаў, што пытаньне гэтае трэба адрасаваць дзяржаўным выдавецтвам Беларусі і найперш “Мастацкай літаратуры”, якое дэкляравала выдаць поўны збор твораў Васіля Быкава яшчэ пры жыцьці аўтара, але так і ня выканала абяцаньня. Пасьля гэтага выданьне Быкава ў Расеі ініцыяваў былы кандыдат на прэзыдэнта краіны Аляксандар Казулін. Поўны збор твораў народнага пісьменьніка меркавалася перадаць бібліятэкам Беларусі, аднак дзяржаўныя чыноўнікі адмовіліся прыняць дар. І тады выдадзеныя шэсьць тамоў сталі развозіць па бібліятэках прыватным чынам.

Сёньня на прэзэнтацыі чарговых 7 і 8 тамоў Аляксандар Казулін сказаў:

Аляксандар Казулін
“Нам вельмі прыемна, што творы Васіля Быкава пачынаюць распаўсюджвацца на нашай беларускай зямлі. Але нам вельмі хацелася б, каб творы беларускіх пісьменьнікаў зноў зьявіліся ў навучальных установах, у школьных праграмах. Мы прапануем, як і прапаноўвалі раней, Міністэрству адукацыі і Міністэрству культуры, каб яны прынялі ў дар тыя кнігі, што ў нас ёсьць, для бібліятэк краіны. Каб мы іх не развозілі самі, а каб гэта было зроблена афіцыйна. Калі ўлады гэта прымуць, то гэта будзе вельмі добры крок насустрач. Таму наша прапанова гучыць афіцыйна да міністэрстваў адукацыі і культуры, а таксама да Міністэрства інфармацыі як арганізатара гэтай выставы”.
XS
SM
MD
LG